Одним из направлений деятельности Крулевщинского сельского Совета является благоустройство населенных пунктов

а дэпутацкімі справамі старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Іваньковіч (злева) і начальнік участка водазабеспячэння Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Міхаіл Плюта.

За дэпутацкімі справамі старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Іваньковіч (злева) і начальнік участка водазабеспячэння Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Міхаіл Плюта.

Адным з кірункаў дзейнасці Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў з’яўляецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Яго старшыня Аляксандр Іваньковіч упэўнены, што спадзявацца трэба толькі на свае сілы, калі хочацца жыць ва ўтульным, чыстым і прыгожым месцы, і тлумачыць, што добраўпарадкаванне – справа не аднаго дня. Таму на працягу года складаюцца планы і бярэцца на заметку, дзе і што трэба падправіць.

– Аляксандр Міхайлавіч, за апошнія тры гады некаторыя вуліцы ў аграгарадку аздобіліся новым асфальтам…

– Так, нам пашчасціла. У 2021-2022 гадах была заасфальтавана вуліца Палявога, дзе пражывае 1500 чалавек і знаходзяцца, бадай што, усе самыя значныя сацыяльныя аб’екты: школа, дзіцячы сад, крамы, Дом культуры. Летась у новы асфальт апрануліся вуліцы Савецкая і Чарняхоўскага, якія, калі не памыляюся, не рамантаваліся больш за трыццаць гадоў. У гэтым годзе запланавана асфальтаванне вуліцы 17 Верасня. Разам з тым праблемным у Крулеўшчыне застаецца палатно на вуліцах Я. Купалы, Я. Коласа, Лясной, Меліяратараў. Спадзяёмся, што хутка і да іх дойдзе чарга.

– У кожным сельсавеце вядзецца работа па зносе пустых хат. Наколькі актыўна яна праводзіцца ў Крулеўшчынскім краі?

– Летась былі разабраны 10 старых хат і 23 трухлявыя гаспадарчыя пабудовы. Канечне, дапамагаюць у гэтым розныя арганізацыі, у тым ліку ўчастак водазабеспячэння Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў разам з яго начальнікам Міхаілам Плютам, які з’яўляецца маім намеснікам, а таксама раённым дэпутатам і дэпутатам сельсавета. У мінулым годзе работнікі дапамаглі разабраць чатыры старыя хаты ў вёсках Малажане, Казлы, Кляпіцы, а таксама ў самім аграгарадку. Увогуле, з Міхаілам Міхайлавічам хутка рашаюцца любыя пытанні. Так, людзі прасілі пачысціць канаву, якая праходзіць пасярэдзіне могілак “Дубаўскія”. Яна зарасла травой, амаль што ператварылася ў балота і перастала выконваць свае функцыі. Выправіць сітуацыю дапамог Міхайлавіч, які выдзеліў спецтэхніку. Цяпер вяскоўцы ўдзячныя яму за добрую справу.

Летась на вуліцы Палявога ў Крулеўшчыне да 105-годдзя Усесаюзнага камсамола,была закладзена “Алея пакаленняў” – усяго 70 дрэўцаў, сярод якіх пераважаюць бярозкі.

Летась на вуліцы Палявога ў Крулеўшчыне да 105-годдзя Усесаюзнага камсамола, была закладзена “Алея пакаленняў” – усяго 70 дрэўцаў, сярод якіх пераважаюць бярозкі.

– Напэўна, аднымі з актыўных памочнікаў у арганізацыі работ па добраўпарадкаванні з’яўляюцца старэйшыны?

– Так, асабліва калі гэта тычыцца навядзення парадку на могілках. Напрыклад, старэйшына аграгарадка Крулеўшчына Сяргей Хоміч на могіках “Дубаўскія” арганізаваў некалькі суботнікаў. Там высеклі кустоўе, прыбралі ўсе пахаванні, за якімі ўжо няма каму даглядаць. Пасадзілі хваёвыя дрэўцы, абуладкавалі аўтастаянку і зрабілі дарожку да могілак, паставілі там металічныя лавачкі.

На могілках у Слабадзе новую агароджу даўжынёй 400 метраў устанавілі камунальнікі, а вось грошы, каб набыць матэрыял, сабралі старэйшына Ігар Ліннік і жыхарка Крулеўшчыны Валянціна Шарабайка. Прывесці тэрыторыю ў належны стан дапамагалі мясцовыя жыхары, а таксама работнікі дзіцячага сада і сельвыканкама.
У Новай Вёсцы людзі таксама ахвяравалі грошы для таго, каб на могілках з’явілася новая агароджа. Добрай справай, якую распачалі Геунефа Парневіч і Ядвіга Парфяновіч, займаліся больш за дзесяць арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.

– Усё, што зроблена і яшчэ наперадзе, магчыма толькі пры дапамозе актыву аграгарадка, мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Разам мы – сіла, якая працуе на карысць людзей, – падкрэсліў Аляксандр Іваньковіч.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *