Коллектив докшицкого Центра по обеспечению деятельности бюджетных организаций постоянно пополняет копилку спортивных наград

Калектыў Цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый звычайна аб’ядноўваецца з Докшыцкім РАНС. Вось і на мінулагодняй спартакіядзе да Дня фізкультурніка іх зборная была мацнейшай
Якое б спартыўнае мерапрыемства ні арганізоўвалася ў раёне – яно заўсёды радуе вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Амаль кожная арганізацыя ці прадпрыемства маюць сваю каманду, а калі колькасць працаўнікоў невялікая, то калектывы аб’ядноўваюцца ў зборныя. Дарэчы, Докшыцкая круглагадовая спартакіяда мае сваю асаблівасць сярод іншых раёнаў, бо ў праграме выкарыстоўвае найбольшую колькасць спартыўных дысцыплін. Гэта значыць, маюць магчымасць праявіць свае фізічныя здольнасці цяжка- і лёгкаатлеты, валейбалісты, футбалісты, тэнісісты, шашысты і шахматысты, плыўцы, стралкі і інш.
Сярод каманд, якія пастаянна папаўняюць скарбонку сваіх спартыўных узнагарод, значыцца зборная Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Па выніках мінулага года калектыў установы прызнаны лепшым па пастаноўцы спартыўна-масавай работы сярод арганізацый раёна.
– У нашай каманды выдатны лідар,– гаворыць Ліліяна Карніловіч, якая адказвае за пастаноўку спартыўнай работы ў арганізацыі. – Кіраўнік цэнтра Арцём Станіслававіч Віннік актыўна ўдзельнічае ў спартакіядах асабіста, што з’яўляецца выдатным прыкладам для калектыву. У мінулагодней круглагадовай спартакіядзе мы сталі бронзавымі прызёрамі. У гэтым ёсць заслуга Міхаіла Малашонка, які мае дыплом за першае месца ў турзлёце, станавіўся трэцім у лёгкаатлетычным кросе, звычайна выступае за каманду ў армрэслінгу і велапрабегах. Золатам і бронзай у стральбе і дартсе ганарыцца Юрый Хацько, у дадатак ён майстар гульні ў шашкі і шахматы. Стос узнагарод прынесла камандзе Святлана Адзінцова, якая раней была адказнай за пастаноўку спартыўна-масавай работы ў арганізацыі. Таксама актыўнымі ўдзельнікамі спартакіяд з’яўляюцца Мікалай Козел, Юлія Дзямешка, Уладзімір Каросцік, Аляксандра Барысевіч, Аляксандр Падбярэзскі, Сяргей Стальмачонак.
Сама Ліліяна Карніловіч таксама шматразовая прызёрка розных раённых спаборніцтваў. Яе стыхіі – крос і плаванне.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.