Як Віцебшчына звязана з аўтарамі беларускіх дзяржаўных сімвалаў
Да ўтварэння галоўных сімвалаў незалежнасці нашай дзяржавы – гімна і сцяга – маюць дачыненне таленавітыя беларусы, лёс якіх тым ці іншым чынам звязаны з Віцебшчынай.
Агульнавядомыя наступныя факты: адмысловай вышывальшчыцы Матроне Маркевіч з Сенненшчыны належыць аўтарства ўзору, узятага за аснову арнамента, што аздобіў наш сцяг; на Докшыччыне нарадзіўся аўтар музыкі нашага гімна кампазітар Нестар Сакалоўскі; на Браслаўшчыне пачынаўся працоўны шлях аўтара слоў сучаснага гімна Уладзіміра Карызны.
А вось аб тым, што свой след на віцебскай зямлі пакінуў і аўтар слоў першага гімна БССР Міхаіл Клімковіч, стала вядома зусім нядаўна. Заслону таямніцы ўдалося прыпадняць вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдату гістарычных навук, дацэнту Аляксандру Бараноўскаму.
Натрапіў на вядомае імя
Навуковец патлумачыў: штогод Інстытут гісторыі і Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН праводзяць ва ўсіх кутках Беларусі рэгіянальныя навукова-практычныя канферэнцыі. Як выхадзец з паўночнага рэгіёна, Аляксандр Бараноўскі ладзіць такія мерапрыемствы на радзіме. Пры падрыхтоўцы канферэнцыі “Чашніцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна”, якая мае адбыцца 12-13 чэрвеня ў Чашніках, у Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці спецыялісты знайшлі пацверджанне малавядомым звесткам.
На тэрыторыі сучаснага Чашніцкага існаваў і Чарэйскі раён. Праўда, нядоўга – з 1924 да 1931 года. На той час абласцей не было. Чарэйскі раён уваходзіў у склад Барысаўскай акругі, а Чашніцкі – Віцебскай. Паколькі неўзабаве Чарэя страціла статус райцэнтра, а навакольныя сельсаветы, у тым ліку і Чарэйскі, былі перададзены Крупскаму і Чашніцкаму раёнам, згубіўся цікавы гістарычны факт.
– Працуючы з дакументамі, я натрапіў на звесткі аб тым, што ля вытокаў утварэння партыйных і савецкіх органаў у Чарэйскім раёне стаяў Міхаіл Мікалаевіч Клімковіч. Надта вядомае ў Беларусі імя, каб не звярнуць на яго ўвагі, – паведаміў Аляксандр Бараноўскі. – Я праверыў інфармацыю ў іншых крыніцах, прынамсі на партале «Партызаны Беларусі». Высветліў, што, згодна з асабістым лістком па ўліку кадраў, менавіта аўтар тэкста гімна Беларусі «Мы, беларусы», першы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Клімковіч быў адказным сакратаром Чарэйскага райкама КП(б)Б.
На працягу года, з сакавіка 1924 па сакавік 1925 года, Міхаіл Клімковіч фарміраваў першыя партыйныя і савецкія органы ўлады ў Чарэйскім раёне. Такім чынам, Чарэйшчына не чужы яму край, і хто ведае – магчыма, тутэйшыя вялікія перамены захаваліся ў яго памяці, каб пазней скласціся ў неўміручыя радкі:
Сілы гартуе люд Беларусі
У братнім саюзе, у мужнай сям’і.
Вечна мы будзем, вольныя людзі,
Жыць на шчаслівай, вольнай зямлі!
Аўтары галоўнай песні
… Раніца новага 1944 года пачалася трансляцыяй по радыё новага дзяржаўнага гімна СССР. Ішла Вялікая Айчынная вайна. Праз месяц і саюзныя рэспублікі атрымалі заданне напісаць нацыянальныя гімны па ўзору “Союз нерушимый республик свободных”. Вядома, што на першы тур беларускага конкурсу 11 паэтаў і 14 кампазітараў прадставілі 27 варыянтаў тэкстаў і больш за 70 – музыкі.
Аднак пастанову “Аб Дзяржаўным гімне Беларускай ССР” Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі прыняў толькі 17 верасня 1955-га. Праз тыдзень Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР зацвердзіў гімн на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхася Клімковіча. Яго першая трансляцыя адбылася 1 кастрычніка 1955 года.
Сумна, але аўтары не дажылі да гэтага часу: кампазітар памёр 13 лістапада 1950-га ва ўзросце 48 гадоў, а Міхась Клімковіч – 5 лістапада 1954-га ва ўзросце 54 гады.
Гімн перажыў некалькі трансфармацый. Дакладней, музыка заставалася нязменнай, а вось словы… Першапачатковы варыянт тэкста змянілі пасля раскрыцця культа асобы Сталіна – знікла ўпамінанне аб ім. Калі ў 1991-м адбыўся чарговы віраж гісторыі –распаўся СССР, словы давялося прызнаць неактуальнымі. Да 2002 года на афіцыйных мерапрыемствах гучала толькі музыка гімна.
На аб’яўлены ў 2002 годзе конкурс тэксту дзяржаўнага гімна паступіла больш за 400 прапаноў. Іх аўтарства хавалася за асабістымі кодамі ўдзельнікаў. Камісію ўзначаліў Прэзідэнт. У фінал выйшла тры варыянты тэкста гімна – Івана Карэнды, Міхася Клімковіча і Уладзіміра Карызны, а таксама Дзмітрыя Марозава, апублікаваныя ў газеце “СБ. Беларусь сёння”. Варыянты на музыку Уладзіміра Алоўнікава, Васіля Раінчыка і адноўленую аранжыроўку Нестара Сакалоўскага загучалі па радыё і тэлебачанні. Ішла народная экспертыза. Меркаваннні, якія паспелі выказаць амаль 119 тыс. чалавек, выслухоўваліся на пряцягу пяці дзён.
Больш за 50 тыс. галасоў беларусы аддалі за музыку кампазітара Нестара Сакалоўскага, за мелодыю сучаснага Дзяржаўнага гімна. На карысць тэкста М. Клімковіча – У. Карызны паступіла больш за 25 тыс. галасоў.
На надгробным помніку Міхасю Клімковічу на Воінскіх могілках у Мінску выбіты радкі гімна, якія ў яго не ўваходзілі.
2 ліпеня 2002-га Прэзідэнт зацвердзіў тэкст і музыку гімна. Урэшце беларусы набылі страчаную на 11 год магчымасць спяваць свой гімн. У снежні таго ж года ўпершыню адбылася акцыя “Спяём гімн разам”, якая штогод праходзіць падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Уся наша краіна прасынаецца і засынае пад гімн. Ён суправаджае самыя трапяткія моманты нашага жыцця – школьныя лінейкі, заключэнне шлюбу, спартыўныя спаборніцтвы, мітынгі і дзяржаўныя святы. Кожны грамадзянін ведае словы галоўнай песні сваёй краіны.
Фото Святланы ЯКАЎЛЕВАЙ. Витебские вести