Последователем своего педагога стала Екатерина Жабкина, учительница Докшицкой ДШИ

img_9727-s

Не адно пакаленне таленавітых музыкантаў, удзельнікаў і пераможцаў абласных і міжнародных конкурсаў вырасціла Бягомльская ДШМ. Для настаўнікаў школы, напэўна, самы найлепшы падарунак, калі захапленне мастацтвам становіцца для вучняў будучай прафесіяй. Менавіта так склалася ў настаўніцы Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага Кацярыны Жабкінай. 

Родам Кацярына з Бягомля. Яшчэ дзяўчынкай пастаянна цікавілася старэнькім гармонікам, які па святах браў у рукі дзядуля. Як зачараваная, яна назірала за спрытным пераборам чорных і белых кнопачак і цішком спрабавала паўтарыць найгрышы. А ў чацвёртым класе адважылася адна пайсці ў музычную школу.

– Ігры на баяне вучылася ў Алены Віктараўны Шаркевіч, – гаворыць Кацярына. – Гэта высакакласны спецыяліст, з якім было вельмі цікава на занятках. У большасці дзякуючы менавіта яе парадам пасля заканчэння школы паступала ў Наваполацкі музычны каледж. Па размеркаванні трапіла ў Докшыцкую ДШМ, у якой вось ужо на працягу 19 гадоў знаёмлю дзяцей са сваім любімым музычным інструментам. Заняткі музыкай вучаць слухаць і чуць прыгажосць, развіваюць памяць, слых. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца музыкай з ранняга ўзросту, з’яўляюцца больш камунікабельнымі. Да таго ж, у іх развіваецца эмпатыя. Увогуле, музыка прыносіць у жыццё шчасце, робіць нас лепшымі.

Сярод вучняў Кацярыны Юр’еўны шмат пераможцаў і прызёраў разнастайных мастацкіх конкурсаў. Акрамя гэтага, яе вучні станавіліся аднымі з лепшых на абласной алімпіядзе па музычнай літаратуры. Баяністка і сама актыўна вядзе канцэртную дзейнасць: удзельнічае ў зводным аркестры дзіцячай школы мастацтваў, іграе ў трыа “Фантазія”. Сёлета за плённую працу і высокі прафесіяналізм яна ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама.

На заняткі да Кацярыны Жабкінай, акрамя докшыцкіх юных музыкантаў, прыязджаюць вучні з вёсак раёна. Упэўнена трымаюць у руках баян Даніла Дарануца з Гліннага і Настасся Мядзведская з Гняздзілава. Сярод тых, хто стаў выхаванцам сёлета, – Ульяна Варановіч і Паліна Радзевіч з Таргуноў. Вучнямі Докшыцкай ДШМ з’яўляюцца і дзеці Кацярыны – чацвёртакласніца Ангеліна і першакласнік Кірыл. Дачка вучыцца іграць на баяне, бо марыць стаць настаўніцай, як мама, наведвае харэаграфічнае аддзяленне. Сын пакуль захапіўся тэатрам, але на наступны год таксама збіраецца ўзяць у рукі баян – вось і сямейны ансамбль складзецца.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *