Энергосистема Докшиччины находится под круглосуточным наблюдением работников Района электрических сетей

Электраманцёр-вадзіцель аператыўна- выязной брыгады Віктар Гельфер.

Электраманцёр-вадзіцель аператыўна-выязной брыгады Віктар Гельфер.

22 декабря — День энергетика

У самы кароткі светлавы дзень, 22 снежня, сваё прафесійнае свята адзначаюць беларускія энергетыкі. Дата нібы дапаўняе дзень зімовага сонцастаяння святлом і цяплом, якія бесперабойна дараць людзям работнікі энергетычнай галіны.

Энергасістэма Докшыччыны знаходзіцца пад кругласутачным наглядам дыспетчараў, электраманцёраў, майстроў і іншых работнікаў Раёна электрычных сетак. Сярод іх адзін са старажылаў філіяла Глыбоцкіх электрасетак – электраманцёр-вадзіцель аператыўна-выязной брыгады Віктар Гельфер, за плячыма якога сорак тры гады стажу на адным месцы.

Віктар Ільіч прадоўжыў справу бацькі Ільі Максімавіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які ў 1960–1986 гадах працаваў у Докшыцкім РЭС майстрам па рамонце аўтамабіляў.

Шчыра кажучы, не зусім аб працягу дынастыі думаў тады Віктар. Усё было больш празаічна: работа знаходзілася побач з домам, што зручна, а з іншага боку – досыць знаёмая па аповедах бацькі.

– Тыя часы былі не лепшымі ў гісторыі арганізацыі, – успамінае Віктар Ільіч. – На балансе знаходзіліся старыя машыны, таму, каб дабрацца да ліній, нярэдка даводзілася прасіць у калгасе трактар. Назад брыгады неаднойчы вярталіся пяшком. Трымалі свайго каня, які таксама дастаўляў электраманцёраў да месца рамонту. Зімы былі суровымі, а ўздыманне на апоры ў вялікі мароз наўрад ці каго захапляла. З-за такіх спартанскіх умоў існавала кадравая цякучка. Затое зараз калектыў усталяваны, бо сітуацыя з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем значна змянілася ў лепшы бок. Не затрымліваюцца тут толькі выпадковыя людзі.

Відавочную розніцу ў развіцці цяперашняй энергетыкі падкрэслівае і начальнік Докшыцкага РЭС Іван Ючкавіч:

– РЭС актыўна займаецца будаўніцтвам, мантажом і абслугоўваннем электрычных сетак. Згодна з дагаворамі са спажыўцамі, у выпадку аварыі няспраўнасць у электрасетках павінна быць ліквідавана на працягу сутак, і для гэтага ў нас маюцца ўсе магчымасці. У наяўнасці колавы дызель-генератар на 60 кВт і шмат генератараў па 7 кВт. Напрыклад, на днях выкарыстоўвалі самы магутны з іх пры рэканструкцыі паветраных ліній у Замасточчы – падключалі да сілкавання дзіцячы сад, функцыянаванне якога без электрычнасці немагчыма.
У раёне ўстанаўліваюцца сучасныя трансфарматарныя падстанцыі, замяняюцца і пракладваюцца новыя лініі, усё больш асвятляецца вуліц у вячэрні час – год ад года электрычнасць пашырае выгоды насельніцтва.

Віктара Гельфера начальнік РЭС характарызуе як працавітага, адказнага работніка, спакойнага, разважлівага чалавека – такія якасці якраз і неабходны ў энергетычнай дзейнасці: без паспеху, уважліва і з максімальнай дакладнасцю.

– У час работы электраманцёры непасрэдна звязаны з дыспетчарам, а выкананне задач фіксуецца на відэа, – заўважае Віктар Ільіч. – Тэхніка бяспекі пакладзена ў аснову асноў.

Працу ў РЭС электраманцёр-вадзіцель “аварыйкі” любіць за “раз’язны” характар. Гэта выезды на выяўленне і ліквідацыю пашкоджанняў, планавае абслугоўванне падстанцый і ліній, вулічнага асвятлення, на кантрольныя мерапрыемствы за ўлікам спажывання электраэнергіі, уборку тэрыторый, высечку дрэў і іншыя. Разам з экстраннымі службамі брыгада таксама накіроўваецца на пажары.

Працуюць АВБ пазменна – па паўсутак кожная. Двайная нагрузка прыпадае менавіта на электраманцёра-вадзіцеля, які не толькі рамантуе, але і за рулём. Тым не менш ніхто не скардзіцца.

– Матывуюць падзякі людзей за ўзнаўленне падачы электрычнасці, – адзначыў Віктар Гельфер. – Асабліва вялікае значэнне мае наша аператыўнасць для сацыяльных аб’ектаў, вытворчасці, сельскай гаспадаркі.

Малодшы сын Віктара Ільіча Павел таксама падаўся ў энергетыкі. У выбары прафесіі хлопец прыслухаўся да бацькавай парады: “Галіна запатрабаваная, таму без работы ніколі не застанешся”. Пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з чырвоным дыпломам Павел працуе майстрам рэлейнай службы ў Глыбоцкіх электрасетках.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *