Благодаря гражданской инициативе в урочище Чистополье в Докшицах появится тропа здоровья
Многія дакшычане, асабліва аматары прагулак на свежым паветры па-за горадам, звярнулі ўвагу на некаторыя абнаўленні на месцы былога аўтадрома ва ўрочышчы Чыстаполле. Літаральна за некалькі месяцаў мінулага года тут на пляцоўцы былі абуладкаваны спартыўныя комплексы. Відазмянілася і горка, з якой у зімовы снежны сезон любяць пакатацца і дзеці, і дарослыя. Як стала вядома, усе работы праводзяцца ў межах праекта грамадзянскіх ініцыятыў “Па дарозе да здароўя”, які стаў пераможцам конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Віцебскай вобласці.
Што ўжо зроблена і якія цікавінкі чакаюць аматараў здаровага ладу жыцця ў зоне адпачынку? З гэтымі пытаннямі звярнуліся да загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Віктара Гаўрыловіча.
– Прапанова, каб абуладкаваць у гарадской лесапаркавай зоне адпачынку “Сцежкі здароўя”, паступіла ад грамадзян. Ініцыятыву актыўна падтрымаў раённы Савет дэпутатаў, які сумесна з сектарам спорту і турызму распрацаваў праект, рэалізацыя якога практычна завершана, – гаворыць Віктар Васільевіч. – Сцежка пракладзена па ўжо існуючай дарожцы вакол аўтадрома, яе працягласць – кіламетр. Ёсць на ёй і бегавая дарожка на 500 метраў. Уздоўж сцежкі здароўя размешчаны разнастайныя вулічныя трэнажоры. Акрамя таго, абсталяваны спецыяльныя пляцоўкі для гульні ў валейбол і бадмінтон, на якіх, як толькі наступіць цёплы сезон, нацягнуцца сеткі. Асаблівасцю стане і сцежка адчуванняў для аматараў пахадзіць басанож. Па ўсёй тэрыторыі размешчаны стэнды, на якіх, напрыклад, ёсць інфармацыя пра практыкаванні на многафункцыянальнай спартыўнай пляцоўцы, а таксама правілы катання з горкі. Дарэчы, сама горка дзеля бяспекі з аднаго боку агароджана, маецца на ёй і асвятленне. На рэалізацыю праекта выдаткавана дваццаць адна тысяча беларускіх рублёў, асноўная частка якіх – з абласнога бюджэту.
Ажыццявіць грамадзянскую ініцыятыву дапамагалі шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Падрыхтоўкай месца, яго выраўноўваннем і добраўпарадкаваннем, дастаўкай будаўнічага матэрыялу, усталяваннем спартыўнага інвентару, асвятленнем пляцоўкі і іншымі работамі займаліся філіял ДРБУ № 180, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Докшыцкае ПМС, будаўнічая вытворчасць “Докшыцы”, Бягомльскі лясгас, Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, Докшыцкія РГЗ і РЭС. На добраўпарадкаванні зоны працавалі валанцёры раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.
Сцежка здароўя будзе выкарыстоўвацца на працягу ўсяго года: зімой – як лыжня, летам – як веласіпедная, бегавая, прагулачная, для скандынаўскай хадзьбы. Хочацца спадзявацца, што і самі карыстальнікі будуць падтрымліваць у належным стане тое, што створана для іх камфортнага адпачынку.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.