Торговый объект «Провинция» открылся в деревне Северное Гнездилово Докшицкого района

img_9543

Мінулым летам у вёсцы Паўночнае Гняздзілава Крыпульскага сельсавета з’явіўся новы гандлёвы аб’ект “Правінцыя”. Ініцыятарам яго адкрыцця стаў індывідуальны прадпрымальнік Віктар Мартынаў.

Малады мужчына не пабаяўся развіваць уласны бізнес у невялікім населеным пункце, дзе, у прынцыпе, ужо даўно функцыянуе крама спажывецкай кааперацыі. Віктар даведаўся, што на аўкцыёне прадаецца былы будынак комплекснага прыёмнага пункта, прычым усяго за адну базавую велічыню, і рашыў, што на яго месцы будзе яго прадуктовая крама.

Як толькі новы гаспадар займеў будынак, не стаў марудзіць з рамонтам. Уцяпліў падлогу, абнавіў столь, сцены, печку. Закупіў новае гандлёвае абсталяванне. Абуладкаваў таксама пакой для адпачынку. Пошукамі персаналу займацца не давялося: за прылавак даверыў стаць сваёй маме Іне Віктараўне, якая ў гандлі мае багаты вопыт даўжынёй у дваццаць гадоў.

З асартыментам, па словах Віктара, вызначыліся адразу: малочная прадукцыя, каўбасныя і кандытарскія вырабы, пельмені, марозіва, газіраваныя напоі, бакалея, вялікая колькасць спецый і многае іншае. Асобна ў краме аформлены куток з прамысловай групай тавараў.

– Працуем з многімі пастаўшчыкамі, стараемся, каб прадукцыя заўсёды была свежая, якасная, – гаворыць гаспадар “Правінцыі”. – А вось што тычыцца хлеба, то перавагу аддаём нашаму, докшыцкаму.

– Крама прыйшлася нам даспадобы, – запэўнівала жанчына, якая прыехала па пакупкі з Паўднёвага Гняздзілава. – На выхадных унукі будуць гасціць, дык трэба прысмакаў набраць. Іх тут вунь які выбар! Прадавец Іна Віктараўна заўсёды ветлівая.

– Прыемна чуць словы падзякі ад жыхароў, – гаворыць Віктар. – Гэта надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні і ў тым, што ў нас усё атрымаецца. Будзем старацца радаваць нашых пакупнікоў навінкамі і якасным таварам.

Летам прадпрымальнік плануе заняцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля крамы: пасеяць газон, разбіць клумбу, а сам будынак уцяпліць. Радуе, гаворыць ён, што на канікулах у вёску прыязджае шмат дзяцей.

– Магчыма, у будучым выкуплю будынак былой школы і арганізую там летні лагер, – дзеліцца марамі Віктар. – Вёску трэба ажыўляць!

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *