«В профессии не ошиблась,» — отмечает помощник врача Порплищенской амбулатории Ирина Бурень
– Работа медыка нялёгкая ў душэўным плане – за кожнага пацыента даводзіцца перажываць, – зазначае памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Парплішчанскай амбулаторыі Ірына Бурэнь. – Тэлефануеш хвораму пасля правядзення медыцынскіх працэдур, пытаешся, ці не лепей, і калі даведваешся пра цудоўнае самаадчуванне – апаноўвае шчырая радасць.
Калісьці дзяўчына з Грабучага марыла працаваць у сувязі, як яе мама, аднак пасля заканчэння ў 1993 годзе Парплішчанскай сярэдняй школы абрала для паступлення медвучылішча: уразілі водгукі пра медыцынскую прафесію адной з сябровак. Цяпер і сама задаволена, і яе матуля таксама – усё ж дома “свой лекар”.
– Калі выступаю на прафарыентацыйных мерапрыемствах перад будучымі абітурыентамі, адзначаю, што наша работа прыносіць карысць як пацыентам, так і ўласным сем’ям, – расказвае Ірына Мікалаеўна. – Заўжды ў межах сваёй кампетэнцыі можна даць параду родным і блізкім, чым яны звычайна з ахвотай і карыстаюцца. Прыемна ўсведамляць, што медыцына звязана з міласэрнасцю і дабром.
Да прыходу ў Парплішчанскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі Ірына, па спецыяльнасці акушэрка, працавала загадчыкам Дзядкоўскага ФАПа. Гэта было яе першае рабочае месца, але сумненняў ні ў сваіх ведах, ні тым больш у правільным выбары прафесіі ні разу не ўзнікла. Адказная, з сур’ёзным падыходам да справы, яна хутка заваявала аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў.
У Порплішчы Ірына Мікалаеўна да цяперашняй пасады працавала акушэркай і адным часам загадчыкам амбулаторыі. Уладальніца надзвычай спакойнага, ураўнаважанага характару, таму з ёй камфортна мець зносіны ўсім, хто побач. Сама ж таксама цёпла адзываецца пра калег:
– Мне пашанцавала працаваць у дружным калектыве, – распавядае яна. – Адзін раз на тыдзень прыязджае з Докшыц урач Павел Хадаровіч – добры спецыяліст і чалавек. Ён з тых, хто і словам лечыць: кожнага падбадзёрыць і дасць слушную параду. У дні яго прыёму ў амбулаторыі досыць людна: насельніцтва спаўна давярае граматнаму доктару.
Разам з Ірынай Бурэнь працуюць таксама вопытныя медсястра фізіякабінета Святлана Коўзан і медсястра агульнай практыкі Тамара Андрыеўская. Добрасумленна выконвае сваю работу санітарка Ірына Чыкунова. Выручае свой транспарт – вадзіцель Павел Камінскі дастаўляе парплішчанскую медыцынскую брыгаду да пацыентаў дадому, хворых на шпіталізацыю, возіць прэпараты. Машыну выкарыстоўваюць і для перавозкі пацыентаў з іншых зон абслугоўвання.
У амбулаторыі дзейнічае дзённы стацыянар, які карыстаецца папулярнасцю, таму што гэта зручна, ды яшчэ і лекі бясплатныя.
Памочнік урача шмат часу аддае афармленню дакументацыі, прымае пацыентак як акушэрка, бярэ аналізы, робіць ін’екцыі, непасрэдна займаецца дыспансерызацыяй.
Дарэчы, дыспансерызацыю тут можна прайсці ад пачатку да канца –вымераць рост, артэрыяльны і вочны ціск, узважыцца, здаць аналізы, зрабіць электракардыяграму і г. д. Для правядзення флюараграфіі ў аграгарадок прыязджае віцебскі “Пульмаскан”.
Ірына Бурэнь рэалізавалася і ў асабістым жыцці. Па слядах маці ў медыцыну пайшла яе старэйшая дачка Таццяна – працуе памочнікам урача ў такой жа сельскай амбулаторыі на Міншчыне. Вызначаючыся ў свой час з прафесіяй, дзяўчына казала: “Толькі ў медыцыну! Толькі як мама!” І такое прызнанне сведчыць пра вялікую павагу да матулі, якая зараз з’яўляецца для Таццяны дарадчыкам і ў працы.
Малодшая, Анжаліка, – студэнтка ўніверсітэта, вучыцца на інжынера-праграміста. Каханы муж Сяргей – сапраўдны гаспадар і надзейны сябар, які падставіць плячо ў любую хвіліну. Заўзяты пчаляр. Тут жа, у Порплішчы, жыве любімая мама Ірыны – Аліна Ігнатаўна Сіўцэвіч, якая ўсім сэрцам падтрымлівае сваіх крывіначак.
– Не люблю гарады – мне даспадобы наш утульны аграгарадок, дзе развіта інфраструктура, ідзе няспешна час і жывуць прыветлівыя людзі, – выказваецца Ірына Мікалаеўна. – Усмешка кожнага з аднавяскоўцаў уздымае настрой. І ад усяго разам хораша на душы.
Ніна КРУКОВІЧ.