У УЧИТЕЛЬНИЦЫ БЕЛОРУССКОГО ЯЗЫКА И ЛИТЕРАТУРЫ СШ № 1 г. ДОКШИЦЫ МАРИНЫ КОЗЛОВСКОЙ ЦЕЛАЯ ПЛЕЯДА ПРИЗЕРОВ И ПОБЕДИТЕЛЕЙ НА ЗАКЛЮЧИТЕЛЬНОМ ЭТАПЕ РЕСПУБЛИКАНСКОЙ ОЛИМПИАДЫ ПО УЧЕБНЫМ ПРЕДМЕТАМ

IMG_6068+

У НАСТАЎНІЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРА­ТУРЫ СШ № 1 Г. ДОКШЫЦЫ МАРЫНЫ КАЗЛОЎСКАЙ ЦЭЛАЯ ПЛЕЯДА ПРЫЗЁРАЎ І ПЕРАМОЖЦАЎ НА ЗАКЛЮЧНЫМ ЭТАПЕ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ АЛІМПІЯДЫ ПА ВУЧЭБНЫХ ПРАД­МЕТАХ. А НА ДНЯХ ДА ГЭТАГА ГАНАРОВАГА ГУРТУ ДАЛУЧЫЛАСЯ І АДЗІНАЦЦАЦІКЛАСНІЦА СОФ’Я ВАРА­НОВІЧ. ДЗЯЎЧЫНА ЗАВАЯВАЛА ДЫПЛОМ ІІІ СТУПЕНІ!

У мінулым годзе Соня была ўзнагароджана дыпломам ІІ сту­пені на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і брала ўдзел у рэспубліканскім фінале. А сёлета на яе рахунку ўжо быў дыплом І ступені ў абласным туры, і такі ўзлёт адбіўся і на кан­чатковым выніку.

– Інтэлектуальны рост маёй ву­чаніцы відавочны, – кажа Марына Вінальеўна. – Яна не спыняецца на дасягнутым, заўсёды імкнецца на­перад у асваенні новых вяршынь. Шмат чытае, цікавіцца не толькі мовай і літаратурай, але і паста­янна пашырае кругагляд, добра вучыцца па іншых прадметах. Усё гэта, а таксама яе вялікая адказ­насць і творчы дар паўплывалі на сённяшні поспех.

Заключны этап алімпіяды па беларускай мове і літаратуры пра­ходзіў у Гомелі.

– Арганізацыя турніру была наладжана найлепшым чынам, – распавядае Соф’я. – У інтэрна­це, куды мы часова засяліліся, удзельнікаў алімпіяды вітаў вакальны гурт з аўтэнтычным рэпертуарам, шыкоўным было і адкрыццё спаборніцтваў. На­ведалі фальклорную пляцоўку ў сярэдняй школе № 30 горада, знакаміты Гомельскі палаца­ва-паркавы ансамбль, абласны драматычны тэатр. Уражанняў хопіць на ўсё жыццё.

Але ж галоўнае, зазначае дзяўчына, сама алімпіяда. Гэта і хваляванне, і стрэс, і ў рэшце рэшт задавальненне ад прадэ­манстраваных ведаў.

Пазмагацца за дыпломы прыехалі 42 адзінаццаціклас­нікі: прадстаўнікі з кожнай воб­ласці, Мінска і ліцэя БДУ. Кан­курэнцыя была высокая, але тым і саладзейшая перамога.

У першы конкурсны дзень вучні пісалі водгук, а ў другі выконвалі комплексную рабо­ту. Водгук быў на верш Аляксея Пысіна “Як трасло, грымела ў Бухарэсце…” Соф’я разважала пра вайну і мір, экалагічныя праблемы, адносіны паміж людзьмі, чалавечую самаахвяр­насць і еднасць. Гэтыя тэмы яе і на самай справе моцна хвалю­юць, таму ў творчай рабоце яна была пераканальнай. Дзяўчын­ка ў межах «МедыяКЛАСа» пры раённай газеце «Родныя вы­токі» выступае ў друку і мары­ць пра журналістыку на пра­фесійным узроўні. Сачыненні, водгукі, эсэ і нататкі – гэта яе канёк.

Не выклікала цяжкасцей і комплексная работа. Асабліва падабаюцца Соні заданні “з зо­рачкай”, на правапіс і веданне фразеалогіі.

– З фразеалогіяй была такая сітуацыя, – са смехам расказвае Марына Вінальеўна. – Нешта ніяк не паддаваўся Соні выраз “заткнуць за пояс”. Я ёй тады кажу: “Ну вось, паедзеш на алім­піяду і заткнеш усіх за пояс!” І трэба ж так: адно з заданняў якраз датычылася тлумачэння гэтага фразеалагізма. Канечне ж, дзяўчынка справілася. Ды яшчэ і заткнула многіх за пояс!

А што пра Соніну дарогу на Алімп… Дзяўчынка ўспамінае, як у сёмым класе яе не ўзялі на раённую алімпіяду. Ужо тады разумеючы, наколькі ёй дара­гія мова і літаратура, школь­ніца праявіла недзіцячую на­стойлівасць, звярнуўшыся да педагогаў з просьбай унесці яе ў спіс. І ёй далі магчымасць вы­прабаваць свае сілы!

– З таго часу ўсё і закруціла­ся, – усміхаецца прызёрка. – Бясконцыя заняткі на факуль­татывах, пасля ўрокаў, дома. Нават на перапынках сустра­каліся з Марынай Вінальеўнай, каб абмеркаваць якіясьці мо­манты. Работа на вынік стала для мяне прыярытэтам. Ніколі не скажу, што яна была ва ўрон. Граматнасць, начытанасць спатрэбяцца ў жыцці, дзе б ні працавала. Я прывучылася ра­біць сумленна любую справу і даводзіць яе да канца. Заўжды перажывала, каб не падвесці настаўніцу, якая за гады зносін стала для мяне родным чалаве­кам. Нашы заслугі – агульныя. Дзякуй ёй агромністы за наву­ку і падтрымку.

– У сваю чаргу я таксама ўдзячна і Соф’і, і ўсім сваім вуч­ням, якія ўдзельнічалі ў нялёг­кім алімпіядным руху, – дадае настаўніца. – Гэтыя дзеці па­клалі ўвесь свой вольны час на алтар беларускай мовы і літа­ратуры.

…Хутка ў выпускнікоў школ экзамены. Соф’і Варановіч бу­дзе трохі лягчэй, чым яе адна­класнікам, – ужо па выніках абласнога этапу прадметнай алімпіяды яна аўтаматычна заслужыла сто балаў па белару­скай мове. А прызавым месцам на ўзроўні рэспублікі толькі за­мацавала сваё дасягненне.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *