Школа стала делом жизни для заместителя директора Бегомльской СШ им. С.С. Манковича

img_4988

За больш чым чатыры дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці яна пераадолела практычна ўсе, як бы сказалі зараз, кар’ерныя прыступкі. Пачынала са старшай піянерважатай, працавала выхавацелем у групе падоўжанага дня, паспрабавала сябе ў якасці настаўніка-дэфектолага, выпусціла літаральна з-пад мацярынскага крыла класнага кіраўніка некалькі соцень юных бегамальчан. І некалькі гадоў таму ў першы раз, і сёлета, калі ўзнікла такая неабходнасць, у другі згадзілася на досыць складаную пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, бо Ала Міхайлаўна з той катэгорыі людзей, якія, калі трэба, не баяцца ўзяць на сябе цяжар дадатковай адказнасці. Толькі на гэтым шляху яна ніколі не здраджвала сваім любімым прадметам – беларускай мове і літаратуры, якія выкладае ўзорна. Прозвішчы яе алімпіяднікаў гучалі на абласным і рэспубліканскім узроўнях і ў 90-х, і ў 2000-х. З 18 мінулагодніх выпускнікоў школы, у якіх Ала Міхайлаўна выкладала прадмет, 14 выбралі яго для здачы цэнтралізаванага экзамену. З пяці стабальнікаў школ раёна дзве выпускніцы – вучаніцы Алы Міхайлаўны.

На ўрачыстасці ў ККЗ “Іскра” з нагоды прафесійнага свята намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С. Манковіча Ала Міхайлаўна Сушко была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама.

Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі пра яе шлях у настаўніцтва, сакрэты моцнага вучнёўска-настаўніцкага тандэма, тэсты як форму ацэнкі ведаў і цяжкасці выбару прафесіі.

– Ала Міхайлаўна, чаму школа стала для вас справай жыцця?

– Не буду арыгінальнай, калі прызнаюся, што я вельмі любіла літаратуру. Дакладней, абедзве: і рускую, і беларускую. Чытанне – лепшы адпачынак і зараз, было б яшчэ дастаткова часу. Шмат залежыць і ад таго, хто выкладае прадмет. Мне ў жыцці на настаўнікаў пашчасціла. З вялікай павагай прыгадваю Пятра Дзянісавіча Бобрыка, глыбокадасведчанага, сціплага чалавека, які працаваў у Вітуніцкай васьмігодцы, дзе я вучылася. Калі паўстаў выбар, дзе атрымліваць сярэднюю адукацыю, у Бярозках ці Докшыцах, бацькі мяне адправілі да цёткі ў райцэнтр. І там прыкладам для мяне сталі Надзея Мартынаўна Лупіновіч і Фаіна Андрэеўна Юнцэвіч. З Фаінай Андрэеўнай падтрымліваем цёплыя сувязі да сённяшняга, а таму, карыстаючыся выпадкам, хачу, як былая вучаніца і калега, павіншаваць гэту мудрую, высокакваліфікаваную, апантаную беларускай мовай настаўніцу з прафесійным святам і падзякаваць за ўсё тое добрае і светлае, чым яна напаўняла нас – сваіх вучняў.

– Напэўна, пасля школы быў адразу філфак?

– Гэта ў ідэальным свеце. А жыццё – рэч непрадказальная. Першы год такі жаданы факультэт мне не скарыўся. Але гэта не стала падставай адступіць ад мэты. У 1981 годзе ўладкавалася на працу ў Бягомльскую сярэднюю школу піянерважатай і паралельна пачала яшчэ больш настойліва рыхтавацца, што дало свой вынік. Ужо на наступны год была залічана на факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры БДУ імя Леніна. І тут дазвольце зрабіць адступленне. Калі ў мяне пытаюцца, ці шмат вучняў таксама абралі філфак, адказваю, што яны ёсць практычна ў кожным выпуску. Але я ніколі не нацэльваю на гэта дзяцей. Веданне мовы і літаратуры – тое, з чым ім будзе лягчэй крочыць па жыцці. Калі дзеці ўсвядомяць гэта, ім сапраўды будзе нашмат менш няёмка ў розных побытавых сітуацыях. Пачынаючы ад запаўнення папер і заканчваючы вуснымі стасункамі. Памятаю, як выдатна выглядалі на экзамене па літаратуры (у пачатку 2000-х ён быў абавязковы) нашы хлопцы з класа фізіка-матэматычнага профілю, калі, насуперак стэрэатыпу пра дзяленне на фізікаў і лірыкаў, чыталі на памяць вершы ці ўпэўнена адказвалі на пытанні членаў камісіі. Думаю, што ўменне будаваць вусны адказ дапамагло ім у тэхнічных ВНУ, куды большасць паступіла.

– У такім разе, якое ваша стаўленне да тэсціравання?

– Скажу ўпэўнена, з улікам усяго папярэдняга настаўніцкага вопыту, – станоўчае. Тэставае заданне зраўняла шанцы дзяцей на ўступных іспытах, дзе часам вялікую ролю адыгрываў так званы чалавечы фактар. А калі чую меркаванне, што быццам бы тэст можна здаць без ведаў, заўжды спрачаюся. Без ведаў добра здаць тэст немагчыма. Яшчэ можна дапусціць, што вучань патрапіць у патрэбны варыянт і набярэ 20-30 балаў. Больш – не. Я разумею вучняў. Падлеткавы ўзрост, выбар прафесіі. Дзеці слухаюць бацькоў, настаўнікаў, займаюцца дадаткова па інтарэсах. Профільныя прадметы на кожнай спецыяльнасці досыць складаныя. Не ўсе здольны, набраць 90–100 балаў па фізіцы ці хіміі, а вось падцягнуць мову і за кошт яе павысіць шанц стаць студэнтам пад сілу практычна кожнаму. І задача нас, настаўнікаў-філолагаў, – нацэліць на гэта вучняў. Вельмі хочацца, каб мая беларуская мова дапамагла ім паступіць.

…З Алай Міхайлаўнай гаварылі яшчэ пра многае. Спецыяліст яна вельмі вопытны, чалавек прамалінейны і смелы. Але ў кожным адказе раз за разам адчуваецца клапатлівая пазіцыя таго сапраўднага класнага кіраўніка, які любіць і разумее дзяцей. Памятае не толькі поспехі і складанасці, з якімі спраўляліся разам, але і дні нараджэнняў, асаблівасці характараў, цікавіцца тым, як складваецца іх далейшае жыццё. Дарэчы, былыя ўжо вучні адказваюць узаемнасцю: на сёлетнім вечары сустрэчы школьных сяброў яе выпуск 25-гадовай даўнасці быў адным з самых шматлюдных, сяброўскіх і шчырых.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *