Самодеятельные вокалистки из агрогородка Прудники стали дипломантами различных конкурсов

img_4384

Звонкія галасы Галіны Паўловіч, яе дачкі Наталлі і пяцігадовай унучкі Ксеніі радуюць не толькі тых, хто прыходзіць на канцэрты ў Прудніцкі СДК. Таленавітая сям’я часты госць і розных раённых мерапрыемстваў. Толькі ў гэтым годзе самадзейныя вакалісткі разам з мясцовым гуртом “Бабіна лета” сталі дыпламантамі шматлікіх конкурсаў.

Гэта дзякуючы ім Прудніцкі СДК сёлета стаў лепшым у раённым аглядзе-конкурсе фальклорнай творчасці “З крыніц спрадвечных”. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі артысты ў адкрытым конкурсе рэтра-песні і раённай выставе-конкурсе тэматычных пляцовак у рамках рэтра-свята “Народжаныя ў СССР”.

– Пра вакальныя здольнасці Галіны Юльянаўны пачула, калі прыйшла працаваць у Прудніцкі СДК, – расказвае загадчык установы Вольга Радзюк-Сідзіна. – Яна і яе сяброўкі Ніна Марцынкевіч і Соф’я Саладухіна дапамагалі мне адрадзіць мясцовы жаночы вакальны ансамбль. Адным з самых захапляльных нумароў у выкананні гэтага трыа была песня “Спустилась ночь”. Яе і сёння жанчынкі з задавальненнем выконваюць пад акампанемент баяніста Міхаіла Радзюка. Разам з Галінай Юльянаўнай на рэпетыцыі прыходзіла яе дачка Наташа. Актыўная, артыстычная, харызматычная, яна часта была вядучай клубных мерапрыемстваў. І зараз выразна чытае вершы і байкі, удзельнічае ў навагодніх спектаклях. Акрамя гэтага, захапляецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Мастацкае афармленне праграм, дэкарацыі, касцюмы – гэта справа яе залатых рук. Трэба якія работы на выставу-конкурс – тут жа нафантазіруе і зробіць шэдэўр. Заўсёды знаходзіць час для любімых захапленняў, нават нягледзячы на насычаны працоўны графік: Наталля – паштальён АПС “Докшыцы”. У 2021 годзе актыўны ўдзел Наталлі Кавалевіч у культурным жыцці аграгарадка Пруднікі адзначаны падзякай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Шчырасць, адкрытасць, дабрыня і талент маці і дачкі Паўловічаў перадаліся ў спадчыну і Ксеніі. Нягледзячы на свой юны ўзрост, дзяўчынка ўпэўнена адчувае сябе на сцэне. Эмацыянальна чытае вершы, прыгожа выконвае ўсходнія танцы. У гэтым годзе маленькая артыстка атрымала дыплом за першае месца ў намінацыі “Тэатральная творчасць” раённага агляду-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Зорачкі малой радзімы”. Каб падтрымаць захапленні дашкольніцы, кожную суботу яе возяць у Докшыцы, у школу ранняга развіцця раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Яўгенія Малевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *