Веретеи, Толщи, Чупры: над бездной коричневой чумы
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Верацеі Бягомльскага сельсавета здарылася страшная трагедыя. Са слоў былога мясцовага жыхара Пятра Іванавіча Шылы вядома, што ў 1943 годзе, у час першай блакады, немцы арганізавалі ў вёсцы аблаву. Нягледзячы на тое, што жыхары схаваліся ў лесе, немцам удалося схапіць многіх з іх. Ахвяр пагналі на сенавал Аляксея Курныша і падпалілі. А 20 чэрвеня 1944 года жыхароў вёсак Чупры, Таўшчы, Верацеі, смалакурнага завода “Смалакурня” (усяго 60 чалавек) спалілі жывымі ў Верацеях.
З пратакола допыту жыхара вёскі Верацеі Бягомльскага раёна А.С. Камінскага, які змог выратавацца:
ПЫТАННЕ. Дзе вы знаходзіліся ў гады вайны?
АДКАЗ. Пражываў з сям’ёй па месцы нараджэння і займаўся сельскай гаспадаркай.
ПЫТАННЕ. Вёска спальвалася ў гады вайны?
АДКАЗ. Так, падчас нямецка-фашысцкай акупацыі яна была цалкам спалена ў канцы мая 1943 года.
ПЫТАННЕ. Раскажыце падрабязна, пры якіх абставінах.
АДКАЗ. Вёска мела 56 двароў і знаходзілася за адзін кіламетр на паўночны захад ад дарогі Плешчаніцы – Бягомль. Размяшчалася на ўзвышаным месцы ў выглядзе літары “г”. Вакол быў змешаны лес. З паўночнага боку – невялікая рачулка Камяніца. У пачатку вайны нямецка-фашысцкія войскі праходзілі праз Верацеі, але пастаянна ў вёсцы не стаялі. Нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонаў не было. У 1942 годзе ў нашай мясцовасці з’явіліся партызанскія атрады, але ўвесь час у Верацеях не знаходзіліся.
Падсудны: Падчас бярэзінскай аперацыі мы спальвалі вёску Таўшчы. Нас, паліцаяў, было 27 і 3 немцы…
Суддзя: Што ж вам замінала спаліць замест сваіх людзей немцаў? Іх жа ўсяго было тры!
Падсудны: Проста баяліся, не было штуршка.
У канцы мая 1943 года партызаны з атрада № 2 брыгады “Жалязняк” папярэдзілі, што немцы пачалі блакіраваць раён і жыхарам неабходна ўцякаць у лес. Пасля гэтага ўсе, у тым ліку і я з сям’ёй, пайшлі ў казённы лес на поўнач ад вёскі. Людзі забіралі з сабой жывёлу і хто што мог з маёмасці. На месцы засталіся толькі хворы стары Шустоўскі Дзяніс, Курнаш Ганна і Ляўданская Забела.
На наступны дзень, знаходзячыся ў лесе прыкладна за паўтара кіламетра, я ўбачыў з боку Верацеяў густы дым. У гэты ж дзень ці на наступны пачуў страляніну. Па лесе ланцугом ішлі карнікі, апранутыя ў нямецкую форму цёмна-зялёнага колеру. З ланцуга даносілася руская мова. Некаторых я бачыў на адлегласці прыкладна пяцьдзясят метраў і ў такіх выпадках уцякаў. Нікога з іх не ведаў. Хаваючыся ў лесе, сустракаў трупы забітых аднавяскоўцаў. У адным месцы знайшоў забітымі каля дзесяці дзяўчат.
У лесе быў прыкладна тыдзень, а потым вярнуўся дамоў. Усе пабудовы ў вёсцы згарэлі, у тым ліку і мой дом. Даведаўся, што спалілі жыўцом разам з хатай Шустоўскага Дзяніса і забілі дзвюх жанчын. Тады ж стала вядома, што ў вёсцы Таўшчы, якая размешчана прыкладна ў адным кіламетры на захад ад нас, карнікі спалілі ў драўляным хляве, які належаў Міхаілу Ковелю, злоўленых у лесе жыхароў вёскі Верацеі – прыкладна сорак чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей. Акрамя таго, карнікамі было знішчана ў лесе больш за дзесяць чалавек. Астанкі спаленых, трупы забітых людзі пахавалі на верацейскіх могілках.
ПЫТАННЕ. Ці выратаваўся хто з вашых аднавяскоўцаў, якіх карнікі палілі ў хляве ў в. Таўшчы?
АДКАЗ. Удалося выйсці з палаючага хлява Садко Івану, але тыдні праз тры пасля гэтага ён памёр ад апёкаў.
ПЫТАННЕ. Ці былі знішчаны падчас блакады мясцовасці іншыя вёскі?
АДКАЗ. Былі спалены Таўшчы і Чупры.
ПЫТАННЕ. Адкуль і якім чынам рухаліся карнікі, якія ўчынілі расправу?
АДКАЗ. Чуў, што яны прыйшлі пешшу з боку вёсак Пушча і Кромавічы.
ПЫТАННЕ. У якім кірунку рухаліся карнікі ад Верацеяў?
АДКАЗ. Знаходзячыся ў лесе, па стрэлах вызначыў, што ланцуг карнікаў рухаўся ад вёскі і прылеглага лесу ў бок дарогі Плешчаніцы – Бягомль, на ўсход. Назад яны не вярталіся. (*Допыт адбыўся ў в. Верацеі 8 сакавіка 1961 г. Тэкст скарочаны і стылістычна апрацаваны без скажэння фактаў.)
Кінахроніка
У дакументальным фільме “Над пропастью во лжи” цыкла “Преступление века”, які дэманстрававаўся на беларускім тэлеканале АНТ, распавядаецца пра спаленне жыхароў вёсак Верацеі, Таўшчы і Чупры пры ўдзеле жаўнераў 5-й роты 13-га беларускага батальёна СД.
…У чэрвені 1944 года некаторыя жыхары вёскі Таўшчы, узяўшы з сабой дзяцей, вырашылі выйсці з лесу і заняцца аднаўленнем разбураных дамоў, бо ўжо некалькі тыдняў не было чуваць стральбы, гаворыцца ў фільме. Але вяскоўцы патрапілі ў ачапленне паліцаяў 13-га батальёна СД…
Двое былых жаўнераў батальёна Барыс Баршчэўскі і Францішак Катовіч былі асуджаны ў маі 1987 г. да вышэйшай меры пакарання.
Сведкамі падчас суда называліся таксама імёны іншых удзельнікаў карнай акцыі: Андрэй Бамбіза, Сяргей Рымдзёнак. Былі агучаны сведчанні пра ўдзел жаўнераў 13-га батальёна ў “акцыях” у мінскім гета, суправаджэнні машын, абсталяваных газавымі камерамі, ва ўрочышча Трасцянец пад Мінскам увосень 1943 г.
Дарэчы. У 1898 годзе ў Верацеях нарадзіўся Антон Аўласка. З 1918 года – у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях з арміямі Калчака, Дзянікіна, Урангеля. У 1920 годзе за баявыя заслугі ўзнагароджаны імянным гадзіннікам. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада брыгады “Жалязняк”, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Рэдакцыя выказвае падзяку ў падрыхтоўцы публікацыі намесніку дырэктара раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандру Вайцяховічу.
Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.