Жительница агрогородка Парафьяново награждена орденом Матери

photo_2024-05-30_11-11s

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей 12 жыхаркам Прыдзвінскага краю кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін уручыў, бадай, самую галоўную ўзнагароду ў жыцці жанчыны – ордэн Маці.

Прыемна канстатаваць, што ў іх ліку і наша зямлячка – жыхарка аграгарадка Параф’янава Ірына Вайцяховіч-Корсак, жывёлавод ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.

На ўрачыстым прыёме ў аблвыканкаме, на які запрасілі шматдзетных маці, Аляксандр Субоцін з вялікай цеплынёй падзякаваў матулям за іх цяжкую і ў той жа час важную справу – годна гадаваць дзяцей, даваць ім пуцёўку ў жыццё, знаходзіць у паўсядзённай крутаверці час, каб аддаваць ім ласку, пяшчоту, увагу.

Па добрай традыцыі на падобныя цырымоніі шматдзетных маці суправаджаюць дзеці. Вось і са зразумелым хваляваннем Ірыне Анатольеўне дапамагалі справіцца 14-гадовы Толя і 12-гадовая Ганна (на здымку). Дома матулю засталіся чакаць 15-гадовы Марат, Сняжана, якой восем, і самая маленькая дачушка – Сафія. У канцы лета дзяўчынцы споўніцца два годзікі.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2024 года нумар 196 за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей ордэнам Маці ўдастоены 12 жанчын – жыхарак Віцебскага, Верхнядзвінскага, Докшыцкага, Дубровенскага, Аршанскага, Талачынскага, Шаркаўшчынскага раёнаў і г. Наваполацка. Жанчынам таксама былі ўручаны грашовыя ўзнагароды ў памеры пяці бюджэтаў пражытачнага мінімуму, грашовыя сертыфікаты ад таварыства “Еўрагандаль” і шматлікія падарункі ад грамадскіх арганізацый.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота прадастаўлена ТЦСАН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *