Путь от наладчика оборудования до инженера-технолога на заводе «Ветразь» прошел Александр Куленкович
З заводам “Ветразь” у інжынера-тэхнолага Аляксандра Кулянковіча непарыўная сувязь даўжынёй у 25 гадоў. Пасля заканчэння прафесійна-тэхнічнага вучылішча ён прыйшоў працаваць наладчыкам абсталявання. Яшчэ застаў той час, калі прадпрыемства займалася выпускам ёлачных цацак. Заказаў, у тым ліку такой прадукцыі як кандэнсатары, інкубатары, было шмат, а вось зарплаты былі адносна невысокія. Нягледзячы на гэта, сваёй прафесіі Аляксандр не здрадзіў, хаця меў спецыяльнасць аўтаслесара і мог паспрабаваць сябе ў іншай справе.
– “Дыхаць” па-іншаму і паспяхова развівацца завод стаў з прыходам новага кіраўніка Анатолія Віктаравіча Сіўко, – успамінае інжынер-тэхнолаг. – Поспех заключаўся ў нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці, укараненні сучасных тэхналогій, асваенні новых відаў прадукцыі. Яна ў першую чаргу была арыентавана на патрэбнасці ААТ “Магілёўліфтмаш”. На той час я працаваў электраманцёрам. Крыху пазней закончыў курсы па наладцы сучасных станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, адначасова вучыўся на вадзіцеля пагрузчыка. Многія завадчане маюць шматпрофільныя прафесіі, што дае магчымасць падмяняць калег у час іх водпуску альбо калі яны знаходзяцца на бальнічным. Яшчэ адну спецыяльнасць – інжынера-энергетыка – набыў завочна ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
Працэс абнаўлення і пашырэння ўчасткаў для работы, новыя тэхналогіі – усё гэта аснова дзейнасці нашага прадпрыемства. Непасрэдна мая задача заключаецца ў тым, каб сачыць за захаваннем тэхналагічнага працэсу, якасцю выпускаемай прадукцыі.
Два гады таму на заводзе быў рэалізаваны імпартазамяшчальны праект па раскроі пяці- і сяміслойнага кардону, з якога сшываецца гофратара, прызначаная для ўпакоўкі прадукцыі.
– Да яе якасці патрабаванні высокія, – гаворыць Аляксандр. – Яна павінна быць трывалай, каб дэталі для ліфтаў маглі дастаўляцца ў цэлым выглядзе, непашкоджанымі.
На электрамантажным участку, дзе ў большасці працуюць жанчыны, збіраюць пасты кнопачнай рэвізіі, блокі зажымаў і іншую прадукцыю, рупіцца другая палавінка Аляксандра Кулянковіча Вераніка. Менавіта на заводзе і адбылося іх знаёмства, якое хутка перарасло ў дружную сям’ю, дзе зараз падрастаюць пяцігадовыя трайняты – Ева, Аліса і Максім.
Бегамльчане Кулянковічы ўсёй душой любяць гарадскі пасёлак, працуюць на карысць свайго завода і ганарацца, што з’яўляюцца часткай яго калектыву.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.