Наталья Бадеева из агрогородка Крулевщина умеет быть феей

dscn4590

Хто з дзяўчынак у маленстве не марыў мець у сяброўках такую фею, якая была ў казачнай Папялушкі? Ды і самой феяй быць таксама нядрэнна: ты ўся такая прыгажэнная, паветрана-лёгкая, чароўнай палачкай узмахнеш – і ўсе жаданні выконваюцца. У жыцці ж ніхто з нас такой палачкі не мае, і, каб стварыць нешта прыгожае, незвычайнае, што прынясе задавальненне і табе, і іншым, прыходзіцца шмат папрацаваць. Але стаць феяй усё-такі магчыма, калі ў цябе добрае сэрца і ўмелыя рукі. Як у Наталлі Бадзеевай з аграгарадка Крулеўшчына, якая вось ужо шосты год чаруе над вобразамі маленькіх модніц і магію сваю сілкуе агеньчыкамі радасці ў дзіцячых вачах.

Наталля Васільеўна – Наташа, бо жанчына яна яшчэ маладая, – мясцовая. Па прафесіі эканаміст, але працуе зараз бібліятэкарам у Крулеўшчынскай сельскай бібліятэцы. Вырабляць упрыгажэнні для валасоў – заколкі, банцікі, багата дэкараваныя гумкі, абручыкі і іншае – пачала з падачы старэйшага сыночка Ягора, які на той момант быў дзетсадаўцам і папрасіў маму зрабіць для нейкага вырабу банцік. Наташа да справы падышла нефармальна, і тое, што атрымалася, спадабалася як дзецям, так і ёй самой. Тут, кажа, і панеслася.

Аднолькавыя ўпрыгажэнні яна робіць толькі ў тым выпадку, калі хтосьці з пакупнікоў папросіць: хачу такія ж, як бачыла ў вашым акаўнце (Наталля мае свой акаўнт у Інстаграм і нямала падпісчыкаў) ці ў кагосьці. У большасці ж выпадкаў, беручыся за работу, стварае непаўторныя рэчы.

– Звычайна раскладаю перад сабой стужкі, карункі, брошкі, стразы – і адразу ж у галаву прыходзяць ідэі, як усё гэта ператварыць у прыгожыя штучкі, – распавядае майстрыха. – Працую з такім задавальненнем, што не заўважаю, як ляцяць гадзіны. Немалаважна тое, што ўжо рука набіта, і тое, над чым раней праседжвала доўга, атрымліваецца ў разы хутчэй.

Думаеце, у такой справе галоўнае прыгожа скампанаваць, скажам так, “запчасткі”? Не, нашмат складаней усё змацаваць вельмі акуратна і надзейна: гэта ж не статуэтка, якую паставіш на палічку і дакранаешся да яе толькі тады, калі трэба змахнуць пыл. Асаблівай трываласцю павінны валодаць гумкі. Наташа за гэтым сочыць пільна, таму што гэта “гонар мундзіра”. А яшчэ яна разумее, што, як бы ні рэкламаваў сам уласную прадукцыю, усё ж найлепшая рэклама – гэта станоўчыя водгукі тых, хто застаўся задаволены не толькі дызайнам, але і якасцю рэчы. Праславутае “сарафаннае радыё” і ў век Інтэрнэту сваёй значнасці не губляе.

Усю фурнітуру для работы майстрыха заказвае праз той жа Інтэрнэт, да ўсяго з’яўляецца ўдзельніцай некалькіх груп па такім відзе рукадзелля, абменьваецца вопытам і напрацоўкамі з віртуальнымі сябрамі. Работы свае па жаданні пакупніка можа аформіць у падарункавым варыянце – прыгожай каробачцы ці мяшэчку. Выязджае з вясёлкавым хараством на розныя святы, фестывалі, кірмашы як на Докшыччыну, так і ў суседнія раёны. Асаблівым попытам яе вырабы карыстаюцца, вядома ж, напярэдадні свят, перад пачаткам навучальнага года ў школах і садах. Прыбытку вялікага, прызнаецца, няма, але ж ахвота горш за няволю, таму і цягнуцца штодзённа рукі да стужак і пацерак. Наташына захапленне падтрымлівае муж Дзмітрый (у яго і сваё ёсць – пчолы) і абодва сыночкі. А яшчэ яна разводзіць шмат кветак – пакаёвых і на падворку. Асабліва любіць лілеі і сама чымсьці нагадвае гэту пяшчотную кветку. А ствараць вакол сябе прыгажосць, шчодра дзяліцца ёю з іншымі – гэта ж і ёсць чараўніцтва, праўда?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *