Есть обратная связь с людьми, и это важно. День Крипульского сельсовета прошел в Докшицком районе
“З людзьмі ёсць зваротная сувязь, і гэта важна.” Такімі словамі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала ахарактарызаваў работу старшыні Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Івана Лакуцэвіча падчас правядзення дня сельсавета і пасяджэння раённага штаба па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч.
Традыцыйна перад пачаткам пасяджэння ва ўсіх населеных пунктах прайшлі прыёмы грамадзян. У вёсцы Крыпулі, дзе яго праводзіў кіраўнік раёна, ні просьбаў, ні праблемных пытанняў не паступіла, а толькі падзяка за добрасумленныя адносіны да работы старшыні мясцовага Савета дэпутатаў. Яе ад імя вяскоўцаў выказала старэйшына Лілія Лініч.
З жыхарамі Бярозаўкі сустрэлася старшыня райсавета Валянціна Рандарэвіч. Там таксама гучалі словы падзякі, і яны былі адрасаваны сацыяльнаму работніку Тамары Машко, санітарцы ФАПа Марыне Корсак і работніку пошты Іне Гмырак. Дзякавалі таксама водаканалаўцам за своечасовы рамонт водаразборнай калонкі.
У вёсцы Паўночнае Гняздзілава прасілі прагрэйдзіраваць дарогу, а таксама прыбраць тэрыторыю ў парку за помнікам, а ў Паўднёвым – узараць тыя ўчасткі, якія вызваліліся ад старых хат, альбо на крайні выпадак своечасова абкошваць іх.
На тэрыторыі Крыпульскага сельсавета размешчана 18 населеных пунктаў. Колькасць насельніцтва складае 674 чалавекі, з іх 366 – грамадзяне працаздольнага ўзросту. Ёсць чатыры шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 14 дзяцей.
Пра тое, якая работа праводзіцца па навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета, справаздачу зрабіў Іван Лакуцэвіч.
– Падтрымліваць парадак дапамагаюць мясцовыя арганізацыі і пяць раённых, – паведаміў Іван Людвігавіч. – Сёлета работнікі ветстанцыі высеклі кустоўе на пустых землях агульнага карыстання ў вёсках Жары і Гняздзілава, а Докшыцкае лясніцтва – у Атрубку, на вуліцы Лугавой. Камунальнікі працавалі ў Бярозаўцы, дзе абкошвалі пустыя ўчасткі, а таксама дапамаглі зрэзаць аварыйныя дрэвы ў Крыпулях, Паўднёвым Гняздзілаве і Атрубку.
Дзякуючы дарожнікам у мінулым годзе заасфальтавана дарожнае палатно на вуліцы Гагарына ў Паўднёвым Гняздзілаве. Новы асфальт з’явіўся таксама на ўчастку дарогі паміж вёскамі Дзегцяры і Ветахмо.
У сельсавеце працягваеца работа па зносе пустых хат. Летась іх разабралі ў Варанах, Дзегцярах, Бярозаўцы і Атрубку. У пачатку бягучага года – у вёсках Паўднёвае Гняздзілава, Крыпулі, Ветахмо і Калягі.
Мясцовыя жыхары не застаюцца ўбаку і актыўна дапамагаюць наводзіць парадак: далучаюцца да суботнікаў, выказваюць свае прапановы. Напрыклад, па ініцыятыве крыпульчаніна Цімура Антадзе на вуліцы Цэнтральнай была ўстаноўлена дыхтоўная альтанка. У ёй асабліва любяць бавіць час дзеці і моладзь. У Паўночным Гняздзілаве, на вуліцы Савецкай, абуладкавана дзіцячая гульнявая пляцоўка. У вёсцы Буй – месцы, дзе кожны год праводзіцца брэндавае свята, – праз меліярацыйны канал праклалі дэкаратыўны мост. Хутка там з’явіцца металічная альтанка. І гэта яшчэ не ўвесь пералік тых добрых спраў, зробленых вяскоўцамі на карысць сельсавета.
– Крыпульскі сельсавет – прыклад мясцовага самакіравання, – сказаў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, падводзячы вынікі дня сельсавета. – Ёсць паразуменне, зваротная сувязь з людзьмі. Амаль усе пытанні вырашаюцца на месцы. У прынцыпе, так і павінна быць.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.