Докшичане приняли участие в Пятом медиафоруме, который проходил в Гомеле

"Інфармацыя сёння – гэта ўжо зброя".  Міністр інфармацыі Марат Маркаў на форуме ў Гомелі.

«Інфармацыя сёння – гэта ўжо зброя». Міністр інфармацыі Марат Маркаў на форуме ў Гомелі.

Два дні, шэсць гарадоў і амаль тысяча ўдзельнікаў. Такім маштабным і насычаным на падзеі атрымаўся V Форум медыйнай супольнасці Беларусі “Медыя сёння: фокус на праўду”, які прайшоў 5 – 6 чэрвеня ў Гомельскай вобласці.

Журналісты, эксперты медыя, прадстаўнікі блогасферы, ідэалагічнай вертыкалі і прэс-службаў органаў дзяржкіравання – удзельнікі форуму з’ехаліся на Палессе з усіх куткоў нашай краіны. Докшыччыну на прафесійнай дыялогавай пляцоўцы прадстаўлялі галоўны рэдактар раённай газеты “Родныя вытокі” Аляксандр Варанковіч, адказны сакратар выдання Наталля Сташэвіч і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Наталля Васько.

Дарэчы, у мінулым годзе, выступаючы на медыяфоруме ў Магілёве, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў яго своечасовым і паспяховым праектам і прапанаваў павялічыць як колькасць удзельнікаў, так і колькасць дзён форуму. Арганізатары прыслухаліся да прапановы Кіраўніка дзяржавы, і традыцыйная штогадовая сустрэча набыла больш маштабныя абрысы.

Мясцовая інфармацыя – прэстыжная

Практычна адначасова мерапрыемствы стартавалі ў шасці гарадах вобласці: Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Рагачове, Светлагорску і Жлобіне.

Дэлегацыя Прыдзвінскага краю пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марыны Навіцкай працавала ў горадзе Рагачове.

photo_2025-06-10_10-10-49

“Трансфармацыя медыя. Як можна ўплываць на аўдыторыю простымі прыёмамі?” – так называлася дыскусія. Яе мадэратарам выступіла генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч з пулам спікераў БЕЛТА. Як данесці да чытача інфармацыю аператыўна і праўдзіва, каб яго ўвага не была перахоплена дэструктыўнымі каналамі перадачы інфармацыі; чаму вельмі важна для раённых выданняў рабіць фокус усё ж такі на мясцовую павестку; якія мастацкія сродкі афармлення інфармацыі на сайтах газет найбольш удалыя; наколькі загаловак, лід і тэгі дапамагаюць прасоўваць матэрыял. Дыскусія атрымалася вельмі жывой, насычанай прыкладамі з журналісцкай практыкі і прайшла ў нязмушанай абстаноўцы, больш падобнай да сяброўскага дыялогу аднадумцаў ці рэдакцыйнай лятучкі.

Сустрэча завяршылася сімвалічна. Віцябляне перадалі прадстаўнікам БелТА дыван-плакат з лімітаванай калекцыі савецкіх аўтараў, а кіраўніцтву Рагачоўскага МКК, які гасцінна прадставіў пляцоўку для дыскусіі, – глыбоцкую згушчонку, у знак таго, што прадукт кожнага прадпрыемства ўнікальны па рэцэптуры і мае свайго спажыўца.

photo_2025-06-05_14-54-48

Стваральная вытворчасць

У рамках V Форума медыйнай супольнасці Беларусі журналісты наведалі Музей працоўнай славы Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната і вытворчыя цэхі прадпрыемства. Захапляе і сам музей, і тое, як беражліва на прадпрыемстве захоўваецца памяць пра супрацоўнікаў камбіната, унікальныя дакументы і фатаграфіі людзей, якія стаялі ля вытокаў стварэння прадпрыемства. Рагачоўскі МКК, без перабольшвання, флагман малочнай прамысловасці рэгіёна і Гомельшчыны ў цэлым. Дужа ўразіў маштаб вытворчасці пры наведванні кансервавага і сырнага цэхаў. Ну і як жа не зрабіць здымак каля першага ў свеце чатырохметровага помніка згушчанаму малаку?

“Апошні эшалон” і “Пазітыў-ТБ”

Затым удзельнікі форуму прынялі ўдзел у мітынгу каля Мемарыяла воінскай славы і ўсклалі кветкі да падножжа манумента.

Без мінулага няма будучыні – збіты, здавалася б, выраз, але наколькі ён праўдзівы, можна было ўпэўніцца падчас наведвання сярэдняй школы № 2 г. Рагачова імя У.М. Калеснікава. Педагогі і навучэнцы ўстановы прэзентавалі грамадзянска-патрыятычны праект “Апошні эшалон”, які накіраваны на выхаванне патрыятызму ў падрастаючага пакалення, грамадзянскай адказнасці, паважлівага стаўлення да нацыянальнай спадчыны і культуры роднага краю, фарміраванне пачуцця павагі да воінаў-землякоў. Гэта калі афіцыйна. А калі шчыра, то выступленне юных палешукоў моцнае, неверагодна кранальнае, да дрыжыкаў, да слёз. Выдатная работа педагагічнага калектыву і бязмежна таленавітых вучняў.

Прэзентацыя патрыятычнага праекта "Апошні эшалон".

Прэзентацыя патрыятычнага праекта «Апошні эшалон».

Не менш карысным было і знаёмства з дзейнасцю Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама з юнкарамі краю.

Ва ўстанове паспяхова рэалізуюцца розныя творчыя праекты для падрастаючых рагачоўцаў, працуе студыя маладзёжнага тэлебачання “Пазітыў-ТБ”. А для самых маленькіх наведвальнікаў працуе мультыплікацыйная студыя. Дзеці актыўныя, уключаныя ў працэс, цікаўныя, пазітыўныя. Напрыклад, адзін з юнкараў, што называецца, з першага дубля запісаў тэлеінтэрв’ю ў галоўнага ідэолага Віцебшчыны Марыны Навіцкай.

У галоўнага ідэолага Віцебшчыны Марыны Навіцкай бярэ інтэрв’ю юнкар з Рагачова.

У галоўнага ідэолага Віцебшчыны Марыны Навіцкай бярэ інтэрв’ю юнкар з Рагачова.

З самай раніцы другога дня медыяфоруму аўтобусы з абласнымі дэлегацыямі спяшаліся ў Гомель, дзе павінна было адбыцца пленарнае пасяджэнне і галоўная інтрыга сустрэчы – аб’яўленне пераможцаў XXI Нацыянальнага конкурсу “Залатая літара” – своеасаблівага журналісцкага “Оскара” для прадстаўнікоў друкаваных СМІ.

У чым сіла?

photo_2025-06-06_10-32-34Асноўнай пляцоўкай медыяфоруму стаў Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр. Тут працавала выязная студыя “Клуба галоўных рэдактараў”, маладзёжная тэлестудыя ТРК “Гомель”, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы праектаў СМІ і фотаработ журналістаў.

– У гэтым годзе ў форуме бяруць удзел прэс-сакратары дзяржаўных органаў і арганізацый. Мы ўпершыню сустрэліся разам і зразумелі, што мы не ворагі, што мы дзейнічаем у адных інтарэсах. Даносім аператыўна праўду і не дапускаем фарміравання клубкоў фейкаў, якія распальваюць у людзей негатыўнае стаўленне да сферы, рэгіёна, краіны і кіраўніцтва ў цэлым, – адзначыў у прывітальнай прамове першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў. – Ёсць шмат тэм і практык, пра якія нам варта гаварыць сёння, каб зрабіць нашу індустрыю больш эфектыўнай, больш прадуктыўнай у тым супрацьстаянні, у той інфармацыйнай вайне, у стадыі якой мы зараз знаходзімся.

Ён таксама зачытаў прывітальны адрас удзельнікам форуму ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

– Праўда – адзіны шанц выжыць нам, нашай дзяржаве. Мы адпрацавалі з вамі важную пяцігодку. Мы перажылі мяцеж 2020-га, інфармацыйна забяспечылі рэферэндум, “Марафон адзінства”, прэзідэнцкія выбары, 80-годдзе вызвалення Беларусі, 80-годдзе Вялікай Перамогі, – падкрэсліў міністр інфармацыі Марат Маркаў. – Інфармацыя сёння – гэта ўжо зброя, якая можа разбураць краіны, натхняе на подзвігі. І не варта падманвацца зацішшам. Інфармацыйная вайна супраць Беларусі працягваецца, і ціск гэты толькі ўзмацняецца.

photo_2025-06-06_13-17-33Галоўны рэдактар раённай газеты “Родныя вытокi” Аляксандр Варанковіч:
– У мінулым годзе на форуме ў Магілёве, у якім прымаў удзел Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, мне выпала магчымасць спытаць у нашага Прэзідэнта, ці трапляюць у яго агляд раённыя выданні і публікацыі ў Інтэрнэце. Тады Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў, што самыя вострыя матэрыялы раённай прэсы надалей абавязкова будуць у штодзённым аглядзе Прэзідэнта. І сёлета ў Гомелі гэтая тэма гучала дакладна. Як адзначыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, усе праблемныя пытанні рэгіёнаў у полі яго зроку, у тым ліку і з нашых раённых газет. Форум – гэта ўнікальная магчымасць для кожнага журналіста задаць свае пытанні розным спікерам, уступіць у дыялог і атрымаць адказ у тым ліку і на праблемныя пытанні.

Сваімі напрацоўкамі падзяліліся галоўныя рэдактары рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Фінальным акордам сустрэчы стала ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”.

Прадстаўнікі нашай рэдакцыі бралі ўдзел ва ўсіх пяці медыяфорумах. Дзелячыся ўражаннямі, прыйшлі да высновы, што пятая сустрэча была найбольш дынамічнай, плённай і дакладна арыентаванай на выклікі часу. Расце маштаб форуму, мацнее медыясупольнасць, адчуваецца аб’ядноўваючая сіла і агульныя інтарэсы ўсіх удзельнікаў медыяпрацэсу.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара,
Аляксандра ВАРАНКОВІЧА
і Наталлі ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *