Учитель физики Крулевщинской средней школы имени И.Ф. Титкова Наталья Рандаревич нашла себя не только в преподавании
Настаўніца фізікі Крулеўшчынскай сярэдняй школы імя І.П. Ціткова Наталля Рандарэвіч знайшла сябе не толькі ў выкладанні прадметаў: на пачатку педагагічнай дзейнасці захапілася турызмам, а пазней – даследчай працай па краязнаўстве. Сёння з вучнямі яна заваёўвае ўзнагароду за ўзнагародай у разнастайных патрыятычных конкурсах.
Дзейная натура
Будучая настаўніца нарадзілася ў Шклянцах. Закончыла Бярозкаўскую школу, дзе педагогі раскрылі яе матэматычны талент. За гэта Наталля Уладзіміраўна ўдзячна былому дырэктару ўстановы Леаніду Кузьмічу Галубкову і настаўніцы матэматыкі Галіне Уладзіміраўне Сінкевіч.
Дзяўчына адвучылася на фізмаце Віцебскага педінстытута і вярнулася ў раён. У Крулеўшчыне працуе з 1997 года.
Першыя тры гады вяла не толькі фізіку, але і фізкультуру. Складана было, прызнаецца, але яна не здавалася – не тая натура. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць – з’явіліся поспехі на прадметных алімпіядах, паступова напрацоўваўся аўтарытэт.
Турысты – народ асаблівы
Да пераходу ў Крулеўшчынскую школу Наталля актыўна ўдзельнічала ў турзлётах, а ў 1989 годзе нават стала пераможцай у складзе каманды вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Да таго ж усім сэрцам палюбіла паходы.
– Заўзятыя турысты – гэта народ асаблівы, – адзначае яна. – У паходзе сціраюцца ўзроставыя межы, людзей моцна знітоўвае агульны інтарэс, кожны разумее кожнага з паўслова. Істотнае значэнне маюць паходы і ў збліжэнні з дзецьмі. Калі вы разам пераадольваеце доўгі шлях, разам адпачываеце, нарыхтоўваеце дровы для кастра, гатуеце вячэру, то складваюцца надзвычай даверлівыя адносіны. Вандроўнікі становяцца сябрамі.
Незабыўным стала першае вялікае падарожжа ў Карпаты, калі калега з Глыбоччыны запрасіла Наталлю стаць намеснікам кіраўніка паходу. Тады за два тыдні з падсвільскімі дзецьмі яны пераадолелі 183 кіламетры горных дарог і сцежак. Пазней, спазнаўшы смак турысцкага раздолля, крулеўшчынская настаўніца далучылася з вучнямі да паходу па раёне, які арганізаваў тагачасны педагог Цэнтра дзяцей і моладзі Валерый Ермаловіч. Менавіта Валерый Яраслававіч стаў для яе натхняльнікам у далейшым пакарэнні турыстычных маршрутаў. У 2008 годзе, калі той працаваў ужо ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, разам з ім і групай сталічных дзяцей Наталля адправілася ў двухтыднёвы паход па Крыме.
– Уздоўж чарнаморскага пабярэжжа прайшлі 165 кіламетраў, – успамінае яна. – Пабывалі ў Сімферопалі, Феадосіі, Судаку, наведалі музеі і памятныя месцы і былі да глыбіні душы ўражаны прыгажосцю краявідаў і культурнымі славутасцямі.
З захапленнем расказала турыстка са стажам і пра паходы па Беларусі: па Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях. Іх было столькі, што ўсе цяжка пералічыць.
– Турыстычная работа са школьнікамі мае моцны выхаваўчы патэнцыял, – зазначае Наталля Рандарэвіч. – Акрамя таго, што пашыраецца кругагляд, у дзяцей узмацняецца імкненне да вывучэння гісторыі, ярка праяўляецца грамадзянская пазіцыя, выхоўваюцца патрыятычныя пачуцці, фарміруюцца камунікатыўныя навыкі. Мае турысты не пройдуць міма вянка, які ўпаў каля помніка, і звыклыя да навядзення парадку каля брацкіх магіл. Школьнікі шануюць спадчыну і традыцыі роднага краю. Гэту навуку яны спасціглі не ў тэорыі, а на практыцы, таму запомняць на ўсё жыццё.
Не распытала ў бацькі…
– Зразумела, што да кожнага паходу з вучнямі я рыхтавалася загадзя, каб зацікавіць іх аповедамі пра мясціны, якія збіраліся наведаць, – кажа Наталля Уладзіміраўна. – З часам багата назапасілася разнастайных матэрыялаў і ўзнікла жаданне заняцца краязнаўствам. Праўда, на першую даследчую работу падштурхнула Галіна Уладзіміраўна Белая, былы дырэктар Крулеўшчынскай школы, матывуючы, што ў мяне павінна атрымацца.
І сапраўды, справа пайшла. У 2015 годзе Наталля скончыла курсы па даследчым кірунку, што дапамагло сістэматызаваць работу. Даследавалі з вучнямі подзвігі Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Докшыцкага раёна, франтавікоў і партызанаў, настаўнікаў школы – удзельнікаў вайны, гісторыі спаленых фашыстамі вёсак, чарнобыльскую тэму і іншыя.
Толькі за апошні год вучні Наталлі Рандарэвіч заслужылі шэраг узнагарод. Сярод іх дыплом рэспубліканскага конкурсу “У кожнага часу свае героі” (вучаніца Кацярына Каротчык); дыплом II ступені рэспубліканскай акцыі «Гісторыя Перамогі ў асобах» Усебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні” (вучань Антон Кухта); дыплом II ступені рэспубліканскага конкурсу “Яны вызвалялі Радзіму” героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 80!» (Міхаіл Сальнікаў); сертыфікат рэспубліканскай дэкады грамадска-патрыятычных спраў “Чарнобыль. Захоўваючы памяць…” (Ілья Таляронак). І толькі што стала вядома, што работа вучня Міхаіла Сальнікава стала лепшай у рэспубліканскім конкурсе “Летапіс Вялікай Перамогі”! У скарбонцы дасягненняў таксама дыпломы, атрыманыя на абласных этапах рэспубліканскіх конкурсаў «Па старонках дзённіка вандроўніка», “Выконваем законы дарог!”, «Наша Перамога. Мая гісторыя”, “Яны вызвалялі Радзіму”, «Дарогамі воінскай славы», “Іх імёны ў гісторыі Перамогі”, рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў, рэспубліканскай акцыі «Гісторыя Перамогі ў асобах».
За доўгім спісам – карпатлівая праца настаўніцы, якая ахвяруе асабістым часам дзеля пошуку краязнаўчай інфармацыі, вывучэння архіўных матэрыялаў, гутарак са сведкамі падзей.
– Магчыма, прычына маёй апантанасці крыецца ў сямейнай гісторыі… – нечакана прызнаецца суразмоўніца. – З гадамі я зразумела, што прапусціла важную главу свайго жыцця, бо ў свой час не распытала як трэба ў бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Сцяпанавіча Гмызы, кавалера ордэна Чырвонай Зоркі, пра яго барацьбу з акупантамі. Таму зараз мне хочацца звярнуцца да ўсіх нашчадкаў Перамогі: беражыце памяць пра герояў, каб не было позна! Стараюся такім чынам хоць неяк кампенсаваць упушчанае, даследуючы матэрыялы пра іншых удзельнікаў і ахвяр вайны… А ўсе гэтыя дыпломы ў конкурсах – зусім не самамэта. Галоўнае – захаванне гістарычнай праўды.
На рахунку Наталлі Рандарэвіч шмат і асабістых узнагарод.
Так, па выніках работы за 2013 год настаўніцу прызналі лепшай па прафесіі, і яе імя было занесена на раённую Дошку гонару. А ў 2017 годзе за добрасумленную плённую педагагічную дзейнасць, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення яна атрымала Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.