Именем Героя Советского Союза Романа Мачульского названа улица в г.п. Бегомль

machulskij-roman-naumovich-1Адна з бягомльскіх вуліц названа іменем Героя Савецкага Саюза Рамана Мачульскага. Яго імя таксама носіць адна з вуліц і СШ № 104 у Мінску. На доме, дзе жыў Раман Навумавіч, усталявана мемарыяльная дошка.

Будучы арганізатар і кіраўнік антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Мінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, партыйны і дзяржаўны дзеяч, заслужаны работнік культуры Беларусі Раман Мачульскі нарадзіўся 30 лістапада 1903 года ў Старадарожскім раёне.

У ліпені 1941 года быў закінуты ў варожы тыл з мэтай арганізацыі партызанскага руху. Увайшоў у склад Мінскага падпольнага абкама партыі.

З верасня 1942 года да мая 1943-га Мачульскі выконваў абавязкі першага сакратара абкама і быў камандзірам злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, затым камандаваў Мінскім партызанскім злучэннем.

У пачатку 1943 года было вырашана ствараць партызанскія брыгады, якія ўключалі ў сябе па некалькі атрадаў. У студзені 1943-га ў паўднёвых раёнах Мінскай вобласці з’явілася 10 брыгад.

У жніўні 1943-га ЦК КП(б)Б прызначыў Рамана Мачульскага камандзірам Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Да моманту злучэння з войскамі Чырвонай Арміі ў ліпені 1944-га злучэнне Мачульскага налічвала 9 партызанскіх брыгад і 2 асобныя атрады агульнай колькасцю 10 436 байцоў. 6 тыс. кв. км Барысаўска-Бягомльскай зоны займалі брыгады “Жалязняк”, “Народныя мсціўцы”, “Дзядзькі Колі”, “Штурмавая”, “Смерць фашызму”, імя Кірава, “1-я антыфашысцкая”, “Бальшавік”, імя Калініна, “Гвардзеец”, “За Радзіму”, імя Варашылава, імя Суворава. Партызаны ўтрымлівалі 1088 населеных пунктаў. У Бягомлі функцыянаваў аэрадром. Усёй гэтай структурай камандаваў Раман Мачульскі.

22 мая 1944 года варожыя часткі перайшлі ў наступленне. Пачаліся жорсткія баі. Большасці брыгад удалося прарвацца скрозь блакаду. Але частка была адціснута ў балоты, размешчаныя вакол возера Палік. Разам з імі знаходзіўся і штаб злучэння на чале з Мачульскім.

16 чэрвеня 1944 года іх акружылі на невялікім участку забалочанай мясцовасці. Ад бамбёжак, мінамётнага і артылерыйскага абстрэлу партызаны неслі вялікія страты, але наносілі сустрэчныя ўдары па атакуючым ворагу.

За час гэтай апошняй карнай аперацыі, якая доўжылася 37 дзён, партызаны злучэння Мачульскага адцягнулі на сябе дзясяткі тысяч нямецкіх салдат.

У чэрвені 1944-га Раман Навумавіч быў паранены ў баі з карнікамі ля возера Палік. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі яго накіравалі на лячэнне. У шпіталі высветлілася, што ў яго зламана рабро, два асколкі праніклі ў грудную клетку, таксама была пашкоджана рука.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Раман Мачульскі займаў шэраг адказных дзяржаўных і партыйных пасад: быў старшынёй Мінскага аблвыканкама, першым сакратаром Пінскага абкама КП(б)Б, старшынёй Брэсцкага аблвыканкама. Працаваў намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, неаднаразова абіраўся членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі.

Памёр у 1990 годзе.

Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *