Очередной день сельсовета прошел в Докшицком районе

photo_2025-07-01_14-57-47

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч і з удзелам старшыні райвыканкама Сяргея Абіралы прайшоў чарговы дзень сельсавета, гэтым разам – Докшыцкага.

Перш чым заслухаць справаздачу аб рабоце, якая праводзіцца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі, былі агучаны пытанні і просьбы, з якімі жыхары сельсавета звярнуліся падчас правядзення прыёмаў грамадзян.

Жыхарка аграгарадка Барсукі пацікавілася, ці мае яна права прыватызаваць арэнднае жыллё. Вузкім асартыментам тавараў у краме і аўтакрамах незадаволены ў Чырвоным Беразіне, Восаве, Касцюках і Антонах. Заасфальтааць вуліцы прасілі ў вёсках Лапуты і Падомхі. У Камайску паскардзіліся, што зямельныя ўчасткі, дзе раней стаялі старыя хаты, зараслі і не абкошваюцца. Ці спраўна працуюць вулічныя ліхтары, трэба праверыць у вёсках Восава і Падомхі. Ва ўсіх пытаннях кіраўнік раёна даручыў разабрацца адпаведным службам і ў першую чаргу звярнуць увагу на асартыментны пералік тавараў у аўтакрамах.

photo_2025-07-01_14-57-47 (2)

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч:
– З практыкі бачна, што падчас правядзення дня сельсавета можна вырашыць многія праблемы на месцах. Сёння, як ніколі, застаецца актуальным пытанне абкошвання населеных пунктаў, уключэння ў абарот пустых участкаў. Гэта работа павінна быць арганізавана на належным узроўні.

На тэрыторыі Докшыцкага сельсавета знаходзіцца 26 населеных пунктаў, парадак у якіх дапамагаюць наводзіць падшэфныя арганізацыі.

– Так, работнікі хлебазавода высеклі стары сад у завулку Цэнтральным у Лапутах, – паведаміў старшыня мясцовага сельскага Савета дэпутатаў Анатолій Сценнік. – Засталося толькі правесці раскарчоўку зямельнага ўчастка і размясціць на сайце інфармацыю пра тое, што ён выдзяляецца пад новае будаўніцтва. Дзве гаспадарчыя пабудовы і 50 метраў старога плоту разабралі ў Касцюках кааператары. Камунальшчыкі і рэсаўцы працавалі ў Камайску, Чырвоным Беразіне, Козіках і Янках. Там яны зрэзалі аварыйныя дрэвы.

На тэрыторыі сельсавета размешчаны чатыры помнікі землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і адно воінскае пахаванне на могілках у Восаве. На працягу апошніх чатырох гадоў іх адрамантавалі. Грошы на правядзенне работ былі выдзелены з Беларускага фонду міру, рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК. Дарэчы, помнікі знаходзяцца на балансе аддзела культуры райвыканкама. Парадак каля пахаванняў падтрымліваюць Барсукоўская школа, ААТ “Барсучанка”, ААТ “Таргуны”, Янкоўская бібліятэка, раённыя арганізацыі “БТПР, “БРСМ”, сацыяльна-педагагічны цэнтр, раённы Савет ветэранаў, а таксама мясцовыя жыхары.

У рамках рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў распачаты работы па абуладкаванні месца адпачынку ў Козіках. У Камайску вяскоўцы ахвяравалі грошы на замену драўлянай агароджы на могілках, а таксама высеклі кустоўе. Тэхніку выдзеліў камунгас.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі” ў Турках быў прададзены дом за базавую велічыню. Яшчэ адзін, у Пералоях, прызнаны судом безгаспадарчым і перададзены ў камунальную ўласнасць. Калі прадаць яго не ўдасца, то будзе прымацца рашэнне аб зносе.

– Докшыцкі сельсавет – адзін з тых, дзе найменш праблем з добраўпарадкаваннем, бо людзі самі актыўна наводзяць парадак, і не толькі каля сваіх сядзіб, – адзначыў
Сяргей Абірала падчас выніковага пасяджэння.

Анатолій Сценнік падкрэсліў, што актыў сельсавета і ў далейшым будзе вырашаць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва і займацца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ,
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *