Жители деревни Марговица Докшицкого района в проекте «Не прадаецца хата бацькоў»

img_5628

Добрая дзея Дабрадзеяў

Пра Надзею і Яўгена Дабрадзеяў з вёскі Маргавіца, што на Бягомльшчыне, на старонках раённай газеты папрасілі расказаць аднавяскоўцы. Маўляў, добрую справу зрабілі гэтыя мінчане, якія ў любую вольную хвіліну ляцяць у родную хату, а ў цёплую пару перабіраюцца ў Маргавіцу на пастаяннае жыхарства. Ды папярэдзілі: людзі яны сціплыя, ад залішняй увагі могуць адмовіцца. Так і было першым часам. Аднак, калі пачулі, што ёсць у нас праект “Не прадаецца хата бацькоў”, на сустрэчу пагадзіліся тут жа. Надзея Аляксандраўна вымавіла расчулена: “Дужа паважаю гэту песню і ад сваёй Маргавіцы сапраўды адмовіцца ніколі не змагу”. Замовілі ўбачыцца ў нядзелю, акурат пасля службы ў храме ў Бягомлі. Але пра ўсё па парадку.

img_5638

Падстава для артыкула і сапраўды годная – сталыя людзі ахвяравалі ўласнымі сродкамі, сіламі і аднавілі паклонны крыж на ўездзе ў вёску. Яўген Рыгоравіч заўважае, што можна было б і талакою справіцца, упэўнены, што многія б не адмовілі. Аднак нікога надта вырашылі не турбаваць:

– У маладзейшых сем’і, дзеці, іншыя выдаткі і клопат. А я люблю, каб са справамі доўга не цягнуць. Нядрэнна валодаю аўтагенам. Зварыў каркас для металічнай агароджы, дэмантавалі разам з суседам Аляксандрам Волкавым старую драўляную, усталяваў новую з зялёнага металічнага штыкетніку. Крыж падфарбавалі, але гэта на першы час. Калі бог дасць сілы, нядрэнна і яго было б замяніць. Ну добра ж атрымалася?

Атрымалася і сапраўды добра. Тут трэба зрабіць адступленне, каб той, хто ніколі не быў у Маргавіцы, зразумеў, што вёска размешчана вельмі цікава. Мясцовыя дзеляць яе на тры часткі. Прычым у дзве з іх патрапіць можна як з вуліцы Ленінскай ці па лясной дарозе каля могілак у Бягомлі, так і з павароту шашы Мінск-Віцебск. А вось яшчэ ў адну, якую, хоць і называюць пятлёй, але дакладнейшы арыенцір – каля вялізнага дуба, найлепш усё ж будзе пешшу, бо звілістыя сцежкі і гарысты рэльеф не кожнаму сучаснаму транспарту пад сілу. Ды вяртаемся да паклоннага крыжа. Як толькі з’язджаеш з даўжэзнай вуліцы Ленінскай, перад тым як падняцца на чарговую гару сучаснай Маргавіцы, справа і будзе стаяць вясковы абярэг. Мясцовыя людзі прыгадваюць, што, паводле аповедаў старажылаў, колісь побач, на ўзгорку, была нават царква. Вышэй – схаваны ў цяністых дрэвах, невялічкі, ладны, шаляваны жоўценькі домік Дабрадзеяў. Практычна там жа – мудрагелістай формы сасна.

– Асаблівае дрэва. Дарагое нам, тутэйшым, – дзеліцца Надзея Аляксандраўна. У гады майго юнацтва на гэтым месцы і дзеці басанож гулялі, і спатканні моладзь прызначала, а зараз узімку з горкі катаюцца ўжо ўнукі і праўнукі тых маіх аднавяскоўцаў, кожнага з якіх памятаю пайменна. Нават песні магу прыгадаць, што спявалі нашы жанчынкі.

Трэба сказаць, што занадта вясёлым дзяцінства жанчыны не назавеш. Тата рана пайшоў з жыцця з-за хваробы. Матуля, Марыя Кірылаўна Забалоцкая, адна гадавала траіх дзяцей. Хапала і крыўды, і добрых успамінаў. Жыццё – не поле… Аднак жанчыну ў вёсцы вельмі паважалі: чаго толькі варты той факт, што клікалі яе за хросную маці дзевяць разоў. Была яна чалавекам набожным, нават у часы ганення на царкву ад праваслаўных канонаў ніколі не адмаўлялася…Матулю дагледзелі годна: апошнія гады яна па стане здароўя не магла жыць адна, а таму Надзея забрала яе да сябе ў сталіцу.

Пакуль размаўляем з Дабрадзеямі ў іх утульнай альтанцы, падабранай фіранкамі, заўважаю некалькі ну вельмі цікавых гадзіннікаў:

– Што за калекцыя ў вас?

– Гадзіннікі – наша мінулае і наш лёс, – шчыра ўсміхаецца Надзея Аляксандраўна. – Мы ж пазнаёміліся на Мінскім гадзіннікавым заводзе. Я Жэню адразу прыкмеціла. Працаваў ён выдатна, адчувалася, што хлопец надзейны, добры, шчыры.

Ну а хто каго прыкмеціў першым, гэта яшчэ пытанне, бо гаспадыня і зараз выглядае нашмат маладзейшай за свай узрост: ладненькая, з густам апранутая кабета з лёгкім шалікам на амаль дзявочых плячах і прыгожымі завушнічкамі. З маёй высновай, усміхаючыся, пагаджаецца гаспадар. Яго палавінка і сапраўды аказалася найлепшай спадарожніцай, з якой разменена паўстагоддзя сумеснага жыцця.

– С самага пачатку сустрэчы карціць спытаць пра ваша незвычайнае для нашай мясцовасці прозвішча, – цікаўлюся ў Яўгена Рыгоравіча.

– Ды з Брэстчыны я. У нас Дабрадзеяў хапае. А вось аднойчы, калі сутыкнуўся з папяровымі пытаннямі, даведаўся, што ў сталіцы з такім прозвішчам было двое чалавек. Зараз, напэўна, ужо больш.

Гаспадар прызнаецца, што хаця і вельмі любіць свой родны куток, ды сэрцам ужо таксама надта прыкіпеў да Маргавіцы і Бягомльшчыны. А маючы выключна тэхнічны склад мыслення, пакрысе ўвасабляе ў жыццё пэўныя выгоды: падвялі ваду ў двор, у альтанцы падключылі тэлебачанне, на панадворку ёсць месца нават магнітафончыку і светламузыцы:

– Надта Надзеі маёй падабаецца, – з іскрынкамі ў вачах кажа Яўген Рыгоравіч. І ведаеце, такія цеплыня і клопат адчуваюцца ў гэтых дробязях, такой пяшчотай свецяцца твары гэтай пары, што цеплыня гэта перадаецца і навакольным. Вось дзе сапраўды добрыя дзеі сям’і Дабрадзеяў.

 

Месца, куды хочацца вярнуцца

img_5647

Калі ад сядзібы Забалоцкіх-Дабрадзеяў скіраваць з узгорка ў нізіну, патрапіш да таго самага велізарнага дуба, пра які згадвалася вышэй. У гэтым кутку Маргавіцы – тры жылыя хаты. У адну з іх, таксама на ўвесь вясенне-летні сезон, вяртаецца з Віцебска Наталля Осіпава. Даўно ўжо пайшлі з жыцця спачатку яе матуля Яніна Станіславаўна, затым бацька Іван Мікалаевіч Юдо, аднак роднае карэнне настолькі моцна прарасло ў сэрцы жанчыны, што не дае спакойна пераседжваць лета ў абласным цэнтры. Ну  а спраў каля сваёй хаты – незлічона. Дом патрабуе рамонту і пакрысе абнаўляецца: замяніла вокны, печ, падладзіла фундамент. Абгарадзіла ўчастак сеткай, да пары змайстравалі новую агароджу і вароты з металапрофілю. Набыліся цяпліца, арэлі. У дадатак адвечнае – агарод, дровы, барацьба з рознай жыўнасцю, якая так і мусіць запаўзці на панадворак. Ды дуб адзін чаго каштуе. Гэта глядзець на яго прыгожа, а жыць… Лісця з волата хопіць, каб засыпаць усю сядзібу. Ды не крыўдуе на клопаты былая ткачыха некалі магутнай Віцебскай фабрыкі Наталля Іванаўна. Усё гэта кампенсуецца асалодай шчасця жыць у роднай хаце, і з самай раніцы ці хаця б позна вечарам яна абавязкова знойдзе час, каб прысесці на арэлі з кубачкам кавы. Слухае птушыны пошчак, сузірае той самы дуб і прыгадвае шчаслівыя гады дзяцінства. Расповеды бабулі Марылі Іванаўны Ракіта, якая колісь жыла ў Кіякове, была панскай пакаёўкай і столькі зведала за жыццё, што мудрасці гэтай хапіла б на кнігу. Ці перакіне ў руках фотакарткі, чорна-белыя, з пажоўклымі краямі, што былі беражліва схаваны ў альбом і раней даставаліся толькі на свята, калі сям’я збіралася разам…

Мы яшчэ не аднойчы раскажам вам пра жыхароў гэтай досыць вялікай вёскі, бо падалося, што Маргавіца ўдала спалучае ў сабе мінулае і сучаснае. Ёсць тут і старажылы, і моладзь. Маецца шмат прыгожых сядзіб, за плотам кожнай з якой свая цікавая гісторыя. Ды і сцежкі гэтыя, па якіх колісь басанож бегалі нашы слынныя паэты Алесь Ставер і Юрась Свірка, тояць яшчэ шмат невядомых фактаў. А пакуль закончым праект вельмі трапнымі словамі Наталлі Іванаўны, якія пачула на развітанне:

– У юнацтве вельмі хочацца паехаць з роднай хаты, а ў сталасці так жа хочацца сюды вярнуцца.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *