Награжденная медалью Материнства СССР жительница деревни Турки София Конон, ровесница Победы, знает секреты семейного благополучия
У перадсвяточныя дні віншаванні ад працоўных калектываў раёна прымалі жанчыны, дзяцінства якіх выпала на гады вайны, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР за мацярынскую працу. Сярод іх жыхарка вёскі Туркі Докшыцкага сельсавета Сафія Конан, маці пяці дзяцей, якая нарадзілася ў пераможным 1945-м і сёлета адзначыла сваё 80-годдзе. Сафія Антонаўна, узнагароджаная медалём Мацярынства ІІ ступені, шмат гадоў адпрацавала ў Докшыцкім лясніцтве, і павіншаваць яе ў ліку іншых работнікаў калектыву прыехалі два сыны – Васіль і Генадзь.
Не адразу адшукалі дом нашай гераіні: каб патрапіць, давялося пару разоў удакладняць правільнасць руху ў мясцовых жыхароў. Хаты ў Турках раскіданыя, часам як хутары, а да яе жылля ўвогуле вядзе звілістая, можна сказаць, лясная дарога. Даехалі і сумеліся: у гародзе працавала танклявая, як дзяўчо, рухавая жанчына на выгляд гадоў шасцідзесяці. Няўжо памыліліся? Аказалася, не. У адказ на нашы кампліменты наконт яе знешнасці Сафія Антонаўна засвяцілася такой яркай усмешкай, што памаладзела яшчэ больш.
Павялі размову ў яе цёплым ад прапаленай зранку печкі, утульным доме, акружаным квеценню майскага саду і чырвонымі агеньчыкамі цюльпанаў у кветніках. Мяккі, ціхі, прыемны голас, у вачах столькі прыязнасці і дабрыні, што хапіла б, здаецца, на дзесяцярых, рухі спрацаваных рук плаўныя, акуратныя. Яны, гэтыя рукі, не ведаюць спачыну: гладзяць катоў-шарачкоў, што туляцца да боку, разгладжваюць нябачныя зморшчыны на абрусе, перакладваюць рэчы на стале.
– Змагаюся апошнія гады з дзецьмі, якія настойваюць, што агарод мне непатрэбны, – усміхаецца. – Як жа непатрэбны, калі такое-сякое здароўе яшчэ ёсць? Дык мусяць мае хлопцы зямельку ўзараць, а далей ужо сама корпаюся паціху, нявесткі, дзякуй ім, дапамагаюць. Зробіш штосьці – і радасна на душы. Чалавеку нельга без працы.
А працы той было, як і ў большасці яе равеснікаў-вяскоўцаў, столькі, што зараз можна толькі здзіўляцца, як усё паспявалі і дзе бралі сілы…
Сафія Антонаўна нарадзілася і вырасла на Мядзельшчыне ў шматдзетнай сям’і – такіх у пасляваенны час было шмат. Пачынала свой працоўны шлях паштальёнкай, і работа гэта ёй вельмі падабалася. Затым лёс склаўся так, што апынулася ў Докшыцах у сястры, пэўны час была падсобніцай на кухні ў кулінарыі. Старанную дзяўчыну хацелі накіраваць у Глыбокае вучыцца на повара, але тут здарылася каханне, і, як нітка за іголкай, яна адправілася за мужам Леанідам жыць у яго бацькоўскі дом у Туркі – той самы, аднак дабудаваны і рэканструяваны, у якім і жыве зараз. Уладкавалася ў лясніцтва – апальшчыцай, а пасля прыбіральшчыцай. Дзеці пайшлі, сыны, адзін за адным. А мужу, распавядае і з усмешкай, і са слязой, вельмі дачушку хацелася. І вось яна нарадзілася, іх Леначка.
Здавалася б, усё ёсць для шчасця: як у цудоўным савецкім мультфільме – чатыры сыночкі і лапачка-дочка, каханы чалавек побач, любячы, клапатлівы, наперадзе доўгае жыццё… Мусіць, кожнаму з нас у гэтым свеце адведзены выпрабаванні, толькі рознай меркай. Сафіі, або Зоі, як завуць яе ўсе ў сяле, іх выпала шчодра: спачатку, толькі дачушцы споўнілася пяць, пайшоў з жыцця заўчасна яе Лёнік, пасля пахавала двух сыноў. Перанесці неймавернае гора дапамагла падтрымка родных, разуменне сваёй ім патрэбнасці. Не сталі далей гаварыць на гэту тэму: мацярынскі боль не мае тэрміну. Гаварылі пра сямейны лад і ўклад. Сафія Антонаўна шмат гадоў пражыла разам са свякроўю, жанчынай з вельмі няпростым характарам. Прызнаецца, што цярпліва зносіла папрокі і калючыя заўвагі, а калі станавілася невыносна, проста зыходзіла з дому і ціхенька давала волю слязам. Мужу, які, бачачы такія адносіны, прымаў яе бок, не скардзілася, разумела, што і яму нялёгка, як кажуць, паміж двух агнёў. На пытанне, чаму цярпела, адказвае проста: “Свякроўка ж дапамагала мне дзетак гадаваць, гаспадарку немалую цягнуць, я ёй за гэта ўдзячная была. А яшчэ змалку вучылі, што старэйшым трэба саступаць. Праз гады дык ужо і агульную мову сталі знаходзіць”. Так вось простая жанчына, якая пра такую навуку, як псіхалогія, толькі чула, змагла захаваць лад у сям’і, няхай сабе і ахвяруючы сваім “я”, не адарваць сына ад маці і стаць урэшце для свекрыві сваёй, роднай. Цікавімся напаследак, што галоўнае ва ўзаемаадносінах мужа і жонкі. “За дробнымі недахопамі адно аднаго бачыць вялікія вартасці і цаніць іх”, – адказвае. Думаецца, не проста правільна – мудра.
Алена Несцяронак.
Фота аўтара.