В Докшицах вручили символический семейный оберег “Бацькава кашуля”

photo_2026-07-02 с

Напярэдадні Дня Незалежнасці нованароджаны Макар Хадаровіч з Докшыц стаў першым у раёне шчаслівым уладальнікам спецыяльнага падарунка ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – сімвалічнага сямейнага абярэга “Бацькава кашуля”. 

Хрысцільную кашулю з беларускім арнаментам ў драўляным куфры бацькам малечы Паўлу і Кацярыне ўручыла старшыня раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Алена Камінская. Урачыстасць адбылася ў раённым аддзеле ЗАГСа, начальнік якога Ірына Баговіч правяла цырымонію ўручэння пасведчання аб рэгістрацыі нараджэння. Да віншаванняў далучыліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і кіраўнік спраў райвыканкама Наталія Ждановіч.

– Праект “Трэці – Бацькаў” быў ініцыяваны партыяй “Белая Русь” і стартаваў 1 чэрвеня – у Міжнародны дзень абароны дзяцей, – адзначыла Валянціна Рандарэвіч. – У яго межах сем’і, у якіх нарадзілася трэцяе дзіця, атрымліваюць своеасаблівы абярэг ад Прэзідэнта. Акцыя звязаная з Годам беларускай жанчыны і з тым глыбокім сэнсам, які ў цэлым закладваецца ў ролю жанчыны ў нашай краіне.

photo_2026-07-02_13-16-48 (3)

Дзяржава пастаянна інвесціруе ў сям’ю: выплаты пры нараджэнні дзіцяці, дапамогі па доглядзе дзяцей да трох гадоў і шматдзетным сем’ям, бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі для дзяцей да трох гадоў і многае іншае. З 2015 года ў Беларусі дзейнічае праграма сямейнага капіталу, дзякуючы якой шматдзетным сем’ям прадастаўляюцца падтрымка пры будаўніцтве або набыцці жылля, льготныя крэдыты, фінансавая дапамога, адрасныя субсідыі, працоўныя гарантыі. Пры гэтым у краіне аказваецца не толькі грашовая дапамога, бо не ўсё залежыць ад матэрыяльных выгод.

Разам з бацькамі радасна прымалі віншаванні з нараджэннем браціка сямігадовы Захар і пяцігадовая Ульяна.

– Нараджэнне трэцяга дзіцяці для нас свядомы крок, – падзялілася Кацярына Генадзеўна. – Нам заўсёды хацелася, каб дзетак у сям’і было трое. Але, разумеючы ўсю ступень адказнасці і, скажам так, узровень складанасці, мы не спяшаліся. Да гэтага падштурхнулі малодшыя дзеці, якія хацелі браціка ці сястрычку. Ім вельмі падабаецца клапаціцца і любіць, таму з’яўленне Макара стала самай доўгачаканай і трапяткой падзеяй для іх. Хутка, 14 ліпеня, будзе дзевяць гадоў, як мы ў шлюбе. Сакрэт сямейнага шчасця ў кожнага свой. Для нас быць сям’ёй значыць ва ўсім быць разам, не толькі фізічна, але і маральна, у думках. У любой складанай сітуацыі разумець, што дома ёсць надзейны тыл, месца, дзе цябе заўсёды любяць, шануюць і чакаюць. Даверлівыя адносіны дапамагаюць і бацькам, і дзецям адчуваць сябе ў бяспецы.

– Сям’я – гэта штодзённая работа, – дадаў Павел Канстанцінавіч. – Трэба ўмець чуць і слухаць адзін аднаго, праводзіць час разам, дапамагаць адзін аднаму. Парой гэта праца над памылкамі, калі трэба. Бясспрэчна, з нараджэннем трэцяга дзіцяці наша сям’я стала яшчэ больш моцнай.

photo_2026-07-02_13-16-47 (2)

photo_2026-07-02_13-16-48 (2)

photo_2026-07-02_13-16-47

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *