Магазины в Докшицком районе готовятся к новогодним праздникам
Салата аліўе, свежая гародніна, мясныя і рыбныя далікатэсы, шампанскае, мандарыны… Такім звычайна бывае навагодні стол беларусаў. Большасць з нас, напэўна, не парушыць гэту традыцыю, сустракаючы новы, 2024-ы.
У райцэнтры за забеспячэнне жыхароў горада прадуктамі пераважна адказваюць прадстаўнікі буйных рытэйлераў, якія прапануюць шырокі асартымент тавараў. Напрыклад, у “Санце” вочы разбягаюцца ад разнастайнасці цукерачных набораў як айчыннай вытворчасці, так і расійскай. З фруктаў – мандарыны, апельсіны, хурма, ківі, а таксама больш экзатычныя – ананасы і манга. У продажы багаты выбар свежамарожанай рыбы, праўда, апошнім часам цана на яе адчувальна падрасла. У сеткавай краме прапануюцца не толькі прадукты харчавання, прадаюцца нават ёлачныя ўпрыгажэнні, сувенірная прадукцыя. Сярод навагодняй атрыбутыкі вылучаецца сімвал 2024-га года – заплечнік-дракон, а ў ім паўтара кілаграма цукерак.
Набыць падарункавыя наборы цукерак, смак якіх – беларускі, можна таксама ў “Еўраопце”, а таксама ў крамах крокавай даступнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, дзе ў тым ліку ёсць шырокі выбар каўбасных вырабаў.
Мяккія цацкі, наборы ручнікоў, абрусы, пледы, насценныя календары з сімваламі новага года, а таксама сувеніры можна набыць у гарадскіх крамах “Цацкі” (каля рыначнай плошчы), “Уют”. Гандлёвы аб’ект “Калібры” прапануе лінейку навагодніх касцюмаў на дзяцей дашкольнага ўзросту.
Упрыгожыць дом альбо кватэру дапамогуць крамы “Самадзелкін” і “Профі”, дзе можна купіць і штучныя елкі, і цацкі для іх, а таксама гірлянды на любы густ.
Да навагодніх святаў падрыхтаваліся таксама работнікі спажывецкай кааперацыі. Ва ўсе гандлёвыя аб’екты Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства паступілі наборы цукерак такіх вытворцаў, як “Спартак” і “Камунарка”.
З 11 снежня па 8 студзеня для пакупнікоў будзе дзейнічаць прыемны бонус: акцыя “Усё выгадна”, якая прадугледжвае зніжкі ад 5 да 18 працэнтаў на 34 найменні тавараў (маянэз, гарбата, печыва, цукеркі і іншыя).
Кааператары запрашаюць зазірнуць ва ўнівермаг 17 і 24 снежня. У гэтыя дні на ўсе тавары прадугледжана 15-працэнтная зніжка. Жыхары аграгарадка Крулеўшчына скарыстацца такой прапановай змогуць у мясцовай краме па суботах, 16 і 23 снежня.
Што датычыцца аб’ектаў грамадскага харчавання, то з 20 снежня па 7 студзеня рэжым іх работы будзе падоўжаны. Прымаюцца заказы на выраб тортаў і пірожных на навагоднюю тэматыку, кулінарнай прадукцыі.
А як жа быць жыхарам аддаленых вёсак, у якіх папросту няма магчымасці зрабіць пакупкі ў райцэнтры? Тут павінна пастарацца спажывецкая кааперацыя, каб свята ў выглядзе любімых далікатэсаў прыйшло і да іх. Як з гэтай задачай будуць спраўляцца, расказала дырэктар Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства Таццяна Каляга.
– Усяго ў раёне працуе сем аўтакрам, – паведаміла Таццяна Мікалаеўна. – Тавары паўсядзённага попыту павінны быць дастаўлены ў кожны населены пункт незалежна ад колькасці жыхароў у ім. Перыядычнасць дастаўкі аўтакрамамі – не менш чым два разы ў тыдзень па ўстаноўленым графіку. Дарэчы, у святочныя дні ён не зменіцца: аўтакрама прыедзе нават 1 студзеня. А вось асартымент будзе пашыраны з улікам пажаданняў пакупнікоў. Частка тавараў будзе дастаўляцца пад заказ. Без фруктаў, мясных вырабаў, тортаў і шампанскага ніхто не застанецца. Усё, што трэба людзям да стала, прывязём.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.