Инспектор ДПС из Докшиц выступил с инициативой создания виртуального музея партизанской землянки
Малады спецыяліст АДАІ РАУС Віталь Глазко другі год служыць інспектарам ДПС. За гэты час ён актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё раёна. І не толькі як удзельнік разнастайных конкурсаў, спаборніцтваў, дыялогавых пляцовак БРСМ. Сёлета ён трапіў у фіналісты рэспубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” з ініцыятывай стварыць віртуальны музей партызанскай зямлянкі.
Здаецца, толькі месяц таму Віталь знаёміў журы раённага этапу конкурсу з напрацоўкамі праекта, як ужо сёння з дапамогай акуляраў для віртуальнай рэальнасці любы ахвотны можа трапіць у зямлянку і ўбачыць, як жылі партызаны. Ажыццявіць ідэю Віталь змог з дапамогай спецыяльнай праграмы для стварэння трохмернай камп’ютарнай графікі. Для гэтага займаўся самаадукацыяй.
Дарэчы, камп’ютарнай праграмай зацікавіўся падчас вучобы ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Яшчэ курсантам прыдумаў праграму па вывучэнні Правілаў дарожнага руху з дапамогай віртуальнага рэгуліроўшчыка, з якой таксама ўдзельнічаў у “100 праектах для Беларусі”.
– Ідэя візуалізаваць быт партызан з’явілася падчас пошуку архіўных даных пра прадзедаў, – гаворыць Віталь. – Чатыры з іх былі менавіта партызанамі. Увогуле, тэма Вялікай Айчыннай вайны мяне хвалявала са школьных гадоў. Маім суседам быў вядомы краязнавец Мікалай Чысцякоў. Хлопчыкам любіў бегаць да яго і слухаць цікавыя расказы пра герояў-землякоў. Бачачы мой інтарэс да гісторыі, Мікалай Дзмітрыевіч падарыў мне кніжку пра падпольшчыкаў, якую і сёння захоўваю.
У школе Віталь Глазко вывучаў на павышаным узроўні біялогію і хімію, плануючы ў будучыні стаць доктарам. Пры гэтым яго вельмі цікавіла дзейнасць праваахоўных органаў, што ўрэшце прывяло да паглыбленага вывучэння грамадазнаўства і паступлення ў акадэмію. Нягледзячы на тое, што з першага разу зрабіць гэта не атрымалася (не хапіла некалькіх балаў), ён не засмуціўся і не апусціў рукі. Стаў студэнтам Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа, падчас вучобы ў якім працягваў рыхтавацца да спробы нумар два. Ва ўстанове адразу ўвайшоў у склад моладзевага атрада аховы правапарадку, за актыўную дзейнасць у якім быў адзначаны падзячным лістом у адрас бацькоў. Штогод працаваў у студатрадах. Чатыры гады вучобы яшчэ больш загартавалі яго і без таго рашучы характар.
Ужо як курсант кафедры інфармацыйнай бяспекі Акадэміі МУС Віталь пачаў займацца навуковай дзейнасцю, актыўна ўдзельнічаць у канферэнцыях і іншых рэспубліканскіх мерапрыемствах. Яго даследчая праца “Храмы Докшыцкай зямлі” была адзначана сярод лепшых у агульнаадукацыйным духоўна- асветніцкім конкурсе “Астрожскія чытанні”.
У лёсавызначальным выбары: застацца служыць у сталіцы ці вярнуцца на малую радзіму – Віталь Глазко спыніўся на Докшыцах.
– Тут мае карані, мой любімы дзядуля Валодзя, з якім мы засталіся адны на гэтым свеце, – гаворыць суразмоўца. – Магчыма, што мой патрыятызм – гэта яго заслуга. У свой час ён вучыўся ў Талінскім мараходным вучылішчы. Быў інжынерам, больш за дзесяць гадоў кіраваў радыёрубкай. Але яго заўсёды цягнулі да сябе родныя Докшыцы. Як і мяне. Увогуле, лічу, што патрыётамі не становяцца – імі нараджаюцца. Ад кожнага з нас залежыць, як наша пакаленне будзе цаніць свой дом, сям’ю, Радзіму. Думаю, што тут важную ролю іграюць традыцыі. Пры гэтым не трэба баяцца выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Вось чаму мяне так цікавіць віртуальная рэальнасць. Яе можна выкарыстоўваць у любой сферы. Напрыклад, рэканструяваць гістарычныя будынкі, храмы. Уявіце сабе, што падчас экскурсіі ў сядзібу Дамейкаў у Сітцах з дапамогай сучасных тэхналогій можна было б стаць, няхай і віртуальна, удзельнікам балю. Вяртаючыся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, вельмі хочацца стварыць нават не адзін, а сетку віртуальных музеяў партызанскага руху.
Бліц-апытанне:
– Тры галоўныя якасці, якія шануеш у людзях?
– Абавязковасць, сумленнасць і справядлівасць.
– Што робіць жыццё больш шчаслівым кожны дзень?
– Асэнсаванне таго, што мы жывём у спакойнай, мірнай краіне, што мае родныя жывыя і здаровыя, што ў мяне ёсць работа і ёсць мэты, да здзяйснення якіх імкнуся.
– Тры кнігі, якія, на тваю думку, трэба прачытаць кожнаму?
– Хачу парэкамендаваць раман Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь”, а таксама кнігі пра партызанскі рух у нашай краіне, пра герояў Вялікай Айчыннай вайны і пра гісторыю Савецкага Саюза і Беларусі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.