Слесарь участка автотранспорта РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Витольд Портянко может устранить любую поломку

IMG_9321 с

Сегодня — День работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

Чалавек з залатымі рукамі – такімі словамі калегі характарызуюць слесара ўчастка аўтатранспарту РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Вітольда Парцянку.

Сваю прафесіянальную дзейнасць ён пачынаў вадзіцелем на камбінаце бытавога абслугоўвання – на УАЗе дастаўляў неабходныя матэрыялы і грузы. Затым некаторы час кіраваў малакавозам, а сем гадоў таму прыйшоў у камунальную службу.

– Вадзіцелем на ўчастку па добраўпарадкаванні горада давялося быць нядоўга, – расказаў сціплы і нешматслоўны Вітольд Уладзіміравіч. – Падвёў зрок. Таму прайшоў атэстацыю і быў прызначаны слесарам.

– У нашым парку налічваецца больш за трыццаць адзінак тэхнікі, – паведаміў начальнік участка аўтатранспарту Анатолій Бяльковіч. – Уся яна ў надзейных руках Вітольда Уладзіміравіча, які аператыўна можа ліквідаваць любую паломку. Што датычыцца аўтазапчастак, то з імі праблем няма: заказалі – даставілі. Сёння тэхніка зламалася – у гэты ж дзень альбо заўтра яна ўжо на хаду. Бывае, што прыходзіцца турбаваць нашага слесара і сярод ночы, калі, напрыклад, на дарозе ламаецца раскідвальнік пяску. Тады тэрмінова тэлефануем майстру на ўсе рукі, і ён даводзіць тэхніку да ладу.

Вітольд Парцянка – шматфункцыянальны спецыяліст. Нядаўна ён асвоіў новы станок па вырабе гідраўлічных рукавоў высокага ціску, якія выкарыстоўваюцца на буйнагабарытнай тэхніцы.

– Яны часта выходзяць са строю, – тлумачыць слесар. – Чакаць дастаўкі новых – значыць траціць час. А на сваім станку працэс вырабу рукава зойме ўсяго толькі пяць хвілін. Плюс да ўсяго эканомія для прадпрыемства.

Хутка майскія святы, а да іх, як бачым кожны год, у горадзе абнаўляецца дарожная разметка, пешаходныя пераходы. У гэтым працэсе непасрэдны ўдзел прымае і Вітольд Уладзіміравіч. Сапраўды, майстар на ўсе рукі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *