Владимир Ковзан — герой областных «Дажынак» в Браславе
Галоўны інжынер ААТ “Барсучанка” Уладзімір Коўзан з той, зараз ужо рэдкай, катэгорыі людзей, пра якіх гавораць: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. У далёкім 1987 годзе выпускнік Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, ураджэнец вёскі Лапліна, вярнуўся ў родныя мясціны, каб падмацаваць практычна атрыманыя ў навучальнай установе веды і атрымаць першыя навыкі ў справе, якую выбраў не выпадкова, а цалкам асэнсавана.
Уладзімір Тадэвушавіч згадвае, як тагачасны дырэктар племзавода “Порплішча” Вікенцій Міхайлавіч Сваток узяў яго пад сваю апеку, вучыў, дапамагаў, накіроўваў, але з самага пачатку і патрабаваў строга, не цырымоніўся і не рабіў скідку на ўзрост і нявопытнасць. Таму, кажа, загартоўка баявая, што і тады, і ў далейшым дапамагала спраўляцца з праблемамі і не апускаць рукі. Тры гады адпрацоўкі прамільгнулі-праляцелі, але Уладзімір не чакаў заканчэння гэтага тэрміну і не лічыў дні, як салдат перад дэмабілізацыяй. Лягчэйшага хлеба шукаць не паехаў: горад не вабіў. Тут, у родных мясцінах, пачуваў сябе камфортна, ды і аўтарытэт, нягледзячы на маладосць, ужо заваяваў. У асабістым жыцці таксама ўсё добра склалася: стварыў моцную сям’ю і абаснаваўся жыць у Порплішчы.
Уладзімір Тадэвушавіч збіўся з ліку, колькі было на яго вяку кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства – прыкладна дзясятак. Давялося непрацяглы час і яму самому пабыць на гэтай пасадзе, якая яго не прывабіла. “Хто на што вучыўся”, – смяецца. Сёмы год ужо пайшоў, як аб’ядналіся дзве гаспадаркі, і пад апекай галоўнага інжынера зараз два мехдвары – у Порплішчы і Барсуках. “Баліць галава” па забеспячэнні запчасткамі, рамонце, тэхнічным абслугоўванні, пастаноўцы на захоўванне чатырох дзясяткаў трактароў, дзесяці камбайнаў, трох пасяўных агрэгатаў, трох КВК і яшчэ шмат якой сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Працуе са зладжанай камандай у складзе інжынера па працаёмкіх працэсах, галоўнага энергетыка, двух загадчыкаў мехмайстэрняў, а вось інжынера па забеспячэнні ў гаспадарцы няма.
На пытанне, што было найбольш складаным у рабоце тры дзясяткі гадоў таму і з якімі праблемамі прыходзіцца сутыкацца зараз, адказвае адразу, ні на хвіліну не задумваючыся: раней на ўсё меліся грошы, але цяжка было даставаць запчасткі, а цяпер наадварот – запчастак на любы густ і кошт, а вось грошай на іх не хапае.
– Тым не менш змагаемся, разам з механізатарамі, вадзіцелямі, слесарамі робім усё магчымае, і тая тэхніка, што ў еўрапейцаў даўным-даўно была б спісана, у нас працуе, – канстатуе Уладзімір Тадэвушавіч.
За такі вось гаспадарскі падыход, за здольнасць не пасаваць перад цяжкасцямі Уладзімір Коўзан неаднойчы адзначаўся як на раённым, так і на абласным узроўні. Апошняя ўзнагарода – Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама – была ўручана яму на абласных “Дажынках” у Браславе.