Беларусь стала второй родиной для Елены Туловской из Докшиц

dscn4207

Для яе Беларусь стала другой радзімай. Яна паспяхова сумяшчае ў сабе дзелавую жанчыну і захавальніцу дамашняга ачага, якому прысуджана званне дома ўзорнага парадку. Яна яркая і артыстычная, валявая і рашучая і разам з тым мяккая і сентыментальная. Яна – гэта начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якая за сваю дзейнасць узнагароджана граматай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Алена Тулоўская.

– Мяркую, у размове нашай няма патрэбы вынаходзіць веласіпед, а таму традыцыйна пачнём з вытокаў, з дзяцінства. Якім яно ў Вас было?

– Нарадзілася і вырасла я ва Украіне, у горадзе Днепрапятроўску, які зараз называецца Днепр. Мой тата Аляксей Машталяр – украінец, а мама Валянціна Пахомчык – беларуска, родам з Докшыцкага раёна. Таму, скажам так, палова маіх каранёў тут, ды і ўласнае жыццё па волі лёсу сталася звязаным з Беларуссю, цяпер ужо назаўжды, аб чым ніколечкі не шкадую.

Калі ахарактарызаваць маё дзяцінства адным словам, то найбольш трапным эпітэтам будзе “яркае”. Дзяўчынкай я была вельмі жвавай, актыўнай, сябравала з хлопчыкамі, і пра нейкія там лялькі, гульні ў “дочкі-мамы” размовы не ішло – толькі экстрым гарадскіх вуліц і двароў з іх “вайнушкамі”, гонкамі на веліках, спартыўнымі спаборніцтвамі і разведчыцкай дзейнасцю. Каб змірыць крыху маю прыткасць, у трэцім класе бацькі запісалі мяне ў танцавальны калектыў пры Доме піянераў. І не памыліліся! Танцам я аддалася і душой, і целам – гэта была мая стыхія. Забягаючы наперад, скажу, што захапленне засталося, жыве ўва мне і зараз: не прапушчу ніводнага зручнага выпадку, каб не патанцаваць самой ці не паставіць групавы танец для якога-небудзь конкурсу ці ўрачыстасці (напрыклад, Алена Аляксееўна ў раённым конкурсе “Лэдзі-бос” перамагла ў намінацыі “Лэдзі-творчасць” менавіта са сваім танцам – Аўт.). Наш калектыў танцаваў эстрадныя сюжэтныя танцы з элементамі пантамімы. Аб’ехалі ў рамках разнастайных фестываляў шмат гарадоў СССР. Першая мая паездка была ў Кішынёў – там мы заваявалі прыз глядацкіх сімпатый. Шмат уражанняў засталося пасля наведвання “Артэка”. А як цудоўна адзначаліся мае дні нараджэння! Мама з татам дазвалялі запрасіць на іх увесь танцавальны калектыў разам з выкладчыкамі.

Я і будучыню сваю бачыла звязанай з творчасцю, са сцэнай – хацела паступаць у інстытут культуры. Але ў нашым прамысловым Днепрапятроўску такога не было, бліжэйшы – у Харкаве, за 600 кіламетраў. Бацькі не пусцілі мяне: маўляў, як ты будзеш там, удалечыні, адна, без падтрымкі і парады. А праз некалькі гадоў замуж у другую краіну, ужо за 1100 кіламетраў, адпусціць чамусьці не пабаяліся (смяецца).

– Раскажыце крыху пра сваю сям’ю, у якой выраслі.

– Мае мама з татам, Валянціна Гіляраўна і Аляксей Емяльянавіч, былі для нас з малодшай сястрой Аксанай прыкладам ва ўсім: ва ўзаемаадносінах мужа і жонкі, любові да выбранай прафесіі і адданасці ёй, рашэнні бытавых пытанняў, уменні сябраваць, павазе да старэйшых. Мама ўсё жыццё адпрацавала інжынерам-тэхнолагам на машынабудаўнічым заводзе, тата, інжынер чыгуначнага транспарту, займаў пасаду галоўнага энергетыка Днепрапятроўскага абласнога дарожнага ўпраўлення. Ён, як і мама, вельмі любіў нас, дзяцей, клапаціўся пра нас, радаваўся нашым поспехам, але разам з тым быў вельмі строгім і патрабавальным. Мы былі выхаваны так, што пайсці ў чымсьці супраць волі бацькоў – гэта немагчыма ад слова “зусім”. І я думаю, калі б яны на просьбу майго будучага мужа блаславіць наш шлюб сказалі “не”, я не пасмела б аслухацца, хоць і кахала Сашу. І ў жыцці для мяне назаўжды засталася важнай бацькоўская ацэнка маіх учынкаў, рашэнняў, спраў, іх парады. На вялікі жаль, мамачка пайшла з жыцця чатыры гады таму. Але я спакойная за тату: там, у Дняпры, з ім побач Аксана з сям’ёй. Ды і я з мужам і дзецьмі, як толькі надаралася магчымасць, туды ляцела.

16-09-31

– Ваш шлях да сённяшняй работы і пасады быў даволі доўгім. Ці ёсць шкадаванне аб тым, што не збылося, ці адчуваеце сябе зараз на сваім месцы?

– Шкадавання, як ні дзіўна, чамусьці не было, хаця дыплом інжынера-хіміка-тэхнолага я атрымала, што ўжо там казаць, не для сябе, а для бацькоў, якія бачылі ўва мне свой працяг. Дыплом нялёгка мне даўся (тры гады адвучылася на стацыянары, а яшчэ тры – на завочным, ужо замужам, маючы маленькіх дзяцей і жывучы ў Беларусі, ездзячы на сесіі ў Днепрапятроўск) і зусім не спатрэбіўся, бо па спецыяльнасці не давялося працаваць ні дня. Пасяліліся з мужам у Бераснёўцы, і падазраю, мне давялося б звязаць свой лёс з сельгаспрадпрыемствам, калі б у мясцовай школе не з’явілася вакансія загадчыка гаспадаркі. Гэтай справе я прысвяціла 10 гадоў жыцця. Прапанову ўладкавацца інжынерам па ахове працы ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прыняла ахвотна: хацелася ўжо чагосьці новага, іншага роду дзейнасці. Так вось і “дарасла” да начальніка ўпраўлення – на гэтай пасадзе з 2012 года.

Ці маё гэта месца? Думаю, што так. Работа мне падабаецца, таму што я ў пастаянным кантакце з людзьмі, і таму, што маю магчымасць дапамагчы тым, хто, кажучы вобразна, беспаспяхова стукаўся ва ўсе дзверы. Дзякуюць за вырашэнне складанага пытання, бывае, са слязамі на вачах – у такія моманты адчуваю сябе вельмі шчаслівай. Былі настолькі цяжкія сітуацыі, што, каб дапамагчы чалавеку, прыходзілася затрачваць не адзін тыдзень, падключаць усе магчымыя і немагчымыя сувязі, настойлівасць, псіхалагічныя здольнасці, уменне пераконваць. Напрыклад, каб дапамагчы аднаму пенсіянеру, у мінулым расіяніну, давялося выходзіць на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Расіі, расійскія банкі. Не адразу там мяне “пачулі”, месяц змагалася, і ў выніку пытанне вырашылася станоўча.

Увогуле, мае жыццёвае крэда – ісці да канца. Як гаворыцца, падумай перш чым рашыцца, а рашыўшыся – не раздумвай. Не люблю незавершаных спраў, лічу недастойным сходзіць з дыстанцыі на палове шляху. Не ўпэўнены, што зробіш, – не абяцай. Паабяцаў – на блін распляскайся, у нітку выцягніся, але зрабі. Гэтае перакананне дапамагае мне ў рабоце і ў быце. Памятаю, як праз год майго сямейнага жыцця свякроў прывяла мне з Заляддзя карову, сказала: “Цяпер, дачушка, гэта твая скацінка. Будзеш гадаваць?” Буду, сказала я, гараджанка, і напачатку даіла яе з дапамогай мужа больш за гадзіну, але не здалася: не багі гаршчкі лепяць. А тата гаворыць: няма слоў “не ўмею” – ёсць словы “не хачу”.

– Алена Аляксееўна, ведаю, што Вы год таму заняліся стварэннем радаводу Вашай сям’і. Справа рухаецца?

– Да маёй радасці, кніга выйшла з друку! На гэта выдаткавалася нямала сіл і сродкаў, але ж вынік таго варты. Па маім замысле, радавая кніга зроблена на своеасаблівых вінтах, што дазваляе “разбіраць” яе, калі будуць знаходзіцца дадатковыя звесткі ці калі род будзе галінавацца далей, і дадаваць новыя лісты. Зараз у кнізе занатаваны звесткі пра прадстаўнікоў шасці пакаленняў роду Тулоўскіх-Машталяраў. Вельмі старалася, каб тыя запісы не былі сухімі, афіцыйнымі, каб жылі ў іх любоў, павага да родных людзей, гонар за іх, старалася згадаць розныя цікавыя факты з іх жыцця, адметныя падзеі, распавесці пра іх звычкі, схільнасці, захапленні, памясціць самыя яркія фотаздымкі, унікальныя дакументы. Буду далей працаваць над сваім “дзіцем”, пакуль не перадам эстафету ўнукам ці нават праўнукам.

– Як Вам жывецца ў разлуцы з родным Дняпром?

– Спачатку, вядома, была страшэнная настальгія – да болю ў грудзях, да слёз. Прыязджала дадому і, здавалася, надыхацца не магла радзімай. А зараз ужо
разумею, што “ўрасла” ў гэту зямлю, дзе прайшла ўжо большая частка майго жыцця, дзе шчырыя і добразычлівыя людзі, прыгожая прырода, дзе нарадзіліся і выраслі мае любімыя сыночкі, з’явіўся на свет мой сонечны праменьчык – унучак Цімурчык, дзе мой утульны дом, мой каханы муж. Усё ўжо тут маё, блізкае і дарагое…

– Дарэчы, а якім чынам атрымалася знайсці мужа-беларуса?

– Лёгка. Мы знаёмыя з дзяцінства: я ж прыязджала на летнія канікулы да бабулі ў Бераснёўку, і там мы ў кампаніі іншых дзяцей праводзілі шмат часу. Пачуццё стала зараджацца, калі мне споўнілася шаснаццаць. Цікавы момант: дом у Бераснёўцы мы праз гады пабудавалі якраз на тым месцы, дзе падлеткамі ўпалі з веласіпеда – Саша вёз мяне на раме. Чамусьці вельмі гэта запомнілася… Наш раман доўжыўся шэсць гадоў і вытрымаў выпрабаванне разлукай: я вучылася ў Днепрапятроўску, Саша – у Мінску. Прылятаў да мяне на самалёце, стараўся падзарабіць, бо шмат грошай траціў на міжгароднія перагаворы. Мне было і ёсць з ім лёгка, надзейна, хораша. Ды хіба можа быць інакш? Кажуць, калі не любіш чалавека, то не захапляюць ніякія яго вартасці, а калі любіш, то не заўважаеш недахопаў. Гэта, думаю, якраз наш выпадак. Мой муж, несумненна, галава сям’і, хоць усе пытанні і вырашаем агульна. Хаця… некаторыя свае рашэнні ён падае так, што альтэрнатывы ніякай і не прад’явіш (смяецца).

Ва ўсёй маёй сям’і матэматычны склад розуму. Муж па спецыяльнасці інжынер-механік, працаваў у сельскай гаспадарцы, у тым ліку на кіруючых пасадах, мае ўзнагароду “Зорка Славы. Эканоміка Беларусі”. Зараз індывідуальны прадпрымальнік, займаецца грузаперавозкамі. Старэйшы сын Аляксей – інжынер-канструктар, малодшы, Дзмітрый, – інжынер-праграміст, у цяперашні час абодва працуюць у прыватных кампаніях. Яны – мой гонар, мая любоў, маё вялікае мацярынскае шчасце. Займела дачушку ў асобе нявесткі і, як ужо гаварыла раней, унука.

– Вы, несумненна, асоба шматгранная. А найбольшыя Вашы захапленні – гэта…

– Спяваць люблю, асабліва народныя песні. У самадзейнасці прымала ўдзел многія гады, ці гэта спевы і танцы ці тэатральныя пастаноўкі. Шыю з задавальненнем, вяжу, прыбіраюся ў доме і вакол, саджаю кветкі. А яшчэ гатую – шмат, з вялікай ахвотай і, кажуць, смачна. Укінуць у каструлю костачку, нашаткаваць капусты, бульбы і пасаліць – гэта ніжэй за мой гонар. Над баршчом, пірагом, іншымі стравамі чарую паўдня, памятаю: мы ёсць тое, што мы ядзім.

– Дзе на ўсё знаходзіце час?

– Канапа ні ў якім разе не мая сяброўка. Я няспынна рухаюся і раблю адначасова па некалькі спраў. Мусіць, маю такі ўнутраны маторчык. Ён дазваляе мне ўспрымаць жыццё ў поўнай меры і не пакідае ніводнага шансу на рознага роду хандру і дэпрэсіі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *