Директор Докшицкого ПМС Владимир Шульгат: «Общий наш успех — это добросовестный труд каждого на своем рабочем месте»

На разгрузцы дрэнажнай трубы Ілья Лашкуноў, Іван Вайцяховіч і Сяргей Жабкін (злева направа).

На разгрузцы дрэнажнай трубы Ілья Лашкуноў, Іван Вайцяховіч і Сяргей Жабкін (злева направа).

Сёння — Дзень меліяратара

Па выніках работы ў мінулым годзе за дасягненне важкіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна калектыў Докшыцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм адзначаны Дыпломам раённага выканаўчага камітэта.

— Агульны наш поспех — гэта добрасумленная праца кожнага на сваім рабочым месцы па ўмацаванні патэнцыялу арганізацыі, — адзначыў у размове напярэдадні прафесійнага свята кіраўнік прадпрыемства Уладзімір Шульгат. — Галоўны вынік леташняй работы — увод у эксплуатацыю 915,2 гектара плошчаў па культуртэхнічнай меліярацыі і 428,4 гектара — па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм. Абкасілі 801 кіламетр каналаў, знішчылі ДКР на 10 кіламетрах. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 1 мільён 441 тысячу рублёў. Набылі траншэекапальнік, два трактары МТЗ-82, трактар МТЗ-1221, два аўтамабілі МАЗ. Умацаванне парка новай тэхнікай дазваляе нарошчваць тэмпы і паляпшаць якасць выконваемых работ. Сёлета тэмпаў не збаўляем. Новы меліярацыйны сезон зараз у самым разгары. Першы квартал мы завяршылі са станоўчымі вынікамі. Тэмп росту па выручцы склаў 140 працэнтаў, а прадукцыйнасць працы па выручцы на аднаго сярэдняспісачнага работніка дасягнула 146,6 працэнта. Сярэднямесячная заработная плата на прадпрыемстве на сённяшні дзень складае 1431 рубель — у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла на 20 працэнтаў. Працуем, паслядоўна рашаем задачы новага сезону, а яны, безумоўна, не менш маштабныя, чым мінулагоднія.

У майстэрні ПМС працуе Валерый Сапажэнка.

У майстэрні ПМС працуе Валерый Сапажэнка.

Так, ПМСаўцы поўным ходам вядуць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы «Беразіна» на ўчастку «Сценка» ў ААТ «Таргуны», дзе аднаўляюць 142,8 гектара плошчаў. Тэрмін завяршэння работ — студзень 2026 года. Аднак у калектыве намераны ўвесці аб’ект у эксплуатацыю ўжо у снежні, адзначае Уладзімір Іванавіч. Кіруе ходам рэканструкцыі майстар Аляксандр Сачына — на балотным масіве зараз сканцэнтравана шмат тэхнікі і людскіх рэсурсаў. Адначасова вядуцца расчыстка каналаў, валка дрэў, дрэнажыраванне, разраўноўванне кавальераў. Такі комплексны падыход бясспрэчна садзейнічае эфектыўнасці работы і нарошчванню яе тэмпаў.

Паралельна ідзе рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы «Вяршкі» на ўчастку «Малякова» ў ДП «АграСітцы». Тут кіруе ўсімі працэсамі намеснік дырэктара Аляксандр Аніська. Правялі падсыпку дарожнага палатна пясчана-гравійнай сумессю ў аб’ёме 700 кубаметраў, падчышчаюць адкрытую сетку, выдаляюць дзікую расліннасць. Дадзены аб’ект запланавана ўвесці ў снежні.

— Працуем яшчэ на двух аб’ектах рамонту, — акцэнтуе ўвагу галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Карпека. — Гэта бягучы рамонт водапрыёмніка ракі Поня ў аднайменнай меліярацыйнай сістэме, што праходзіць па тэрыторыі ААТ «Таргуны», ААТ «Бягомльскае» і ДП «Гняздзілава-Агра». Вынік, якога плануем дасягнуць, — аздараўленне водна-паветранага рэжыму плошчаў і адпаведна паляпшэнне росту траў. Прыступаем да рэканструкцыі сістэмы «Беразіна» на ўчастку «Малажане» ў КУП «Докшыцкі». Тут адновім 193,2 гектара раней асушаных зямель. У агульным жа павінны правесці рэканструкцыю на 1299 гектарах. Аб’ёмы значныя, аднак тэхнічнай і тэхналагічнай магутнасці нашай арганізацыі дастаткова, каб справіцца з імі. Да ўсяго прымаем удзел у зносе невыкарыстоўваемых збудаванняў па заяўках сельсаветаў. З пачатку года знеслі чатыры старыя дамы на тэрыторыі Крыпульскага сельсавета, маем яшчэ заяўкі, якія будзем выконваць па меры вызвалення тэхнікі ад асноўных работ. Займаемся таксама зносам старых жывёлагадоўчых ферм. На дадзены момант гэта ферма «Шылькі» ДП «АграСітцы», у перспектыве яшчэ МТК «Віржы» гэтай жа гаспадаркі і ачышчальнымі збудаваннямі МТК «Альхоўка» ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс». Карацей, сезон загружаны і напружаны, да чаго нашаму калектыву не прывыкаць.

Дырэктар Докшыцкага ПМС Уладзімір Шульгат:
— Прыемна адзначыць, што па выніках работы ў мінулым годзе лепшым інжынерам па дзяржуліку з занясеннем на Дошку гонару КУП «Віцебскмеліяводгас» стала наша Вольга Свірко, а бульдазерысты Віктар Копыл і Аляксандр Самсонаў занялі трэцяе месца ў абласным спаборніцтве.
Карыстаючыся выпадкам, віншую ўвесь калектыў з прафесійным святам, дзякую шчыра за нялёгкую працу, жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця, бадзёрасці і аптымізму, новых працоўных дасягненняў на карысць раёна, краіны і для ўмацавання матэрыяльнай базы нашага прадпрыемства.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *