В ГЛХУ «Бегомльский лесхоз» налажена переработка древесины законченного цикла
На добраўпарадкаванай вытворчай тэрыторыі ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”, пад якую адведзена значная плошча акурат за адміністрацыйным будынкам установы, заўжды пануе ажыўленне людзей, транспарту. Менавіта там сканцэнтраваны асноўныя аб’екты, якія дазваляюць прадпрыемству арганізаваць безадкідную перапрацоўку драўніны: лінія сартавання, дрэваапрацоўчы цэх, сушыльныя камеры, месца захоўвання прадукцыі і завод па вытворчасці паліўных гранул (пелет). Сартаванне драўніны, вытворчасць пілапрадукцыі, пагрузка на транспарт ажыццяўляюцца практычна без супынку. На складзе прадукцыя надта не залежваецца.
На сённяшні дзень цэх дрэваапрацоўкі налічвае 63 чалавекі штату. Станочнікі, сарціроўшчыкі, рамшчыкі, трактарысты, слесары працуюць пад кіраўніцтвам майстраў і начальніка цэха Аляксандра Герасімёнка. Па яго словах, штомесяц цэх выпускае 1400-1500 кубаметраў піламатэрыялаў. Каля 55 працэнтаў ад агульнай колькасці выпушчанай прадукцыі ідзе на экспарт у Літву, Латвію, Польшчу. Прадукцыя даступна і для айчыннага спажыўца. Не толькі юрыдычныя, але і фізічныя асобы набываюць якасныя піламатэрыялы, абшыўку, гаспадарчы кол і інш. Зімой попыт крыху змяншаецца, аднак з пачаткам вясенне-летняга сезона рэалізацыя зноў павялічваецца.
Работа цэха не спыняецца і арганізавана пазменна. Рабочыя не толькі з мясцовых жыхароў, але і з райцэнтра, іншых населеных пунктаў раёна. Іх дастаўка штодзень ажыццяўляецца транспартам арганізацыі. На этапе сартавання драўніны працуе шмат жанчын, якія выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
Вельмі адказна на вытворчасці падыходзяць да пытанняў аховы працы і захавання працоўнай дысцыпліны. Рабочыя ў поўным аб’ёме забяспечаны спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай абароны. З рабочых цэха запыт вялікі, ды і фізічная нагрузка на іх значная, аднак і заробак у людзей дастойны. Менш чым пяць мільёнаў не атрымліваюць, а за перавыкананне плану ў некаторых гэта лічба і да дзевяці набліжаецца.
Сярод работнікаў начальнік цэха вылучае станочніка Аляксандра Пусташылу, вадзіцеля пагрузчыка Уладзіміра Прымшыца, майстра Аляксандра Юхнаўца.
***
Больш за сем гадоў таму ў лясгасе была распачата мадэрнізацыя вытворчасці. Шмат было зроблена за гэты час: ад мантажу і адладкі абсталявання, выпуску якаснай канкурэнтаздольнай прадукцыі да маніторынгу попыту і наладжвання стабільных рынкаў збыту і нарошчвання экспартнага патэнцыялу.
У сакавіку з рабочым візітам лясгас наведаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, які станоўча ацаніў работу лясгаса ў накірунку дрэваапрацоўкі, зрабіў акцэнт на пытаннях тэхналогіі перапрацоўкі прадукцыі, аб’ёмах нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны, рэнтабельнасці вытворчасці. Старшыня аблвыканкама зазначыў, што сёння дрэваапрацоўкай займаюцца многія суб’екты гаспадарання розных форм уласнасці, у тым ліку і лясгасы, якія маюць адпаведныя цэхі. Кожны вытворца павінен імкнуцца выпускаць якасны тавар, умацоўваць свой імідж, укладаць інвестыцыі ў сучаснае абсталяванне і асвойваць новыя віды канкурэнтаздольнай прадукцыі.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.