Пастбищный сезон начался в сельхозпредприятих Докшицкого района

img_0633

Падчас пашавага ўтрымання кароў забяспечваецца больш за 60 працэнтаў гадавога валавога надою.

Разам з тым затраты кармоў на адзінку прадукцыі зніжаюцца да 30 працэнтаў, а сабекошт – у два разы. Ды і рагулі пад уздзеяннем свежага паветра, сонечнага святла і пры атрыманні сакавітых вітамінных кармоў аздараўляюцца. Таму і імкнуцца ў сельгаспрадпрыемствах па магчымасці перавесці жывёлу на пашавае ўтрыманне як мага раней. У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” не сталі з гэтым марудзіць і некаторыя статкі выгналі на пашу ўжо ў другой дэкадзе красавіка.

Сёлета травастой пачаў фарміравацца на два-тры тыдні раней, чым у мінулыя гады. Пераводу жывёлы на пашу павінна папярэднічаць пэўная падрыхтоўка: абсталяванне месцаў выпасу перасоўнымі даільнымі ўстаноўкамі, станкамі для асемянення, паілкамі, арганізацыя ўмоў для пражывання пастухоў, якім даводзіцца знаходзіцца на палетках кругласутачна, азнаямленне работнікаў з правіламі правядзення пашавага перыяду, расцэнкамі за прадукцыю, правядзенне інструктажаў па тэхніцы бяспекі. У гаспадарцы пра ўсё гэта паклапаціліся.

Дойны статак малочнатаварнай фермы “Свіркі”, у якім налічваецца 182 галавы, выпасваюць чатыры жывёлаводы – па двое, суткі праз суткі. Падчас нашага прыезду працавалі Міхаіл Ліпчык і Павел Федаровіч.

– Звычайна каровы знаходзяцца ў полі з канца красавіка ці пачатку мая і да канца кастрычніка, а сёлета выгналі жывёлу раней, – гаворыць старэйшы з пастухоў, Міхаіл Казіміравіч. – Травы яшчэ трохі не дараслі да найлепшай для паядання вышыні ў 20 сантыметраў, і таму клеткі прыходзіцца перастаўляць часцей. Аднак дажджы праходзяць, і зеляніна хутка ідзе ў рост. Канешне ж, і надоі пачынаюць павышацца, а яны ж напрамую залежаць ад таго, як мы пастараемся наш статак напасвіць. Таму шчыруем, не лянуемся.

Паляжаць у доміку, працепліўшы печку-буржуйку, з тэлефонам ці кніжкай асабліва часу не выпадае: акрамя перагонкі статку, трэба перад прыездам аператараў машыннага даення вады ў катле нагрэць, сачыць увесь час, каб рагулі дзе-небудзь не “прарвалі фронт” і не нарабілі якой шкоды, а таксама за іх паводзінамі, здароўем. Заўважыўшы непаладкі, абавязкова патэлефанаваць ветурачу. А яшчэ ж і ацёлы праходзяць. Карацей, калі хтосьці думае, што работа пастуха – гэта сядзі сабе на сонейку ды мух адганяй, той глыбока памыляецца. Ды і дні бываюць і дажджлівыя, і ветраныя, а ночы – халодныя.

– Самая аптымальная тэмпература і для нас, і для кароў – 23-25 градусаў, – адзначыў малады, але таксама ўжо з вопытам работы жывёлавод Павел Федаровіч. – Тады і працуецца камфортна, і надоі добрыя.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *