Восстановление Витебщины и Докшицкого района после освобождения от немецко-фашистских захватчиков
У час Вялікай Айчыннай вайны Беларусь панесла велізарныя матэрыяльныя страты. Былі разбураны гарады і вёскі, больш за 10 тыс. прадпрыемстваў. Па стане эканамічнага развіцця БССР была адкінута да ўзроўню 1928 года, а канкрэтна па прамысловасці і энергетыцы – да 1913-га. У вызваленай рэспубліцы дзейнічала толькі 2 % даваенных энергетычных магутнасцей, значны ўрон быў нанесены транспарту і сельскай гаспадарцы.
Прыдзвінне
Як аднаўляў гаспадарку ў бліжэйшыя месяцы пасля вызвалення Прыдзвінскі край, падзелены на Віцебскую і Полацкую вобласці?
Была прынята пастанова аб дзейнасці торфапрадпрыемства “Асінторф”, каб забяспечыць палівам электрастанцыю імя Сталіна “БелДРЭС” і падаваць электраэнергію ў прамысловыя гарады: Віцебск, Магілёў, Оршу і Шклоў.
***
Асноўная нагрузка па апрацоўцы зямлі прыпадала на коней, і Чырвоная Армія рэгулярна накіроўвала сялянам трафейных жывёл.
Напрыклад, паводле рашэння Саўнаркама БССР і ЦК КП(б)Б ад 20 сакавіка 1945 года з зоны дзеяння І Беларускага фронту перадалі калгасам і саўгасам Полацкай вобласці 1600 трафейных коней і 500 жарабят, Віцебскай – 1200 і 300 адпаведна.
***
Прынята рашэнне аб развіцці садоўніцтва.
У Віцебскай вобласці неабходна было аднавіць 325 га садоў, у Полацкай – 300 га. Гадавальнікам ставілася задача па вырошчванні саджанцаў.
***
З удзелам насельніцтва праведзена вялікая работа ў Віцебску.
Так, адкрыліся фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі”, лодачны завод, хлебакамбінат і іншыя прадпрыемствы.
Часткова былі разабраны разбураныя будынкі. Пры гэтым нарыхтавалі 1,5 млн штук цэглы, дзясяткі тон жалеза і будматэрыялаў. Вярнулі ў эксплуатацыю 107 тыс. кв. м жылой плошчы, адрамантавалі 30 км магістралей водаправода.
У 1945 годзе Віцебскі гарвыканкам пастанавіў аднавіць каналізацыю, пачаць будаўніцтва завода метызаў і керамічнага завода, фабрыкі гонты, пашырыць чарапічную вытворчасць.
Праводзілася санітарная ачыстка абласнога цэнтра.
Докшыччына
За тры гады акупацыі докшыцкая зямля страціла ўсе прамысловыя прадпрыемствы, калгасы, сацыяльныя, бытавыя і культурныя ўстановы. Акупанты вывезлі ў Нямеччыну 3170 коней, 4513 галоў буйной рагатай і 17 тыс. дробнай жывёлы.
Пачалася мабілізацыя працаздольнага насельніцтва на аднаўленчыя работы. Ствараліся будаўнічыя брыгады. Між тым вайна працягвалася, на фронце змагаліся многія жыхары раёна, таму адчуваўся востры недахоп працоўнай сілы.
***
Да сакавіка 1945 года былі зноў створаны структуры ўсіх 14 сельсаветаў раёна. Аднавіліся два перадваенныя калгасы – імя Молатава і “17 Верасня”, Докшыцкая МТС, саўгас “Сітцы”.
***
Прыступілі да выпуску прадукцыі райбыткамбінат, лесазавод, Сітцаўскі спіртзавод, шэраг арцелей па пашыве абутку і іншых вырабаў. Важнае значэнне мела адноўленая работа чыгуначнай станцыі Крулеўшчына і электрастанцыі.
***
Вырашэнне жыллёвага пытання аказалася самым цяжкім. Сотні сем’яў жылі ў паўразбураных дамах, свірнах, зямлянках. Дзяржава выдаткавала на жылы фонд грошы, будаўнічы лес, шкло, пілы, сякеры. У Крулеўшчыне і Плітніцы пачалі працаваць цагельныя заводы. Была адкрыта бляхарная майстэрня.
***
У жніўні 1944 года калгасам раёна была выдзелена дзяржаўная пазыка ў выглядзе насення збожжавых, ільну, бульбы, іншых культур.
Коней не хапала, таму часта запрагалі ў плуг кароў, а глебу перакопвалі рыдлёўкамі.
***
Адбудоўваліся вёскі і райцэнтр. У маі 1946 года райвыканкам, райкам КП(б)Б вярнуліся ў Докшыцы. Многія школы перабраліся з прыватных дамоў у новыя будынкі. У Докшыцы з Параф’янава пераехала і рэдакцыя раённай газеты “Ленінская праўда”.
Ніна КРУКОВІЧ.