Уроженка деревни Атрахимовка Алла Глазко поделилась воспоминаниями о родине
У “РВ” № 83 ад 21 кастрычніка 2023 года быў надрукаваны артыкул “Дзе б ні жыў – душа рвалася ў Атрахімаўку”, у якім расказвалася пра старэйшыну вёскі Івана Камінскага. Там жа быў размешчаны допіс з успамінамі пра вёску яшчэ адной яе ўраджэнкі – Алы Горскай (у дзявоцтве – Глазко). Днямі рэдакцыя атрымала ад яе ліст з аповедам пра родную Атрахімаўку, у якім уся палітра эмоцый: цеплыня, пяшчота, туга па мінулым…
“Я ўдзячна журналісту газеты “Родныя вытокі” за ўвагу да маёй вёскі. Мне прыемна было чуць пра захапленне прыгажосцю Атрахімаўкі. Менавіта гэтыя словы пра маю вёсачку выклікалі жаданне падзяліцца сваімі ўспамінамі. Можа, яны нагадаюць пра штосьці шчымлівае чытачам раённай газеты.
На жаль, так здарылася, што на месцы маёй роднай хаты, якая згарэла, сёння роўнае поле. Так людзі кажуць, таму што сама я гэтага не бачыла і не ведаю, ці знайду калі сілы, каб паехаць туды, падыхаць родным паветрам. Не хочацца, каб сённяшні выгляд майго роднага куточка пераблытаў, сапсаваў тыя шчымлівыя і такія выразныя ўспаміны, якія саграваюць душу кожны дзень. Дзякуючы гэтым успамінам ды ўяўленню можна апынуцца дома ў любы момант. Адчуць, як рука дакранаецца да клямкі веснічак, пачуць знаёмы вясёлы брэх Дружка. І вось мяне сустракае мая любая матулечка. У адзін дзень яна ідзе па двары насустрач з вядзерцам бульбы, у другі – вітае пяшчотнымі словамі з кухні… А тата сядзіць на канапе (гэта быў, як мы казалі, “яго дзіванчык”, такога карычневага колеру) і з лагоднай усмешкай запрашае: “Дачушка мая, сядай, расказвай, што новага”. І гэта былі самыя шчырыя, самыя душэўныя, самыя цёплыя размовы, ад успамінаў пра якія балюча сціскаецца ўнутры…
А потым уяўленне без перашкод пераносіць мяне ў больш раннія гады. Перад вачамі паўстае Першамайская пачатковая школа. Чаму Першамайская, ніхто так мне ніколі не адказаў. Можа, байкі, але чула я ад старэйшых жыхароў вёскі, што калісьці ехалі нейкія людзі на вялікіх машынах і па карце шукалі населены пункт Першамайск… Вось і ўся загадка. А школка была прыгожай-прыгожай. Патанала ў шыкоўных кустах бэзу. Яго пах я адчуваю і цяпер. Той водар навявае цудоўны ўспамін пра свята ў сценах нашай школы – дзень здароўя. У артыкуле раённай газеты пра Атрахімаўку ўжо згадваліся імёны нашых незабыўных настаўніц Ганны Сяргееўны Таракан і Лідзіі Іванаўны Акуловіч. Гэта яны прыходзілі вучыць дзяцей за 5 кіламетраў з Бягомля. Гэта яны прыдумвалі для нас усялякія забавы, мерапрыемствы.
Першага чэрвеня на свята ля нашай школы збіраліся людзі з навакольных вёсак. Хто на падводах, хто пешшу. Школа ж была на тры вёскі. У класе ставіліся сталы, як на вяселлі. У збанах – букеты бэзу. З пачастункаў успамінаюцца халаднік са шчаўя і салата з гарошкам. Як жа нам было смачна! Ужо не памятаю, як праводзілі час дарослыя на гэтым свяце, а мы, наеўшыся халадніку ды салаты, беглі на школьную пляцоўку. Колькі ж там было ўсялякіх спартыўных снарадаў! Вялізная “кабыла” – так мы называлі драўлянае збудаванне. Я нават адчуваю, якая яна была высліжаная. Побач стаялі высачэзныя арэлі – гвагалкі, таўшчэзны і высачэзны слуп з вяроўкамі, на якіх можна было таксама гушкацца. Не ведаю, хто гэта змайстраваў. Але на цяперашні розум адчуваю, што рабілася ўсё з вялікім жаданнем дагадзіць і сваім, і вясковым дзецям.
Толькі тры гады мне давялося павучыцца ў гэтай цудоўнай школе. Вядома ж, вучняў было не так многа. У маім класе – 8, а ў другіх магло быць па двое, трое. Але гэта гаворыцца “ў класе”, а так у адной настаўніцы на ўроку адначасова знаходзіліся дзеці з розных класаў. Па вечарах моладзь збіралася ў школе на канцэрты, святы. Нават ставілі спектаклі, памятаю… Але школа закрылася. Пачаўся новы этап – штодзённая 5-кіламетровая дарога да Бягомля. Нават цяжка ўявіць, як без тэлефонаў атрымлівалася дамовіцца выйсці ў адзін час з дому, каб па вузкай снежнай каляіне цягнуўся даўжэзны ланцуг з людзей: хто на работу, хто ў школу. Далучаешся, займаеш сваё месца ў гэтым ланцугу – і весела шпацыруеш.
…Можна шмат дзе апынуцца за той час, пакуль адолее сон. Збегаць на выган, пасядзець на лаўцы каля калодзежа, акінуць поглядам хаты. А можна на гадзінку завітаць у лясок па лісічкі. Гэты лес называўся Кароўе ляда. Там яшчэ такія добрыя брусніцы раслі… Але ж зноў і зноў вяртаешся ў сваю хату… І зноў веснічкі, ганак, калідор, дзе фарба на некаторых дошках больш сцёртая. А ў хаце звыклыя рэчы. Чысціня, таму што я сама нядаўна прыбірала, мыла падлогу… І гэтыя ўспаміны заўсёды будуць са мной.
Праўду кажуць людзі: не прадаецца родная хата”.
Фота з сямейнага архіва.