В рамках месячника военно-патриотического воспитания в Глинской СШ прошел урок мужества
У Глінскай СШ у межах месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання адбыўся ўрок мужнасці.
Яго гасцямі сталі ваенны камісар раёна падпалкоўнік Віталь Леснічэнка і настаяцель прыхода храма велікамучаніка Георгія Перамоганосца в. Тумілавічы протаіерэй Пётр Іоська (на здымку разам з вучнямі).
– Патрыёт той, хто любіць сваю Айчыну, – скажаце вы, – звярнуўся Віталь Генадзьевіч да юнакоў і дзяўчат. – Давайце паразважаем над сэнсам гэтых слоў. Любоў да чалавека звычайна праяўляецца ў клопаце аб ім і падтрымцы. Тое ж самае павінна праяўляцца і ў дачыненні да Радзімы: любіць – значыць ахоўваць і абараняць. Ці з’яўляецеся вы патрыётамі, седзячы за партамі? Канечне! Бо веды, якія атрымліваеце зараз, дапамогуць у будучыні атрымаць тую ці іншую прафесію, з якой вы будзеце ўмацоўваць эканамічны патэнцыял нашай краіны. Калі вы клапоціцеся пра сваё здароўе, вы ўмацоўваеце здароўе нацыі. І такіх граняў у патрыятызму вялікае мноства.
– З патрыятызмам непарыўна звязаны духоўнасць і маральнасць, – далучыўся да гутаркі айцец Пётр. – Калі ў чалавека няма веры – няма і любові да Радзімы. У гісторыі мноства падзей здаралася менавіта па Божай волі. Мы павінны свята захоўваць і прымнажаць традыцыі старэйшых пакаленняў і выхоўваць на іх прыкладзе мужных абаронцаў сваёй Айчыны.
Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што гарантам бяспекі краіны выступаюць Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Менавіта ад пільнасці і прафесіяналізму воінаў залежыць спакой мільёнаў людзей.
– Рэспубліка Беларусь – гэта суверэнная дзяржава, у якой забяспечваецца мір і стабільнасць, – гаварыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вераніка Гмырак. – У нас з вамі ёсць магчымасць вучыцца, працаваць, будаваць жыццёвыя планы і рэалізоўваць іх, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей і мець сілы, каб ахоўваць і абараняць гэтыя каштоўнасці. Прафесія ваеннага – абаронцы Айчыны – заўсёды была, ёсць і будзе ганаровай.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.