25 лет физкультурно-оздоровительный блок санатория «Боровое» возглавляет Владимир Махонь

IMG_2260 с

За шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і значны асабісты ўклад у развіццё санаторна-курортнага лячэння напярэдадні прафесійнага свята інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце санаторыя “Баравое” Уладзімір Махонь узнагароджаны Падзякай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У гэтым кароткім тэксце афіцыйнага дакумента ёмка сабрана аснова – добрасумленная выніковая дзейнасць на пасадзе даўжынёй у чвэрць стагоддзя. Сёлета будзе акурат 25 гадоў, як Уладзімір Віктаравіч узначаліў фізкультурна-аздараўленчы блок санаторыя. Гэта супала з адкрыццем жамчужыны здраўніцы – водалячэбніцы з 25-метровым крытым басейнам з мінеральнай вадой. Хаця і да таго часу “Баравое” было для нашага героя месцам працы. Справа ў тым, што 14 гадоў Уладзімір Віктаравіч аддаў службе ў органах унутраных спраў і адказваў за бяспеку адпачываючых на тэрыторыі санаторыя. А потым сістэму рэфармавалі, сферу дзейнасці прыйшлося змяніць.

І калі тагачасны галоўны ўрач установы Сяргей Фёдаравіч Блажко, ведаючы пра тое, што Уладзімір з самага дзяцінства быў апантаны спортам і меў профільную адукацыю за плячыма (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту. – Рэд.), прапанаваў стаць інструктарам па плаванні і ЛФК, падумаўшы, згадзіўся.

– З вялікай павагай і ўдзячнасцю прыгадваю настаўленні мудрага і вопытнага Сяргея Фёдаравіча, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Не скажу, што напачатку было лёгка: праводзіў трэніроўкі, паралельна сачыў за станам спраў у басейне. Адказнасць вялікая: падбяры правільны комплекс практыкаванняў адпаведна ўзросту, вазе і медыцынскаму профілю захворванняў, растлумач адпачываючым, што незаўжды надта нагружаць сябе добра, прасачы за бяспекай, а ў выніку зрабі так, каб кожны наш госць захацеў вярнуцца ў “Баравое”, – дзеліцца трэнер са стажам Уладзімір Махонь.

Але, мяркуючы па водгуках, якія пакідаюць госці, і па тым факце, што санаторый мае шмат наведвальнікаў круглы год, у героя артыкула, ды і ў кожнага супрацоўніка здраўніцы, гэта добра атрымліваецца.

Дарэчы, не толькі з санаторыем, але і са спортам Уладзімір Махонь усё жыццё. Ён чалавек мясцовы. Нарадзіўся на Крыпульшчыне, у вёсцы Ветахмо. Дырэктар школы ўжо з пятага класа прапаноўваў матулі адправіць здольнага Валодзю на навучанне па спартыўным профілі. Але ж у сям’і ён быў шостым, малодшым. Работы хапала, таму хлопчыка часта пакідалі на гаспадарцы дома і ні пра якія спартыўныя вяршыні гаворкі не было часу весці. “Толькі лёс – мудры дарадца: калі трэба, гэта сцежка будзе тваёй усё роўна” – зазначае Уладзімір Віктаравіч. І з ім нельга не пагадзіцца. Дарэчы, у перамогах санаторыя ў спартыўных мерапрыемствах значная заслуга і нашага героя. Са сферай лячэння і аздараўлення ў пэўнай ступені звязалі сваё жыццё і дачушкі Уладзіміра Махоня. Старэйшая Вольга мае медыцынскую і спартыўную адукацыю, працуе інструктарам-валеолагам Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, малодшая Крысціна – лагапед-дыфектолаг у дзіцячым садзе г. Полацка. А другая палавінка, Святлана Мікалаеўна, таксама не адно дзесяцігоддзе працуе ў бухгалтэрыі санаторыя “Баравое”.

– Я шчаслівы чалавек, бо жыццё маё склалася на малой радзіме, прафесійная дзейнасць – на адным месцы. Бязмежна за гэта ўдзячны лёсу, і добра разумею нашых адпачываючых, якія выбіраюць санаторый і вяртаюцца з году ў год за цішынёй, спакоем, гасцінным сэрвісам і добрай аздараўленчай базай, – заканчвае размову Уладзімір Махонь.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *