Яны стваралі раёнку. Слова пра ветэранаў працы рэдакцыі газеты «Родныя вытокі»

img_8726

Як без гісторыі няма будучыні, так і без памяці і павагі да былых калег – ветэранаў раённай газеты – сённяшняя рэдакцыя не можа паўнавартасна існаваць. Сёння мы прысвячаем старонку шаноўным ветэранам працы, хаця, калі шчыра сказаць, кожны з іх заслугоўвае асобнага артыкула.

p1060485Галоўны рэдактар Мікалай Аўтух. Да таго як асэнсаваў сваё сапраўднае прызванне, працаваў на Харкаўскім трактарным заводзе наладчыкам-аўтаматчыкам на працягу дзесяці гадоў. Аднак з маладосці ў яго ўдала перапляталіся два імкненні – да тэхнікі і літаратуры, а вершы пісаў яшчэ са школы. І вось апошняе перамагло: вучоба ў Варонежскім дзяржуніверсітэце і дыплом журналіста. Але, якім бы насычаным ні было жыццё, Мікалая Фёдаравіча, ураджэнца Лепельшчыны, цягнула на малую радзіму. Спачатку была практыка ў Віцебскай абласной газеце, затым праца літработнікам і намеснікам рэдактара ў Бешанковіцкай раёнцы і нарэшце лёсавызначальная сустрэча ў аблвыканкаме з рэдактарам Докшыцкай раённай газеты Мікалаем Гуйдо, які зачараваў маладога журналіста аповедамі пра цудоўны докшыцкі край, паабяцаў дапамагчы з жыллём і павёз знаёміцца з калектывам…

Мікалай Фёдаравіч узначальваў раённую газету 12 гадоў, а ўсяго журналістыцы прысвяціў тры дзесяцігоддзі працоўнай біяграфіі. Выхад на адпачынак ніколькі не прыпыніў імклівасці часу для журналіста. Былы галоўны рэдактар іграе ў шашкі, працаваў у раённым аб’яднанні ветэранаў, спяваў у хоры і да сённяшняга часу, пераадолеўшы васьмідзесяцігадовы рубеж, застаецца чалавекам актыўным, цікаўным і верным газеце.

dsc03954Адказны сакратар Анна Жоўтка. Журналісцкі стаж Анны Іванаўны – практычна чатыры дзесяцігоддзі. У газету патрапіла выпадкова, адгукнуўшыся на аб’яву пра тое, што выданню патрабуецца карэктар. Прайшла ўсе кар’ерныя прыступкі ў газеце, доўгі час працавала намеснікам галоўнага рэдактара. Але не толькі адукаванасць і выдатныя прафесійныя якасці вылучалі гэтага журналіста. Анна Іванаўна пісала проста, зразумела, смела. Ніколі не шкадавала часу, каб грунтоўна разабрацца ў пытанні і выдаць змястоўны артыкул. Анна Іванаўна – член Беларускага саюза журналістаў, неаднаразова друкавалася ў абласных і рэспубліканскіх выданнях і выходзіла ў пераможцы прафесійных конкурсаў. Прыемна адзначыць, што журналісцкая дынастыя Анны Іванаўны мае працяг. У 2005 годзе ў рэдакцыю пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла працаваць яе дачка, зараз наш вядучы карэспандэнт, а раней – рэдактар раённага радыё Таццяна Падбярэзкая.

p1160142Адказны сакратар Тамара Альшэўская. Сем гадоў таму, стаўшы героем нашай рубрыкі “Тузін пытанняў”, Тамара Дзям’янаўна назвала прыход у журналістыку самай шчаслівай падзеяй у жыцці. Увогуле ж, калі б вастрыню журналісцкага пяра вымяралі па 10-бальнай шкале, у Тамары Альшэйскай быў бы найвышэйшы паказчык. Яе тэксты лёгкія для ўспрымання, вострыя па тэматыцы і грунтоўныя па падрыхтоўцы. Нам падаецца, што з такім падыходам да справы Тамара Дзям’янаўна змагла б аднолькава бліскуча знайсці сябе ў прафесіях, звязаных з юрыспрудэнцыяй, бо барацьба за аднаўленне справядлівасці ў яе закладзена на падкоркавым узроўні. Стаж у прафесіі – больш за 35 гадоў. За гэты час друкавалася ў многіх абласных і рэспубліканскіх выданнях, некаторыя артыкулы журналіста ўвайшлі ў кнігу “Памяць. Докшыцкі раён”. Мае стос прафесійных узнагарод, у тым ліку па сямейнай і праваахоўнай тэматыцы. Да таго ж Тамара Дзям’янаўна ўдастоена высокай узнагароды – нагруднага знака “Выдатнік друку Беларусі”. Акрамя журналістыкі, ёсць у Тамары Дзям’янаўны яшчэ адна святая любоў – гэта сцэна. З 1979 года з’яўляецца артысткай Докшыцкага народнага тэатра. Яшчэ адно захапленне – танцы. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Тамара Дзям’янаўна вядзе вельмі актыўнае жыццё: спявае ў хоры, танцуе, іграе ў інтэрмедыях. А яшчэ рыхтуе да друку кнігу пра наш народны тэатр.

p1160158Галоўны бухгалтар Марыя Баброўская. Два дзесяцігоддзі за фінансавы дабрабыт рэдакцыі адказвала Марыя Баброўская. Гэта на яе вачах газета прайшла шлях ад таго часу, калі даходы да расходаў не перавышалі 25 працэнтаў, да выхаду выдання ў 2014 годзе на самаакупнасць. Дарэчы, пакуль гэту планку раёнка трымае. У Марыі Іванаўны ёсць выдатныя для галоўнага бухгалтара рысы, і гэта не толькі прагматызм і аналітычны склад мыслення. Наш былы галоўны бухгалтар не была абыякавай да ўсяго, што адбывалася не толькі ў фінансавым, але і ў творчым працэсе. Мімаходзь магла заўважыць памылку, падказаць, не дзяліла абавязкі на свае і чужыя. Не чакаючы загаду кіраўніка, пралічвала, калі лепш тэхніку набыць ці аўтамабіль адрамантаваць. Дарэчы, і ў адпачынку Марыя Іванаўна часты госць у рэдакцыі. Заўжды забягае да калег, цікавіцца справамі, але хутка спяшаецца па сваіх пытаннях, бо да сённяшняга часу наш былы бухгалтар – запатрабаваны спецыяліст у сваёй нішы.

Загадчык аграпрамысловага dsc06078аддзела Нэлі Бяляўская. Журналістыцы Нэлі Геронімаўна аддала больш за трыццаць гадоў. З 1983 да 2007 года працавала на раённым радыё, затым да 2014 года ўзначальвала аграпрамысловы аддзел газеты. Гэта пад яе “Гавораць Докшыцы” больш за два дзесяцігоддзі пачыналі свой дзень жыхары раёна. З мікрафонам і рарытэтным бабіннікам цераз плячо яна ездзіла па вёсках, дабіралася да аддаленых палеткаў, бывала на вытворчасці. Толькі сапраўдныя радыйшчыкі (якім, несумненна, была Нэлі Бяляўская) ведаюць, колькі часу трэба аддаць, каб падрыхтаваць паўтарахвілінную замалёўку для радыёпраграмы. Як хвалюешся заўжды, каб тэхніка не падвяла і ў эфіры гучаў не толькі дыктарскі, але і жывы голас, як зрабіць мантаж, каб слухачы атрымалі якасны прадукт у эфіры.

А яшчэ Нэлі Бяляўская вельмі клапатліва ставілася да юнкораў: каля яе на радыё заўсёды круцілася моладзь, яна не шкадавала часу, каб патлумачыць, як запісаць рэпартаж на дыктафон, і часам пускала ў эфір весткі са школ ад дзятвы, для якой не было большага гонару, чым пачуць свой голас па радыё.

Нэлі Геронімаўна, калі спатрэбілася з аўдыёвізуальнага журналіста стаць газетчыкам, справілася з гэтым на выдатна. З-пад яе пяра выходзілі артыкулы пра працаўнікоў АПК, замалёўкі пра вяскоўцаў, іх запыты і праблемы.

img_1229Старшы аператар электроннага набору і вёрсткі Людміла Малевіч. Шлях у рэдакцыю ў кожнага свой. Работа гэта спецыфічная, патрабуе поўнай аддачы і адключэння ад асабістых спраў ад нумара да нумара. Не кожны здольны вытрымліваць тэмп. Людміла Міхайлаўна з тых нашых старажылаў, якія без раёнкі не ўяўляюць свайго жыцця, бо аддадзена газеце чвэрць стагоддзя. У свой час працавала ў раённай бібліятэцы, аднак рэдактар Мікалай Гуйдо, ведаючы яе як адукаванага, любячага літаратуру чалавека, запрасіў на размову, каб прапанаваць пасаду карэктара. І яна без ваганняў згадзілася. Не лічачыся з асабістым часам – Людміла Міхайлаўна да ўсяго яшчэ і шматдзетная маці – амаль тры гады ездзіла вычытваць палосы ў Глыбоцкую друкарню, бо там пачала друкавацца наша раёнка. Паралельна паспяхова спрабавала сябе на пасадзе карэспандэнта. Перашкодзіла застацца толькі адсутнасць вышэйшай адукацыі. Затым асвоіла зусім новую для таго часу, калі камп’ютар яшчэ мала хто ў вочы бачыў, прафесію аператара вёрсткі. У працэсе падрыхтоўкі нумара і вярстала, і макетавала, і чытала матэрыялы. Часта да позняга заседжвалася за камп’ютарам, каб давесці чарговы нумар да дасканаласці… Сваю непахісную любоў да газеты перадала дачцэ – нашаму карэспандэнту Яўгеніі Малевіч, якая закончыла Інстытут журналістыкі БДУ і ў раёнцы працуе ўжо 21 год.

p1160150Старшы аператар электроннага набору і вёрсткі Валянціна Парневіч. Свой працоўны шлях Валянціна Георгіеўна пачынала наборшчыцай на Барысаўскай узбуйненай тыпаграфіі ў 1976 годзе. Працавала наборшчыцай у тэхнічным вучылішчы, Глыбоцкай тыпаграфіі. Затым – на розных пасадах у Докшыцкім камбінаце бытавога абслугоўвання. А ў 1997 годзе лёс прывёў у рэдакцыю, дзе давялося спачатку друкаваць тэксты на пішучай машынцы, затым займацца наборам, карэктурай і макетаваннем ужо на камп’ютары. Валянціна Георгіеўна – выдатны спецыяліст і вельмі чулы, клапатлівы чалавек. Яна заўжды можа знайсці словы падтрымкі, неабыякава ставіцца да калег, цікавіцца справамі ў калектыве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *