Очередной выпуск проекта «Вёсачка мая» рассказывает о деревне Речные Тумиловичского сельсовета

Невялічкая драўляная каплічка ў вёсцы Рачныя, пабудаваная ў 90-ыя.

Невялічкая драўляная каплічка ў вёсцы Рачныя, пабудаваная ў 90-ыя.

РАЧНЫЯ – вёска ў Тумлавіцкім сельсавеце. Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя ў наваколлі было некалькі аднайменных вёсак агульнай колькасцю 39 двароў і 310 жыхароў і засценак Рачныя, дзе было шэсць хат з пяццю дзясяткамі насельнікаў. Тады гэта была Тумілаўская воласць Барысаўскага павета. З 1921 года Рачныя ўваходзяць у склад Польшчы, у Тумілавіцкую гміну Дунілавіцкага павета – гэтым часам па дакументах 320 чалавек пражывае ў 53 дамах, а ў засценку колькасць жыхароў на тыя ж шэсць дамоў скарацілася – 34. З 1939 года, безумоўна, як і іншыя “польскія” населеныя пункты, вёска стала кропкай на карце БССР.

Перад Вялікай Айчыннай вайной у Рачных налічвалася ажно 70 двароў і больш за дзве з паловай сотні вяскоўцаў. Але ў чэрвені 1943 года нямецка-фашысцкія акупанты амаль цалкам спалілі вёску і загубілі 32-х яе жыхароў. Пасля вайны для ўшанавання іх памяці быў узведзены абеліск. З адметнасцей Рачных яшчэ і невялічкая драўляная каплічка, пабудаваная ў 90-ыя.

dscn4514

Дваццаць гадоў таму ў вёсцы яшчэ пражывалі сорак чалавек, на сённяшні дзень засталося толькі двое. Каля двух дзясяткаў дамоў засяляюцца ў цёплую пару дачнікамі – навакольныя мясціны вельмі прыгожыя: лес, рэчка. У некаторыя дамы прыязджаюць і падтрымліваюць парадак дзеці гаспадароў, якіх ужо няма на гэтым свеце. Карацей, узімку жыццё ў Рачных, можна сказаць, цепліцца, а з наступленнем вясны і зноў да халадоў ажывае. Дзякаваць богу, што так.

З паданняў сівой даўніны. Пра паходжанне назвы Рачныя існуе такая легенда. Даўней ля ракі Беразіны, якая працякае ў гэтых мясцінах, жыў пан Дзядзінец. Для работы на сваіх землях пан наймаў моцных, каранастых мужчын і даваў ім лесу, каб яны пабудаваліся тут і не шукалі іншага месца для працы. Парабкі тыя і стаўлялі хаты ўздоўж ракі, з-за чаго іх у акрузе сталі зваць рачнымі людзьмі. З цягам часу такую назву займела і паселішча. З аднаго боку яно было адгароджана ад лесу драўлянай сцяной. Знайшліся ахвотныя пабудавацца і воддаль, за той агароджай – так узнік засценак Рачныя.

У чарговым выпуску праекта «Вёсачка мая» – аповед пра дзвюх гараджанак, якія вярнуліся да сваіх родных вытокаў, у маляўнічую вёсачку ў Тумілавіцкім сельсавеце, клапатліва “апранутую” прыродай у зялёнае паліто лясоў і “перавязаную” бліскучай стужкай ракі. Жывуць жанчыны ў бацькоўскіх хатах без выгод, сябруюць, ходзяць разам у грыбы і ягады, на прагулкі па ваколіцы, да маленькай, нібы цацачнай, каплічкі і адчуваюць сябе шчаслівымі. 

– Новая пліта,– радуецца Еўдакія Падрэз, – як і старая печ, “частуе” мяне і духмяным баршчом, і дранікамі, як у мамы

– Новая пліта,– радуецца Еўдакія Падрэз, – як і старая печ, “частуе” мяне і духмяным баршчом, і дранікамі, як у мамы.

«Шчаслівая, бо на радзіме». У гэтым цвёрда перакананая другая пастаянная жыхарка Рачных – Еўдакія Падрэз.

– Як на пенсію, дык дадому! Што мне ў маладзечанскай кватэры цэлымі днямі рабіць? – так каментуе сваё вяртанне да каранёў Еўдакія Віктараўна. – Ваду ў дом мне, праўда, зяць дапамог правесці, не нашу з калодзежа, ды вось яшчэ вокны на шклопакеты замянілі: старыя рамы зусім згнілі. А болей я, як і мая сяброўка Лёня, ніякіх выгод пакуль што не хачу. Рухацца трэба, каб заставацца ў тонусе, лішнія кілаграмы не набіраць і не паддавацца ўсялякім хандрам ды дэпрэсіям, пра якія нашы бацькі і чуць не чулі, бо працавалі з ранку да цямна.

Еўдакія Віктараўна тут мае рацыю, да таго ж, сваім выглядам падмацоўвае гэта: маладжавая, рухавая, усмешлівая, з іскаркамі ў вачах і лёгкай хадой. Яна яшчэ і зарадку рэгулярна робіць. Дзеці веласіпед ёй спартыўны падаравалі – ездзіць з задавальненнем. Курэй трымае і котак дзвюх – для душы.

– Вандруем з Лёняй шмат па наваколлі, – кажа. – Бывае, мэтанакіравана – ідзём у грыбы, ягады, кветак назбіраць, траў лекавых ці на чай. Бывае – і тое найчасцей – проста гуляем, дыхаем свежым паветрам, успамінаем дзяцінства, маладыя гады, любуемся краявідамі. Хараство ж у нас тут вакол, самі бачыце. Звяроў усякіх – лісы, яноты, казулі ды зайцы па вёсцы ходзяць, не трэба і ў лес кіравацца, каб іх пабачыць. Нездарма і хаткі нашы гараджане купляюць, прыязджаюць не толькі вясной і летам – зрэдку і на выхадныя могуць зімой прыляцець. Усіх ведаем, з усімі практычна ў добрых адносінах. Жывём, як гаворыцца, па-людску. А што крам няма, як у горадзе, дык тое не бяда: аўталаўка прыходзіць, у Докшыцы на шопінг можна з’ездзіць, і дзеці, што закажам, прывязуць.

Працоўная біяграфія ў Еўдакіі Віктараўны багатая. Інжынер-будаўнік, яна пачынала свой шлях у прафесію ў Докшыцкім ПМК-83. Ажно пятнаццаць гадоў шчыравала ў Маскве майстрам на будоўлі. А ў бацькоўскім доме перабудоўваць асабліва нічога не хоча. Печ рускую, якая капціла ды цяпла не давала, усё ж такі з дзецьмі выкінулі, і ўзамен той жа дарагі зяць, які, смяецца, не толькі каб узяць, склаў сучасную, функцыянальную і стыльную. Падлогу вакол зрабілі з пліткі. Пакуль што ўсё, астатнім задаволена.

– Сям’я наша была калісьці досыць заможнай, – распавядае жанчына пра мінулае. – Дзед з бабуляй купілі ў паноў поле пад Несцераўшчынай і лясок за рэчкай. Дакументы на тое, вядома ж, не захаваліся: фашысты ў 1943-м спалілі хату. Родныя вайну згадвалі зусім рэдка. Тата мой, Віктар Міхайлавіч Гмырак, ваяваў, меў баявыя ўзнагароды, але нічога нам не хацеў расказваць, гаварыў: успамінаць трэба толькі добрае. Помніцца толькі бабулін аповед, як яна, моцна хворая, уцякаючы ад немцаў, упала і не магла падняцца ад знямогі. Гітлеравец ужо наставіў ружжо, каб выстраліць ёй у галаву, але перадумаў. Бабуля казала: мусіць, кулі пашкадаваў, вырашыў, што сама неўзабаве памру… Так што ў гэтым доме разам са мной нябачна жывуць дарагія мне людзі. Я адчуваю гэта нейкім шостым чуццём, і таму, мабыць, мне тут так добра і спакойна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Мир посмотрела, а дома — лучше. Спустя 30 лет жительница деревни Речные вернулась на родину

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *