На доверии и уважении строят свою семью Максим и Екатерина Гончаровы из Бегомля

IMG_1777 с

Сужэнцы Максім і Кацярына Ганчаровы з Бягомля сёлета гучна заявілі пра сябе на раённым этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Маладая сям’я, саюзу якой менш за год, стала пераможцай і прадставіла наш раён у вобласці. Яркай зорачкай іх выступлення стаў маленькі Жэнечка, які спяваў, танцаваў і ўсім сваім выглядам дэманстраваў, што жыве ў шчасці і любові.

– Мой муж – мая крэпасць! – гаворыць Кацярына. – Побач з ім і я адчуваю ўпэўненасць у сваіх сілах. Ведаю, што ён заўсёды падтрымае, нягледзячы ні на што. Так было і на конкурсе. Калі для мяне ўдзел у мерапрыемствах – звычайная справа, бо захапляюся спортам і пастаянна выступаю на раённых спаборніцтвах, то Максім стаў канкурсантам упершыню. Канечне ж, хваляваўся, але нават выгляду не падаваў. Яго ўпэўненасць вельмі дапамагала мне. Так і дома. Ён і есці згатуе, і парадак навядзе, і сына дагледзіць.

Кацярына родам з Беразіна. Працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча. Акрамя таго, з’яўляецца класным кіраўніком. Максім – з Пастаўшчыны. Не раздумваючы, прыехаў за сваёй каханай у Бягомль. Уладкаваўся на завод “Ветразь”. Маладая сям’я набыла ў пасёлку дом. Ёсць у Ганчаровых агульны інтарэс – гэта падарожжы. Ініцыятар іх звычайна Максім.

– Лічу, што сям’я грунтуецца на разуменні, даверы і павазе, – заўважае Каця. – У нас якраз так. У гэтым і шчасце.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *