Главный инженер Докшицкого ПМС Николай Карпеко награждён медалью

img_6045-s

ГАЛОЎНЫ ІНЖЫНЕР ДОКШЫЦКАГА ПМС МІКАЛАЙ КАРПЕКА ЎЗНАГАРОДЖАНЫ МЕДАЛЁМ “100 ГОД ОРГАНАМ ДЗЯРЖАЎНАГА КІРАВАННЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКАЙ І ХАРЧАВАННЕМ БЕЛАРУСІ”.

Узнагароду аднаму са старэйшых спецыялістаў прадпрыемства ўручыў на мінулым тыдні генеральны дырэктар ДП “Віцебскмеліяводгас” – кіруючай кампаніі холдынга “ВітМеліа” Сяргей Самахвалаў. Высокі госць падзякаваў Мікалаю Уладзіміравічу за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, адданасць справе, уменне арганізаваць работу належным чынам, а ў ліку самых добрых пажаданняў выказаў надзею на далейшае шматгадовае супрацоўніцтва.

– Пакуль ёсць сілы і здароўе, папрацую яшчэ, – запэўніў прысутных у зваротным слове віноўнік урачыстасці, падзякаваў у сваю чаргу за высокую ацэнку яго працы. Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што ўзнагароду лічыць не толькі асабістай, але і заслужанай усім калектывам, бо дастойныя вынікі работы дасягнуты агульнымі намаганнямі.

З узнагародай галоўнага інжынера цёпла павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Марына Клімовіч. Таксама яна выказала падзяку Сяргею Самахвалаву за падстаўленае чатыры гады таму плячо прадпрыемству, калі вырашалася пытанне аб яго банкруцтве. “Захавалі наша ПМС, працоўны калектыў – і, да вялікай радасці, справы пайшлі належным чынам, – адзначыла Марына Эдуардаўна. – Растуць вытворчыя паказчыкі, расце заработная плата, абнаўляецца машынна-трактарны парк. Ганарымся і тым, што працаваць на вынік стала дэвізам докшыцкіх меліяратараў”.

– Прыемна за майго калегу і надзейнага паплечніка, прыемна, што нашы дасягненні заўважаюцца, нашы работнікі цэняцца, – сказаў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Шульгат. – Зараз у нас моцны касцяк калектыву, у будучыню глядзім з аптымізмам і з пастаўленымі задачамі, упэўнены, і ў гэтым годзе паспяхова справімся.

…З узростам, мабыць, кожны чалавек задумваецца пра тое, які след ён пакіне на свеце, якую памяць пра сябе. Тых, хто звязаў сваё жыццё з меліярацыяй, часта называюць лекарамі зямлі. Высакародная прафесія. Думаецца, Мікалай Уладзіміравіч Карпека, які выбраў яе аднойчы і прысвяціў ёй усё жыццё, за свой след на зямлі можа не хвалявацца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *