Директор Докшицкого РЦДиМ Светлана Янукович удостоена звания «Женщина года — 2024»
Напярэдадні 8 Cакавіка ў Віцебску ўшанавалі лаўрэатаў абласнога этапу XVII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2024”, які ўжо многа гадоў праводзіць Беларускі саюз жанчын. Узнагароды пераможцам уручыў кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін. У намінацыі “Паспяховы кіраўнік” ганаровага звання ўдастоена дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч.
У мерапрыемстве, якое прайшло у канцэртнай зале “Віцебск”, прынялі ўдзел старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Мая Раслевіч.
Лепшых сярод лепшых выбіралі ў сямі намінацыях – “Паспяховы кіраўнік”, “Актыўная грамадзянская пазіцыя”, “Сэрца аддаю людзям”, “Мацярынская слава”, “Гаспадыня вёскі”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Духоўнасць і культура”. Уладальніцамі звання сталі 36 жанчын з усіх куточкаў Віцебшчыны.
Святлана Януковіч больш за дзесяць гадоў кіруе раённым Цэнтрам дзяцей і моладзі. За гэты час студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, вакальнай студыі “Тоніка” і харэаграфічнаму калектыву “Сюрпрыз” прысвоена званне ўзорных. Калектыў педагогаў і выхаванцаў установы дадатковай адукацыі шмат разоў станавіўся пераможцам занальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, акцый, выстаў. Напрыклад, толькі за апошнія тры гады ў скарбонцы ЦДіМ з’явілася 18 дыпломаў міжнароднага ўзроўню, 112 – рэспубліканскага і 206 – абласнога. Калектыў Цэнтра ўзнагароджаны граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама за высокую якасць работы, а таксама штогадовымі дыпломамі і падзякамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Святлана Януковіч з’яўляецца намеснікам старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”, членам Савета РА ГА “Беларускі саюз жанчын” і РА РГА «Беларускі Чырвоны Крыж».
Наталля ВАСЬКО.
Фота з асабістага архіва С. Януковіч.