Сердце и заботу дарит восьмерым детям приёмная мама из Бегомля Татьяна Гаврильчик
Бацькі невялікіх сем’яў з цікавасцю назіраюць за шматдзетнымі: як спраўляюцца з выхаваннем, доглядам? Міжволі разважаюць: як не надакучыць бытавая мітусня? І дзе ўзяць час на ўласныя захапленні? І толькі самі шматдзетныя, як правіла, сцвярджаюць: вялікім гуртам усё даецца лягчэй. З такім меркаваннем згодна і прыёмная мама з Бягомля Таццяна Гаўрыльчык. У яе пяцёра родных і трое прыёмных дзяцей. І ўжо абагацілася ўнукам і ўнучкай.
Таццяна – ураджэнка Масквы, жыла ў Мінску, а ў Бягомль прыехала ў 1999 годзе – на радзіму мужа. Па адукацыі медыцынская сястра і зараз працуе па спецыяльнасці на паўстаўкі ў Бягомльскай сярэдняй школе.
Старэйшая дачка Вера, якая таксама ўжо стала мамай, жыве побач і часты госць у бацькоўскім доме. Сын Якаў у Мінску. Ганна на адпрацоўцы ў дзіцячай школе мастацтваў на Глыбоччыне. Лія – вучаніца дзявятага класа, Маша – пятага.
Прыёмны двухмесячны Ягорка з’явіўся ў Гаўрыльчыкаў у 2019-м. Адчайная просьба даць прытулак яму, пакінутаму роднай маці ў бальніцы, прыляцела ад Таццянінай свекрыві, якая ўзяла да сябе на выхаванне толькі Ягораву сястрычку, а хлопчыка “пацягнуць” была ўжо не ў сілах. Гэты зварот быў для Таццяны як гром сярод яснага неба. “Куды яшчэ аднаго? – ліхаманкава думала яна. – Сваіх бы да толку давесці…” Жанчына вагалася. На шалях роздуму знаходзіліся незвычайная чуллівасць, уласцівая ёй, і разумная ацэнка ўласных магчымасцей. Кропку паставіла Анечка: “Што тут думаць, мама? Ты сабе ніколі не даруеш абыякавасці. Не гэтаму ты нас вучыла…” Падтрымалі і астатнія родныя.
Так, у вочы не бачыўшы малога, яна з дакументамі на руках паехала яго забіраць…
– Маленечкі такі камячок, бездапаможны, – выцірае слёзы, успамінаючы, Таццяна Якаўлеўна. – Як аказалася, яшчэ і нездаровы…
Так неспадзявана жанчына пакінула любімую работу і пайшла ў дэкрэт. І зноў бяссонныя ночы, бутэлечкі з малочнымі сумесямі, купанні-пераапрананні… Адхуквала сыночка, змагалася за яго здароўе, вяртала да жыцця. І ніколі ў гэтых клопатах не была ў адзіноце – побач былі яе старэйшыя дзеці.
Ягор стаў усеагульным любімчыкам. І самае галоўнае, дзякуючы своечасовым лекам, стараннаму догляду і мамінай пяшчоце хлопчык у хуткім часе пазбавіўся ад небяспечнай хваробы.
…А праз два гады пасля з’яўлення ў доме Ягора яшчэ адзін тэлефонны званок ускалыхнуў Таццяніну душу. Служба апекі прапанавала прыняць у сям’ю маленькіх брата і сястру, якіх вымушаны былі адабраць у біялагічных бацькоў. Арсенію на той момант было пяць з паловай гадоў, Сашачцы – два з паловай.
– Знаходзілася перад надзвычай складаным выбарам, – згадвае Таццяна Якаўлеўна. – Страшна было не справіцца, абдзяліць увагай каго-небудзь з дзяцей. І ўсё ж пагадзілася – сэрца падказвала, што нельга адмаўляць у дабрыні. Першапачаткова планавалася, што Арсеній і Саша пажывуць у нас паўгода, а затрымаліся вось наколькі больш. З цягам часу ўсе прыёмныя сталі для нас роднымі. Я іх гэтак жа люблю і шкадую, як і сваіх кроўных. А ў адказ чую жаданае “мама”, якое так лашчыць слых!..
Дзеці ў Таццяны паслухмяныя і прывучаныя да працы. У кожнага – асобныя хатнія абавязкі: прыбраць у пакоях, запусціць пральную машынку і пасудамыйку, пакарміць птаства. Разам гатуюць, вучаць урокі і адпачываюць. Традыцыйнымі сталі для іх экскурсіі па беларускіх гарадах – так мама далучае дзяцей да гістарычнай і культурнай спадчыны народа, прывівае ім любоў да Радзімы.
Сама Таццяна таксама са шматдзетнай сям’і – у яе трое братоў, з якімі падтрымлівае цесную сувязь. Дарэчы, у аднаго з іх дзевяць дзяцей, у другога – пяць. Іх сем’і нярэдка зліваюцца ў адну вялізную, каб адзначыць разам святы ці выехаць на ўлонне прыроды з палаткамі.
Брат з найбольшай уласнай сям’ёй набыў у Бягомлі дом і прыязджае сюды па выхадных і ў водпуск. Перасяліліся ў гарадскі пасёлак і Таццяніны бацькі, жывуць па суседстве і дапамагаюць сваім дзецям, унукам і праўнукам як толькі могуць.
Да слова, з павелічэннем сям’і Таццяны Гаўрыльчык пашыраўся і яе дом. Адразу прырос прыбудовай, а цяпер – мансардай. Яе абуладкаваннем зараз займаецца ўся радня.
У завяршэнне размовы пытаю ў нашай гераіні, ці магчыма ў перспектыве папаўненне сям’і прыёмнымі дзеткамі. А яна раптам прызнаецца:
– Калі нядаўна памёрла мая свякроў, то я, ужо не раздумаючы, памкнулася перавезці да нас яе падапечную – Ягораву сястру. Але мяне апярэдзілі сваякі дзяўчынкі. Зараз, праходзячы шлях прыёмнай мамы, я як ніколі ўпэўнена: чужых дзяцей не бывае. Зацертыя словы, але які глыбокі ў іх сэнс!..
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з альбома сям’і Гаўрыльчык.