В Докшицах поздравили с 90-летним юбилеем Владимира Цецохо, педагога, партийного активиста, общественного деятеля

photo_2025-04-15_16-58-53 с (10)

Вечар-партрэт у гонар 90-гадовага юбілею педагога, партыйнага актывіста, саратніка Пятра Машэрава, грамадскага дзеяча Уладзіміра Цацохі адбыўся гэтымі красавіцкімі днямі ў Докшыцах.

У малой зале райвыканкама, дзе ладзілася ўрачыстасць, было цёпла не толькі ад вясновага сонца, а і ад сустрэчы сяброў, шчырых пажаданняў, добрых успамінаў.

Са значнай датай юбіляра віншавалі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі, старшыня Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Абірала, а таксама былыя калегі з розных куткоў Віцебскай вобласці. Кожнаму было што прыгадаць, бо лёс большасці гасцей пэўны час быў звязаны з лёсам Уладзіміра Цацохі. Настаўнікам з вялікай літары назваў Уладзіміра Аляксеевіча Уладзімір Давыдоўскі і ўручыў імянінніку Ганаровую грамату аблвыканкама і на памяць пра Віцебск – карціну з гарадскім пейзажам. Граматай Докшыцкага райвыканкама ўзнагародзіў Уладзіміра Аляксеевіча кіраўнік раёна Сяргей Абірала. А ў падарунак – пано з гербам Докшыц, яшчэ аднаго дарагога сэрцу юбіляра месца.

На памяць пра Докшыцы падарунак Уладзіміру Цацоху ўручыў Сяргей Абірала.

На памяць пра Докшыцы падарунак Уладзіміру Цацоху ўручыў Сяргей Абірала.

Мноства цікавых праектаў рэалізаваў Уладзімір Цацоха на пасадзе першага сакратара Верхнядзвінскага райкама партыі, пра што расказала намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Таццяна Севалкіна.

Прыемным сюрпрызам для імянінніка стала віншаванне яго былых калег – старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Сяргея Альсевіча, адказнага сакратара абласной ветэранскай арганізацыі Таццяны Говаравай, былога начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Івана Шчурка, ветэрана камсамольскага руху, былога старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, намесніка старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Зоі Крот, а таксама заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, былога начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага. Сярод узнагарод, якія прывезлі калегі і сябры, – Ганаровая грамата рэспубліканскага савета ветэранаў і медаль Беларускага фонду міру. Парадаваў Уладзіміра Цацоху яшчэ адзін падарунак – кніга яго вучня Міхаіла Ляшчынскага “Малавядомыя старонкі гісторыі Дубровенскага краю”.

photo_2025-04-15_16-58-53 (3) photo_2025-04-15_16-58-53 (4)

Павіншаваць юбіляра прыйшлі таксама сакратар Докшыцкага раённага савета ветэранаў Людміла Ждановіч, былы старшыня Докшыцкага райвыканкама Валерый Палідавец, былы загадчык аддзела адукацыі Докшыцкага раёна Павел Атрахімовіч.

Падзякі за яркі станоўчы прыклад для падрастаючага пакалення, за рэалізацыю сумесных мерапрыемстваў, сустрэч, дыялогавых пляцовак з докшыцкай моладдзю выказалі першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Павел Латковіч і старшыня Моладзевай палаты пры Докшыцкім раённым Савеце дэпутатаў Вольга Карніловіч.

Падчас сустрэчы была прадстаўлена прэзентацыя аб жыцці і дзейнасці Уладзіміра Цацохі.

photo_2025-04-15_16-58-53 (5) photo_2025-04-15_16-58-53 (9)

Напрыканцы ўрачыстасці Уладзімір Аляксеевіч падзяліўся сакрэтамі даўгалецця. У свае дзевяноста ён працягвае займацца спортам: штодзень трэніруецца на любімым вяслярным трэнажоры.

– Чалавек старэе, калі перастае клапаціцца пра знешні выгляд, спыняе зносіны з людзьмі і страчвае пачуццё гумару, – гаворыць юбіляр. – А яшчэ вельмі важна мець мэту ў жыцці, ісці да яе і добрасумленна выконваць свае абавязкі там, дзе працуеш.

Завяршылася мерапрыемства музычным падарункам ад саліста народнай вакальнай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК Андрэя Воранава.

photo_2025-04-15_16-58-53 (8) photo_2025-04-15_16-58-53 (7)

photo_2025-04-15_16-58-53Уладзімір Цацоха нарадзіўся ў 1935 годзе ў Шклове. Яго дзяцінства было апалена вайной. Гэта загартавала хлопчыка і паклала пачатак фарміраванню нязломнай, мэтанакіраванай асобы. Ён абраў прафесію настаўніка, скончыў Мінскі інстытут фізічнай культуры. Удзельнічаў ва Усесаюзным парадзе фізкультурнікаў у Маскве. Першыя крокі ў прафесію рабіў у Докшыцкай сярэдняй школе. Так невялікі гарадок на Беразіне стаў для яго другой радзімай. Тут Уладзімір Цацоха праявіў здольнасці да грамадскай дзейнасці. У 1959 годзе ён быў абраны першым сакратаром Докшыцкага райкама камсамола. У 1964 годзе, пасля заканчэння Мінскай вышэйшай партыйнай школы, яму прапанавалі работу ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі – курыраваць фізічную культуру і спорт у рэспубліцы. У гэты час адбылася лёсавызначальная сустрэча Уладзіміра Аляксеевіча з Пятром Машэравым, які параіў папрацаваць у раёне, каб набрацца вопыту. Уладзімір Цацоха прыслухаўся да парады. Некаторы час працаваў на пасадзе намесніка старшыні Глыбоцкага райвыканкама, сакратаром Докшыцкага райкама партыі, першым сакратаром Верхнядзвінскага райкама партыі. Сваімі настаўнікамі ў жыцці Уладзімір Аляксеевіч лічыць першага сакратара Віцебскага абкама партыі Сяргея Шабашова і старшыню Віцебскага аблвыканкама Пятра Рубіса, у якіх навучыўся добразычлівым і паважлівым адносінам да людзей. Сямнаццаць гадоў Уладзімір Цацоха працаваў намеснікам старшыні выканкама Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Адказваў за развіццё сацыяльнай сферы, гандлю і бытавога абслугоўвання. Яму належыць ідэя ўкаранення ў нашай вобласці наватарскіх тэхналогій лячэння людзей. Ён з’яўляецца адным з натхняльнікаў і арганізатараў Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, фестываляў народнай творчасці “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах.
З 1994 па 2000 гады Уладзімір Цацоха працаваў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Яго праца адзначана найвышэйшай савецкай узнагародай – ордэнам Леніна. Мае таксама ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *