Библиограф Докшицкой центральной районной библиотеки Валентина Хилько профессию выбрала раз и навсегда

img_4708

15 верасня — Дзень бібліятэк

Выбраць прафесію адну і назаўжды ўдаецца не кожнаму. У бібліёграфа аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціны Хілько гэта атрымалася.

Любоў да чытання прывяла яе пасля заканчэння школы ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна. Працоўны стаж, які складае амаль сорак гадоў, пачынала старшым бібліятэкарам Несцераўшчынскай сельскай бібліятэкі. У хуткім часе маладога спецыяліста перавялі ў цэнтральную раённую бібліятэку Докшыцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, дзе на розных пасадах яна спасцігала азы любімай прафесіі. Як кажа Валянціна Дзмітрыеўна, калі б атрымалася вярнуцца на сорак гадоў таму, нічога не змяніла б.

Працоўнае месца бібліёграфа знаходзіцца ў чытальнай зале. Усё, што трэба для работы, – гэта камп’ютар, прынтар і кнігасховішча. Валянціна Дзмітрыеўна не проста цікавіцца перыёдыкай. Яна ўважліва чытае кожны нумар газеты, часопіса, класіфікуе навіны і ўносіць іх у электронную базу даных “AlisWEB”.

– Ёсць і картатэка, з дапамогай якой можна знайсці патрэбную кнігу ці аўтара, – гаворыць бібліёграф. – Паступова і гэтыя даныя ўношу ў электронную базу. Акрамя сістэматызацыі інфармацыі, займаюся даведачна-бібліяграфічным і інфармацыйным абслугоўваннем чытачоў, падрыхтоўкай бібліяграфічных матэрыялаў і даведнікаў, метадычных матэрыялаў, інфармую чытачоў аб новых паступленнях літаратуры.

А яшчэ бібліёграф вядзе выдавецкую дзейнасць: друкуе тэматычныя буклеты, брашуры вершаў мясцовых аўтараў, паданняў пра населеныя пункты раёна, цікавую інфармацыю пра прыроду роднага краю, помнікі архітэктуры, знакамітых людзей.

Асаблівую ўвагу Валянціна Хілько ўдзяляе краязнаўчай рабоце. Дзякуючы яе намаганням у бібліятэцы створаны інфармацыйна-краязнаўчы куток “Радзіма белых буслоў”, дзе сабраны фонд краязнаўчай літаратуры, кнігі пісьменнікаў-землякоў, шматлікія альбомы, тэматычныя папкі-дасье. Назапашаны матэрыял актыўна выкарыстоўваецца вучнямі школ горада, настаўнікамі і студэнтамі.

Адказвае спецыяліст і за работу публічнага цэнтра прававой інфармацыі, які ўключае ў сябе інфармацыйны фонд, кнігі і перыядычныя выданні па праве.

Бібліёграф пастаянна супрацоўнічае з раённай газетай, рыхтуючы артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў. За значны ўклад у захаванне культурнай спадчыны, папулярызацыю творчасці беларускіх пісьменнікаў дзейнасць бібліёграфа Валянціны Хілько не раз адзначалася раённымі і абласнымі ўзнагародамі.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *