В Докшицком районе проходит массовая вакцинация населения против гриппа
У раёне праходзіць масавая вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу, у тым ліку сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. Наколькі важна вакцынавацца ў гэты перыяд, расказала галоўны санітарны ўрач раёна Ганна Трашчанка.
– Прышчэпка неабходна ў першую чаргу людзям, якія адносяцца да групы рызыкі, – звяртае ўвагу Ганна Казіміраўна. – Гэта дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытным станам, асобы ва ўзросце старэй за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, а таксама медыцынскія работнікі. Вакцынацыю важна зрабіць і работнікам гандлю, грамадскага харчавання, сферы адукацыі і транспарту.
– Якая вакцына будзе прымяняцца ў гэтым сезоне?
– Бясплатна вакцынавацца супраць грыпу можна будзе трохкампанентнай вакцынай “Грыпол Плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі. Хто жадае зрабіць працэдуру на платнай аснове, прапануецца чатырохкампанентная вакцына “Ваксігрып Тэтра” вытворчасці Францыі.
– Куды трэба звяртацца, каб прышчапіцца?
– У Докшыцкую ЦРБ, у працэдурныя кабінеты № 304 і
№ 207, у адпаведнасці з графікам іх работы, а таксама ў тэрытарыяльныя арганізацыі аховы здароўя. Дарэчы, вакцынавацца можна адначасова і ад грыпу, і ад каранавіруснай інфекцыі. Ад ковіду медыкі прышчэпяць вакцынай “Спутнік Лайт”.
– Калі ласка, нагадайце яшчэ раз пра меры прафілактыкі, якіх неабходна прытрымлівацца, каб не падхапіць інфекцыю?
– Неабходна пазбягаць зносін з людзьмі, у якіх ужо ёсць прыкметы захворвання – насмарк, кашаль, павышаная тэмпература цела. Старацца менш бываць у месцах масавага знаходжання. Захоўваць правілы асабістай гігіены. Часцей праветрываць памяшканні і рабіць вільготную ўборку. І, канешне, прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, уключаючы паўнацэнны сон, фізічную актыўнасць і гартаванне.