Участковый Докшицкого РОВД Евгений Романовский стал победителем Республиканских соревнований по гиревому спорту

img_2152-1s

Участковы Докшыцкага РАУС лейтэнант міліцыі Яўген Раманоўскі заваяваў першае месца ў Рэспубліканскіх спаборніцтвах па гіравым спорце па доўгім цыкле ў вагавой катэгорыі 90 кілаграмаў. “РВ” паспяшаліся павіншаваць земляка і з такой важнай нагоды пагутарыць пра шлях у прафесію, выбар спартыўнага кірунку, трэніроўкі ў анлайн-рэжыме і тыя якасці, якімі павінен валодаць спартсмен з перыферыі, каб узяць золата на рэспубліцы.

Яўген родам з Бягомля. Хадзіў у мясцовую школу, вольны час праводзіў, як і большасць аднагодкаў: на свежым паветры, за гульнямі ды забавамі. Але была ў хлапчука асаблівая цяга да спорту, якую, насамрэч, пашчасціць развіць, калі патрапіць у надзейныя рукі выдатнага трэнера.

Такой першай прыступкай на жыццёвым алімпе стала сустрэча з заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь Іванам Рацькавічам.
– Да Івана Дзмітрыевіча я патрапіў пазнавата, – разважае Яўген, – дзесьці ў восьмым класе. Аднак і за тры гады нашых заняткаў гэты без перабольшвання вялікі чалавек, які даў пуцёўку ў спартыўнае жыццё многім маім землякам, змог укласці ў мяне многае. Напрыклад, уменне не пасаваць перад цяжкасцямі і бачыць не бліжэйшыя поспехі, а вынік на перспектыву. Дарэчы, дзякуючы менавіта яго парадзе я паступіў у БДУФК на кафедру лёгкай атлетыкі.

Пасля ўніверсітэта Яўген Раманоўскі вярнуўся ў родны раён і амаль чатыры гады выкладаў у Бярозкаўскай школе фізічную культуру. Гэты непрацяглы час працы з дзецьмі афіцэр прыгадвае з асаблівай цеплынёй. Бо, нягледзячы на тое, што пачынаць свой працоўны шлях давялося ў сельскай школе, спартыўная база там была выдатная, калектыў – добразычлівы, а вучні, не збалаваныя безліччу гурткоў і забаў, з захапленнем адгукаліся на прапанову трэнера заняцца лёгкай атлетыкай.

– Менавіта там, у Бярозках, вырашыў, што называецца, пашырыць свой спартыўны кругагляд, – працягвае Яўген, – і выбар патрапіў на гіравы спорт, бо яшчэ падчас службы ў арміі налягаў на сілавыя віды спорту. Шчыра прызнацца, гіравіку для заняткаў шмат інвентару не трэба – было б жаданне. Жаданне ў мяне было, а вось вузкіх ведаў у гэтым цыклічным сілавым відзе спорту – малавата. Гэта на першы погляд падаецца: што там такога? Качай рукі – і ўсё. А яно – не. Без падказак трэнера да спаборніцтваў не дацягнеш.

І наш герой пачаў шукаць такіх жа апантаных гіравікоў. Профільныя сайты, форумы, асабістыя старонкі спартсменаў. Інфармацыю паглынаў прагна. А потым увогуле асмеліўся, вырашыў напісаць майстру спорту міжнароднага класа, чэмпіёну свету, чатырохкратнаму прызёру Еўропы, сямікратнаму чэмпіёну краіны, двухкратнаму рэкардсмену Рэспублікі Беларусь, рэкардсмену свету мазыраніну Сяргею Дарожку. І тытулаваны спартсмен адказаў, больш за тое, стаў даваць парады і трэніраваць Яўгена ў рэжыме анлайн.

Некалькі гадоў таму таленавітага настаўніка фізкультуры Яўгена Раманоўскага паклікалі на службу ў органы ўнутраных спраў на два досыць вялікія ўчасткі – Бягомльскі і Бярозкаўскі сельсаветы. Пасада ўчастковага інспектара, вядома, новая для яго, аднак сёе-тое з настаўніцкай работай пераклікаецца, Яўген жартуе, што выхаваўчы працэс працягваецца, праўда, “вучні” падраслі. Да ўчастковага ідуць з самымі рознымі запытамі – ад сямейнай спрэчкі да непадзеленай суседскай мяжы. Але прынцып разгляду спраў застаўся, як у спорце: дысцыпліна ў дзеяннях і павага да закону (у спорце – правілаў) і навакольных.

Нягледзячы на вельмі загружаны графік, участковы Раманоўскі і ад сябе патрабуе сістэмнасці: тры трэніроўкі на тыдзень, хаця б па дзве гадзіны, – і ніякіх паблажак. А вынік – ён агучаны на пачатку нашага артыкула. І хочацца верыць, што гэта не мяжа. Напрыклад, з цягам часу малады чалавек хацеў бы паспрабаваць свае сілы на спаборніцтвах вышэйшага ўзроўню: напрыклад, здорава было б пацягацца з расіянамі, якія з’яўляюцца аднымі з найлепшых гіравікоў у свеце. Ну і заваяваць статус майстра спорту, бо ступень кандыдата ў яго ўжо ў кішэні. Так трымаць, зямляк!

photo_2024-03-26_21-10-08

photo_2024-03-26_21-09-47

photo_2024-03-26_21-09-28 photo_2024-03-26_21-08-26-2

photo_2024-03-26_21-09-57

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага
архіва Я. Раманоўскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *