«… Там я работала сварщиком.» Учащиеся Парафьяновской СШ собрали сведения о малолетних узниках войны — жителях сельсовета

Архіўны здымак. Вера Якаўлева – удзельніца патрыятычнага мерапрыемства ў Параф’янаве.

Архіўны здымак. Вера Якаўлева – удзельніца патрыятычнага мерапрыемства ў Параф’янаве.

З 15 красавіка па 3 ліпеня ў Віцебскай вобласці рэалізуецца інфармацыйна-патрыятычны праект “Шляхі вызвалення”. Тыдзень за тыднем інфармацыйная прастора Віцебшчыны будзе напаўняцца матэрыяламі пэўнай тэматыкі, прымеркаванымі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да праекта далучыліся і “Родныя вытокі”. Тэма гэтага тыдня – “Памяці ахвяр фашызму”.

Дзеці вайны… Пазбаўленыя дзяцінства і часта – роднага дома, бацькоў, Радзімы. Вымушаныя працаваць нараўне з дарослымі, галодныя і халодныя. Старэйшыя па магчымасці бралі ў рукі зброю, ішлі ў разведку, дапамагалі партызанам і падпольшчыкам. Боль ад пакут ваеннага ліхалецця тыя, хто выжыў, будуць несці ў сваіх сэрцах да канца дзён.

На працягу 2022/2023 навучальнага года вучні Параф’янаўскай СШ пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Жданько сабралі матэрыял пра жыхароў сельсавета, вывезеных у дзяцінстве ў Нямеччыну. Сёння раскажам пра лёс былой малалетняй вязніцы Веры Канстанцінаўны Якаўлевай, якой, на жаль, на дадзены момант ужо няма на гэтым свеце.

Вера Якаўлева – ураджэнка г.п. Асвея Верхнядзвінскага раёна, на пачатак вайны ёй было 11 гадоў. Перад вайной сям’я дзяўчынкі жыла ва Ушацкім раёне, дзе і спасціглі нямецкая акупацыя, а потым і вываз у Германію. Пасля вяртання ў Беларусь пераехалі ў вёску Целяшы Докшыцкага раёна – на радзіму Верынага таты. Кожны год, пакуль дазваляла здароўе, Вера Канстанцінаўна была госцем Параф’янаўскай школы. Вось яе ўспаміны пра перажытае:

“22 красавіка 1944 года пачалася блакада. Немцы аб’явілі, што будуць знішчаць партызан. Бацька запрог каня, і мы выехалі з дому, каб схавацца ў лесе. Раніцай пачалася бамбёжка, ірваліся снарады. Пражылі ў лесе з тыдзень. Але хтосьці выдаў. Нас знайшлі немцы і прыгналі на хутар. Раніцай усіх злоўленых пагналі праз Улу ў вёску Краснае, пасадзілі ў цягнік і павезлі на чужыну. Па прыездзе ўсіх памылі ў лазні, далі вопратку, але без нумароў”.

Вера трапіла ў Аўстрыю. Размясцілі іх у лагеры за калючым дротам. У бараку было чалавек пяцьдзясят. Працаваць вазілі на ваенны завод, дзе рабілі дэталі для самалётаў. Вера была дворнікам. “Есці давалі палонік пахлёбкі з чарвямі, – распавядала жанчына. – Але знайшліся і добрыя людзі ў ахове лагера. Адзін чэх, які вартаваў лагер, прыносіў хлеб, мяса. Хаваў, каб ніхто не бачыў, і пасля аддаваў нам. Потым вязняў адправілі на завод. Там я працавала зваршчыкам. Вельмі моцна сапсавала вочы, таму перавялі капаць акопы, цягаць тачкі з зямлёй. На той час я моцна аслабла. Гэта заўважыла лагерфюрэрша і накіравала мяне на кухонныя работы. Адтуль у салдацкіх кацялках удавалася прыносіць у барак ежу: чай, суп, хлеб. Так і дачакаліся Чырвонай Арміі. Вярнулася дадому, а хата спалена. На папялішчы красаваліся квеценню тры яблынькі. Гэта быў май”.

У школах Докшыччыны працягваецца работа па ўвекавечванні памяці герояў і ахвяр вайны.

Настаўніца Параф’янаўскай СШ Алена Жданько расказвае:

– Нашы дзеці ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях. Праводзяцца велапаходы ў спаленыя і не адноўленыя вёскі раёна: Шунеўку, Азарцы, Залатухі, а таксама на мемарыяльныя комплексы “Ходараўка” і “Прарыў”. Арганізоўваюцца экскурсіі ў Хатынь, Дальву, Брэсцкую крэпасць, на Курган Славы. Наведваем Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і Бягомльскі музей народнай славы. У Дзень Перамогі традыцыйным стала правядзенне мерапрыемства “Свечка Памяці” з нясеннем ганаровай вахты каля помніка ў аграгарадку Параф’янава.

Аліса Букатая, вучаніца 10 класа Параф’янаўскай СШ, актыўная ўдзельніца выхаваўчых мерапрыемстваў:

– Мне пашанцавала, што жыву ў мірны час. Над галавой чыстае і светлае неба. Я не баюся абстрэлаў і голаду і ўдзячная продкам, якія ваявалі за Айчыну. Мы схіляем галовы перад шматлікімі подзвігамі вызваліцеляў і ад шчырага сэрца гаворым: “Дзякуй!” Так хочацца міру на планеце, добрага, як сама вясна!

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *