Праздничные мероприятия, приуроченные ко Дню Октябрьской революции, начались 6 октября в Докшицком районе

Як завязваць піянерскі гальштук, ля тэматычнай выставы ўзгадалі Валянціна Ванюшына і Таццяна Ягорава.

Як завязваць піянерскі гальштук, ля тэматычнай выставы
ўзгадалі Валянціна Ванюшына і Таццяна Ягорава.

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, распачаліся ў райцэнтры 6 кастрычніка з ускладання кветак да помніка У.І. Леніну. Назаўтра ў фае ККЗ “Іскра” адбылося адкрыццё тэматычнай выставы “Гэта наша гісторыя”, ля якой ахвотныя фатаграфаваліся, дзяліліся ўспамінамі.
— Для майго пакалення гэты дзень быў адным з самых значных сярод іншых святочных дат, – дзяліўся ўспамінамі дакшычанін Іван Курдзека. – Шырокімі калонамі, упрыгожанымі транспарантамі, ішлі гараджане па галоўнай вуліцы горада да плошчы імя І.С. Палявога, дзе ля райкама партыі, які месціўся ў будынку цяперашняй ДШМ, праходзіў мітынг. Шэсце заўсёды суправаджалі два аркестры: дзіцячы і дарослы.
Перад пачаткам канцэрта пра гістарычныя падзеі 1917 года нагадаў дакументальны фільм. “Я люблю тебя, жизнь! Я люблю тебя снова и снова” – пранікнёна спяваў народны ансамбль народнай песні “Раніца”. Гледачы шчыра падтрымлівалі выканаўцаў песень савецкага часу і заўзята падхоплівалі знаёмыя мелодыі.
Інтрыгай свята стаў “Батл пакаленняў”. Дзве каманды – пажылых і моладзі – праз конкурсы і цікавыя выпрабаванні высвятлялі, якое пакаленне лепшае. Прадстаўнікі старэйшага, у ліку якіх у асноўным былі ўдзельнікі хору ветэранаў “Залатыя гады”, аб’ядналіся ў аднайменную зборную, якой супрацьстаяла каманда “Залатая мола­дзь”. Здаецца, першымі заўсёды павінны былі быць юнакі і дзяўчаты, але бабулі і дзядулі амаль у кожным конкурсе давалі ім фору. Танцавалі – “з агеньчыкам”. Ім з лёгкасцю былі падуладныя сучасныя “тэктонікі”, “хаўсы”, “хіп-хопы”. Моладзь, у сваю чаргу, старалася вальсаваць і “аджыгаць” пад рок-н-рол. А потым усе разам спявалі шлягеры, размаўлялі на слэнгу “васьмідзясятых” і “нулявых”, разгадвалі рэбусы і загадкі. У фінале спаборніцтва згулялі ў вясёлы “Ручаёк”.
— У батле паміж вопытам, мудрасцю і юнацкім максімалізмам перамагло сяброўства, – падкрэсліла напрыканцы мерапрыемства лідар РК ГА “БРСМ” Вікторыя Ждановіч. – Але галоўнае — дружба паміж пакаленнямі. Безумоўна, яны розныя, але ім ёсць пра што пагаварыць і чым падзяліцца.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

‘‘На сэрцы лёгка ад песні вясёлай’’

Так называўся традыцыйны рэтра-канцэрт, прымеркаваны да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Валкалацкім СДК. Канцэрт-успамін, канцэрт-настальгія ў першую чаргу адрасаваны тым, хто быў “народжаны ў СССР”, вырас на цудоўных песнях і вершах тых часоў. Згадалі рэвалюцыю: Мікіта Глушкевіч з натхненнем выканаў вядомую кожнаму савецкаму школьніку песню “Крэйсер “Аўрора”. Не абышлі ўвагай такую падзею, як уздым цалінных зямель, – вакальная група праспявала “Едут новоселы”. Шквал апладысментаў выклікалі танцы – ламбада і “Старый клён” – у выкананні юных удзельнікаў танцавальнага гуртка, які працуе пры ўстанове. Як вядома, першыя замежныя “доўгаіграючыя” серыялы паявіліся на нашых экранах у другой палове васьмідзясятых. Сцэнка-пародыя “Мыльная опера” найлепшым чынам перадала дух тае пары і высмеяла якасць і хуткасць развіцця падзей у кіно такога кшталту. Адметна, што заўжды на такіх канцэртах не проста выконваюцца музычныя, танцавальныя, паэтычныя нумары, але і згадваюцца аўтары, падаюцца цікавыя звесткі з гісторыі іх узнікнення, кінафільмы, тэлеперадачы, фестывалі, дзе яны сталі вядомымі і папулярнымі.
Рэтра-канцэрты ў Валкалатах праходзяць ужо шмат гадоў, але па-ранейшаму збіраюць сваіх адданых прыхільнікаў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *