Убивали под звуки гармошки… О преступлениях нацистов во время операции «Коттбус»

Антипартизанские операции

Антипартизанские операции фашистов.

Аб злачынствах нацыстаў у час аперацыі “Котбус”

У перыяд правядзення карнай аперацыі “Котбус” акупантамі і іх памагатымі здзейснены шматлікія злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Па абноўленых архіўных даных, толькі ў Бягомльскім раёне гітлераўцы спалілі і забілі 4007 мірных жыхароў, 3051 чалавека сагналі на прымусовыя работы ў Германію, знішчылі 4056 жылых дамоў. Усяго падчас аперацыі карнікі поўнасцю або часткова спалілі 221 населены пункт.

Вось якія факты зафіксаваны ў акце аб злачынствах, учыненых нямецкімі акупантамі ў вёсках Бягомльскага, Барысаўскага, Плешчаніцкага і Халопеніцкага раёнаў падчас карнай аперацыі “Котбус” з 20 мая па 20 чэрвеня 1943 г.

kottbus

У в. Малы Пустамсціж Іканскага сельсавета Бягомльскага раёна немцы разбурылі і спалілі 20 дамоў, 3 калгасныя пабудовы, забілі і па-зверску замучылі 73 мірных жыхароў, забралі ўсю асабістую маёмасць сялян, сагналі 11 кароў, 6 коней, забралі свіней, авечак і ўсіх дамашніх птушак.

Сярод забітых і спаленых большасць жанчын, старых і дзяцей. У тым ліку амаль уся сям’я Даменіка Карэнькі – 8 чалавек, сярод іх 75-гадовая Тафіля, 3-гадовы Міхаіл Верхаводка, аднагадовая Люба Верхаводка, 2-гадовы Віця Іўчык, 62-гадовая Домна Верхаводка.

Жыхары вёсак Вялікі і Малы Пустамсціж і Іканы па загадзе нямецкага камандавання былі скліканы нібыта на сход. На вуліцы гучала з патэфонаў музыка, прымусілі іграць гарманіста. У гэты ж час 15-20 немцаў хадзілі па хатах і расстрэльвалі ўсіх, каго заставалі. Калі ж усе мірныя жыхары сабраліся, іх расстралялі з аўтаматаў і кулямётаў.

У в. Гарэлы Луг Бягомльскага раёна немцы забілі 29 мірных жыхароў, 9 сагналі ў Германію, разрабавалі асабістую маёмасць сялян і забралі 34 каровы. Жывым спалілі 35-гадовага калгасніка Міхаіла Маркава, забілі 60-гадовага Пятра Стрыжына, 15-гадовую Таццяну Зянькевіч і іншых.

У в. Іканы акупанты разбурылі і спалілі 34 дамы, забілі, спалілі і замучылі 110 мірных жыхароў, сагналі ўсю жывёлу. Забілі і замучылі калгасніц: Марту Арыніч – 56 гадоў, Юлію Велінокскую – 55 гадоў, Ганну Кучок – 37 гадоў, а 70-гадовага Мікіту Валчаніна і настаўніцу Ядзвігу Коўзан, якую разлучылі з дзіцём, сілком пасадзілі на аўтамашыну. Калі машына кранулася, жанчына саскочыла і накінулася на гітлераўцаў, і тыя забілі яе.

У в. Кайтанава Бягомльскага раёна карнікі спалілі 2 дамы і сагналі ў Германію дзяўчат і хлопцаў. Спалілі 70-гадовую Ганну Рурвіч.

У в. Клюндзеўка Бягомльскага раёна немцы спалілі 29 дамоў, замучылі 2 калгаснікаў. У в. Замошша забілі 5 калгаснікаў, а моладзь сагналі ў Германію. У в. Засценак забралі ў насельніцтва ўсе прадукты харчавання і хатнія рэчы. У в. Вялікі Пустамсціж разбурылі і спалілі 44 дамы і забілі 180 мірных жыхароў, пераважна жанчын, старых і дзяцей.
Акупанты спалілі вёскі Божы Дар, Пастрэжжа, Домжарыцы Бягомльскага раёна, Лісінскую Рудню, Крацэвічы, Дубовы Лог, Глінішча Барысаўскага раёна, Люцец, Клятное, Палік, Глыбочыцу, Хонава Халопеніцкага раёна. Цяжка падлічыць усіх ахвяр фашысцкага тэрору.

Са слоў сведак, немцы забіралі ў сялян усё, не грэбуючы нічым: швейныя машыны, посцілкі, падушкі, пярыны, бялізну, верхнія і ніжнія сукенкі, дзіцячыя кашулі, посуд, розны хатні інвентар, кухоннае начынне, забіралі ўсе прадукты харчавання і г.д.

Нацыстам не ўдалося зламаць супраціўленне партызан і жыхароў Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Праз некалькі тыдняў пасля прарыву з блакады народныя мсціўцы вярнуліся ў месцы дыслакацыі і зноў сталі наносіць урон акупантам.

Выяўленыя архіўныя матэрыялы аб нацысцкай карнай аперацыі “Котбус» сёння ўваходзяць у склад дакументальнай базы расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *