Депутат Крулевщинского сельского Совета депутатов Владимир Пискунович: «Нет второстепенных обращений людей»

Крулеўшчынскія дэпутаты, прадстаўнікі БРСМ і педагагічнай супольнасці ў час абмеркавання праекта грамадзянскай ініцыятывы. Уладзімір Піскуновіч –  у цэнтры.

Крулеўшчынскія дэпутаты, прадстаўнікі БРСМ і педагагічнай супольнасці ў час абмеркавання праекта грамадзянскай ініцыятывы. Уладзімір Піскуновіч – у цэнтры.

Дырэктар Крулеўшчынскай сярэдняй школы імя І.П. Ціткова Уладзімір Піскуновіч – ураджэнец аграгарадка і на справе даказвае, што з’яўляецца сапраўдным патрыётам малой радзімы.

Уладзімір Анатольевіч паспяхова кіруе калектывам, у складзе якога больш за пяцьдзясят работнікаў і больш за дзве сотні вучняў. А калі дадаць да гэтай колькасці бацькоў дзяцей, іх бабуль-дзядуляў, з якімі даводзіцца кантактаваць па школьных пытаннях, то атрымаецца ўнушальная лічба. Таму не дзіўна, што ён, вопытны кіраўнік, кампетэнтны спецыяліст і да ўсяго адкрыты, шчыры чалавек, быў абраны дэпутатам у мясцовы Савет дэпутатаў.

– Парой дэпутацкая работа нябачная, бо ў большасці выпадкаў яна індывідуальная – тычыцца асобнага чалавека, асобнай сям’і ці дома, – разважае Уладзімір Анатольевіч. – Тым не менш з усімі праблемнымі пытаннямі жыхары сельсавета звяртаюцца ў першую чаргу да мясцовай улады.

Дэпутат кансультуе сваіх землякоў, дапамагае вырашыць іх надзённыя праблемы. Лічыць, што няма другарадных пытанняў, якія хвалююць людзей, таму з аднолькавай зацікаўленасцю стараецца задаволіць усе іх запыты.

Усёй душой Уладзімір Анатольевіч дбае пра добраўпарадкаванне роднага аграгарадка, пра парадак на воінскіх пахаваннях.

Па яго ініцыятыве пры школе створаны атрад “Вектар памяці”, які працуе ў эколага-патрыятычным кірунку і займаецца валанцёрствам. У сваю бытнасць школьным кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні, Уладзімір Піскуновіч асабіста ўдзельнічаў у доглядзе помнікаў і вайсковых пахаванняў, размешчаных у Крулеўшчынскім сельсавеце.

– Пад апекай “Вектара памяці” помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на вуліцы Савецкай у Крулеўшчыне, абеліск савецкім лётчыкам і магіла палітрука Г.Э. Джанджгавы ў вёсцы Малажане, могілкі “Дубоўскія”, дзе знаходзяцца пахаванні рускіх салдат, – расказвае Уладзімір Анатольевіч. – Дзейнасць атрада – гэта не проста даніна памяці героям і ахвярам войнаў. У ёй крыецца магутная сіла патрыятычнага выхавання. А калі гаварыць абагульнена ў гэтым кантэксце, то адна з задач нашага народа на дадзеным этапе – кансалідацыя на аснове адзінага гістарычнага мінулага і захаванне сваёй аўтэнтычнасці ў імя ўпэўненай будучыні. У гэтым я перакананы як настаўнік, дэпутат і проста грамадзянін сваёй краіны.

Уладзімір Анатольевіч паведаміў, што пад яго кіраўніцтвам школа замацавалася за добраўпарадкаваннем і іншых тэрыторый аграгарадка: закрытага дзіцячага сада, пажарна-тэхнічнага вадаёма. Установа таксама аказвае адрасную дапамогу былым настаўнікам, якія выйшлі на заслужаны адпачынак, адзінока пражываючым нямоглым жыхарам. У мінулым годзе прывялі ў парадак месца пахавання ветэрана педагагічнай працы.

Дэпутат прымае ўдзел у пасадцы дрэў і іншых акцыях, якія арганізоўваюцца ў сельсавеце, пры гэтым выступае з ініцыятывамі. Адна з апошніх тычылася абуладкавання сучаснай спартыўнай пляцоўкі на стадыёне. “Чакаем вынікаў”, – каменціруе гэты факт Уладзімір Анатольевіч. Да таго ж сам ён займаецца спортам і ўдзельнічае ў спаборніцтвах за сельсаветаўскую каманду.

– Уладзімір Піскуновіч карыстаецца бездакорным аўтарытэтам сярод насельніцтва, – характарызуе калегу Аляксандр Іваньковіч, старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў. – Адказны, сумленны чалавек, і на яго прыкладзе можна павучыцца, як трэба адносіцца да зямлі, на якой жывеш.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *