ГП «АгроСитцы» держится в тройке лидеров на посевной

Сейбіт  ДП “АграСітцы” Сяргей Кучыц.

Сейбіт ДП “АграСітцы” Сяргей Кучыц.

Яшчэ ніколі веснавы час для хлебаробаў не быў лёгкім. І тэхніку да пасяўной неабходна падрыхтаваць своечасова, і ўгнаеннямі ды гаруча-змазачнымі матэрыяламі запасціся, і кадравыя пытанні, калі такія маюцца, вырашыць. У ДП “АграСітцы” з усёй адказнасцю аднесліся да гэтых надзённых задач – і, як вынік, сельгаспрадпрыемства упэўнена трымае трэцюю пазіцыю сярод гаспадарак раёна на сяўбе збожжавых і зернебабовых культур.

Яравы клін у “АграСітцах” складае 700 гектараў. Фронт веснавых палявых работ у гаспадарцы пашыраецца з кожным днём. Па стане на 15 красавіка засеяна ўжо амаль 65 працэнтаў плошчаў – 450 гектараў. На энерганасычаных трактарах з пасяўнымі агрэгатамі АПП-6 рупяцца механізатары Сяргей Кучыц і Валерый Ліпчык.За дзень атрымліваецца засеяць больш за 60 гектараў. Сяргей Аляксандравіч, на рахунку якога найбольшыя засеяныя плошчы падчас мінулагодняй пасяўной, і ў гэтым годзе тэмпаў не збаўляе.

– Нягледзячы на тое, што гэта далёка не першая мая пасяўная кампанія, бо ў сельскай гаспадарцы працую з 1998 года, усё роўна першы выезд у поле з’яўляецца падзеяй радаснай і хвалюючай, – гаворыць Сяргей Аляксандравіч. – Пачуццё адказнасці за лёс будучага ўраджаю – яно заўжды асаблівае.Ну і, вядома, перажываеш заўжды за тое, каб тэхніка не падвяла.

Своечасова забяспечваюць сейбітаў зернем, каб не было прастояў, механізатары Баляслаў Януковіч і Фёдар Каросцік. Сітцаўчане імкнуцца ўкласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы, а разам з тым у гаспадарцы яшчэ ідзе ворыва – пры плане 244 гектары ўзарана амаль удвая больш, рыхтуецца глеба пад сяўбу. Актыўна вядзецца падсеў шматгадовых траў: больш за палову запланаванага ўжо выканалі. Для работы выкарыстоўваецца без перабольшвання кожная спрыяльная гадзіна. Як іначай? Веснавы дзень, не сёння заўважана, год корміць.

Што датычыцца агульнай карціны па раёне, то з 6329 гектараў адведзеных пад веснавую сяўбу плошчаў засеяна 3737 гектараў, а гэта 59 працэнтаў да задання. Лідыруе ААТ “Барсучанка”, дзе сяўба праведзена больш як на 70 працэнтах плошчаў. З невялікім адрывам ад гэтага сельгаспрадпрыемства ідуць ААТ “Таргуны” і ДП “АграСітцы”. Ім “наступае на хвост” ААТ “Бягомльскае”. Моцна нарасцілі тэмпы работы ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – на сённяшні дзень аграрыі набліжаюцца да паловы запланаванага, а плошчы ў гаспадарцы немалыя: 1110 гектараў складае яравы клін. Такія ж паказчыкі па тэмпах у ДП “Гняздзілава-Агра”, якое таксама імкліва набрала абароты, і КУП “Докшыцкі”, які сёлетнюю пасяўную праводзіць стабільна і размерана.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *